Альбом «Прэс-фота Беларусі–2011» прызналі экстрэмісцкім


Але што з гэтага вынікае – невядома… Паводле фатографа Юліі Дарашкевіч, суд толькі прыйшоў да высновы аб экстрэмізме, аднак у прысудзе не кажацца пра тое, што будзе з канфіскаванымі асобнікамі і тымі, што ўжо трапілі ў кнігарні.



Вядома толькі, што з “фатографаў-экстрэмістаў” будзе спагнана па 217.5 тысячаў рублёў дзяржаўнай пошліны і на аплату судовых выдаткаў.

Як паведаміла “Белсату” Юлія Дарашкевіч, журналісты будуць абскарджваць рашэнне ашмянскага раённага суда ў кожнай магчымай інстанцыі. Журналісты спадзяюцца на пазітыўны вынік апеляцыі, узгадваючы справу часопіса “Архэ”, супраць якога крымінальную справу ўсё ж такі не ўзбудзілі

Менавіта гэтыя альбомы былі сканфіскаваныя ў фатографаў Юліі Дарашкевіч і Аляксандра Васюковіча 2 лістапада 2012 года на прымежным пераходзе «Каменны Лог». Спачатку альбомы планавалася спаліць, бо мытная экспертыза прызнала іх незаконнымі, аднак пасля альбомы былі скіраваныя на больш дакладнае правяранне.

У экспертную камісію, якая ацэньвала фотаальбом, увайшлі загадчык кафедры крымінальнага права і крыміналогіі юрфаку Гарадзенскага Дзяржаўнага Універсітэта Вадзім Хілюта, загадчыца кафедры замежных моваў ГрДзУ Аксана Шульга і старэйшы выкладчык дызайну факультэту мастацтваў Аляксандр Бондар, а гэтаксама начальнік упраўлення ідэалагічнай працы Гарадзенскага аблвыканкаму Павел Скрабко, які раней шукаў у тэкстах журналіста Анджэя Пачобута паклёп на прэзідэнта і дыскрэдытацыю Беларусі.

У выніку гарадзенскае абласное ўпраўленне КДБ звярнулася ў суд з патрабаваннем прызнаць экстрэмісцкім змест фотаальбомаў «Прэс-фота Беларусі–2011». Спасылаючыся на даведку ад экспертнай камісіі, КДБ паведамляе, што альбом утрымлівае «скажоныя, не адпаведныя рэчаіснасці домыслы пра жыццядзейнасць Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай ды іншых сферах».

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў