Анджэй Пісальнік – адзін з найлепшых сярод 80 журналістаў з усіх кантынентаў


Гарадзенец атрымаў прэстыжную ўзнагароду ў намінацыі «Журналіст паланійнага выдання».

У суботу ў Гдыні (Польшча) уручалі ўзнагароды імя Мацея Плажыньскага (Maciej Płażyński). Іх даюць журналістам і медыям, што сваёй штодзённай працаю ўзмацняюць сувязі палякаў, якія жывуць па-за межамі Польшчы, з суайчыннікамі на радзіме і дбаюць пра добрае імя Польшчы за мяжою.

Анджэй Пісальнік працуе для выданняў неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі: штомесячніка «Magazynu Polskiego» і «Głosu znad Niemna». Журы ацаніла артыкулы, у якіх ён уздымае важныя для палякаў праблемы, у тым ліку – пра даступнасць адукацыі на польскай мове ў Беларусі. Узнагарода ўзнікла 2 гады таму, сёлета разглядаліся 80 намінантаў з 18 краінаў, якія рэпрэзентуюць усе кантыненты.

Сёлета ўзнагароды дасталіся таксама журналістам, якія працуюць для першага каналу польскага тэлебачання (TVP-1), выданняў «The New York Post», «Monitor Polonijny» (Славаччына), «Dziennik Polski – Polish Daily News» (Нью-Ёрк), «Radiо Wnet» (Польшча).

Узнагароду ініцыяваў «Press Club Polska», Якуб Плажыньскі, мэры Гданьску, Сопату і Гдыні, маршалак Паморскага ваяводства і Фундацыі Паморскай. Ганаровыя патроны – маршалак Сенату Польшчы і міністр замежных справаў.

АК, belsat.eu, паводле «Dziennik Bałtycki»

Стужка навінаў