Вырак суда над «экстрэмісцкім фотаальбомам» аб'явяць заўтра (абноўлена)


Што пагражае фатографам-“экстрэмістам”? Выраку яшчэ няма, але аўтараў «Прэс-фота Беларусі – 2011» просяць забраць выданне з кніжных крамаў.

Заўтра ў Ашмянах суд мусіць вырашыць, ці змест фотаальбому «Прэс-фота Беларусі – 2011» экстрэмісцкі. Паводле беларускага заканадаўства, калі рашэнне суда будзе станоўчае, усе асобнікі выдання знішчаць.

Падзеі ж могуць прыняць і іншы кірунак: фатографаў і выдаўцоў альбому могуць прыцягнуць да адказнасці за выраб, распаўсюджванне і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 17.11 Кодэксу адміністратыўных правапарушэнняў). Тады ім пагражае штраф да Br 5 млн (50 базавых велічыняў) або адміністратыўны арышт “з канфіскацыяй прыладаў і сродкаў здзяйснення ўказанага парушэння”. У выпадку юрыдычнай асобы штраф можа сягнуць Br 50 млн (500 базавых велічыняў).

Юлія Дарашкевіч падала на сваім акаўнце ў “Facebook’у”: “Яшчэ рашэння суда няма, а ўжо патэлефанавалі мне з “Кніжнага салону” на Калініна і папрасілі забраць альбомы, бо яны не хочуць іх больш прадаваць”.

16.30

Суд паведаміў, што абвесціць вырак у справе заўтра, 18 красавіка, а 16:00. “А сёння ў іх папера скончылася?”, – жартуюць інтэрнаўты.

16.00

Каментар Андрэя Пачобута на “Facebook’у”: У мяне дэжавю

“Сяджу сабе ў судзе Ашмянскага раёну і слухаю, як КДБ дамагаецца прызнаць альбом “Прэс-фота Беларусі” экстрэмісцкім… Галоўны эксперт – Павел Скрабко, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Гарадзенскага аблвыканкаму. Апошні раз з ім бачыліся ў судзе Ленінскага раёну Горадні. Я сядзеў у клетцы, а ён быў экспертам, які тлумачыў, чаму гэта правільна. Цяпер у мяне дэжавю”.

Суддзю чамусьці цягне на вясковае. Хельсінкскі камітэт у ягоных вуснах стаў “сельскенскім”.

Прадстаўніца КДБ паведаміла, што экспертыза наогул была неабавязковая і што яны самі маглі б знайсці экстрэмізм у фотаальбоме.

15.30

Адвакат запытаўся, ці пры аналізе подпісаў пад здымкамі выкарыстоўваўся слоўнік Ожагава. Ідэолаг Павел Скрабко адказаў, што выкарыстоўваліся больш пашыраныя ва ўжытку слоўнікі расейскай мовы (насамрэч, подпісы пад фота былі па-беларуску і англійску. Якія ж подпісы аналізаваў ідэолаг?).

Сярод моўных «перлаў» чыноўніка: «Шарыкі на твары прэзідэнта не дадаюць яму папулярнасці; падборка такая, што ствараецца ўражанне, што тут толькі гуляюць у даміно, хаваюць і мітынгуюць» (паводле паведамлянняў Юліі Дарашкевіч на “Facebook’у”).

15.00

Адвакат абароны запатрабаваў ад КДБ даказаць кампетэнтнасць экспертаў, паводле якіх фотаальбом – экстрэмісцкі. Высветлілася, што першая адукацыя ідэолага Скрабко – апрацоўванне металаў. Ён тлумачыў на судзе, што міліцыянты не збівалі людзей на плошчы, а абаранялі закон і парадак.

14.30

Здымак пра святкаванне Дзядоў Аляксандр Васюковіч зрабіў на Ашмяншчыне Здымак пра святкаванне Дзядоў Аляксандр Васюковіч зрабіў на Ашмяншчыне Фатограф Аляксандр Васюковіч паказаў суддзі здымкі коней у тумане і абрад Дзяды, сказаўшы, што гэтыя здымкі прэзентуюць краіну ў найлепшым выглядзе.

Афіцыйныя асоба не перастаюць весяліць удзельнікаў працэсу. Суддзя, між іншым, прамовіў: «… агракамітэт конкурсу».

Прадстаўніца КДБ казала «экспертная камісія», «экспертная ацэнка» – з націскам на першае “Э”.

14.00

Пасля перапынку, судовы працэс быў абвешчаны адкрытым.

Суддзя адхіліў хадайніцтвы наконт далучэнні 40 «экстрэмісцкіх» фотаальбомаў да справы і допуску да працэсу Паганяйлы і Бастунца. Таксама адхілілі хадайніцтвы аб альтэрнатыўнай экспертызе, аб закрыцці справы і фота- відэаздымках падчас працэсу, піша на сваім акаўнце ў «Facebook’у» фатограф Юлія Дарашкевіч.

Перад паседжаннем

«Мы здымаем тое, што бачым, і ні да чаго не заклікаем, – зазначае фатограф Аляксандр Васюковіч, фотаздымак якога экспертная камісія прызнала экстрэмісцкім. – Мне здаецца, што хтосьці захацеў выслужыцца. Ніякага іншага лагічнага тлумачэння я да гэтай сітуацыі не маю».

«Мне гэта сітуацыя нагадвае цырк, і шкада, што працэс закрыты, што шырокая грамадскасць не пабачыць таго, што там адбываецца, – сказала адна з арганізатарак конкурсу «Прэс-фота Беларусі – 2011» Юлія Дарашкевіч перад пачаткам паседжання. – Здымкі, што патрапілі ў альбом, гэта зрэз падзеяў, якія адбываліся ў 2010 годзе. Што самае абсурднае, прэтэнзіі шаноўных экспертаў былі не толькі да здымкаў, што мелі палітычны кантэкст, але і да здымкаў у рубрыцы «спорт», «прырода».

{movie}Юлія Дарашкевіч: Што экстрэмісцкага ў альбомах?|right|10248{/movie}

Гарадзенскае абласное ўпраўленне КДБ звярнулася ў суд з патрабаваннем прызнаць экстрэмісцкім змест фотаальбомаў «Прэс-фота Беларусі – 2011». Спасылаючыся на даведку ад экспертнай камісіі, КДБ паведамляе, што альбом утрымлівае «скажоныя, не адпаведныя рэчаіснасці домыслы пра жыццядзейнасць Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай ды іншых сферах».

У экспертную камісію, якая ацэньвала фотаальбом, увайшлі загадчык кафедры крымінальнага права і крыміналогіі юрфаку ГрДзУ Вадзім Хілюта, загадчыца кафедры замежных моваў ГрДзУ Аксана Шульга і старэйшы выкладчык дызайну факультэту мастацтваў Аляксандр Бондар, а гэтаксама начальнік упраўлення ідэалагічнай працы Гарадзенскага аблвыканкаму Павел Скрабко, які раней шукаў у тэкстах журналіста Анджэя Пачобута паклёп на прэзідэнта і дыскрэдытацыю Беларусі.

М.Я., М.Л., belsat.eu

Стужка навінаў