Бостанскі тэракт: трое загінулых, больш за сотню пацярпелых (дапоўнена)


Падчас правядзення традыцыйнага Бостанскага марафону прагрымелі два выбухі. Загінулі 3 асобы, у тым ліку 8-гадовае дзіця, параненыя больш за 100 асобаў.

Першы выбух адбыўся праз чатыры гадзіны пасля старту мужчынскай гонкі. Другі – літаральна праз некалькі секунд пасля першага. У гэты момант дзясяткі камераў былі скіраваныя на трасу, на якой праходзіць марафон. Абодва эпіцэнтры выбухаў былі непадалёк фінішу марафонскай трасы.

{movie}Момант выбуху падчас Бостанскага марафона|right|10228{/movie}

У шпіталі адвезлі больш за 100 асобаў, некаторыя з іх – з цяжкімі раненнямі. Паводле медыкаў, шмат хто мае пашкоджанні ад дробных металічных прадметаў. «Але нам цяжка сказаць, ці гэтыя прадметы былі начыннем бомбы, ці аскепкамі, што утварыліся ад выбуху», – паведаміў журналістам Пітэр Фэгенголц (Peter Fagenholz), хірург-траўматолаг Масачусэцкага шпіталя.

Хто ўчыніў тэракт?

Расследаваннем выбуху займаецца паліцыя і ФБР, пра затрыманні падазраваных пакуль не паведамляюцць.

Даведка «Белсату»

Бостанскі марафон – адна з самых вядомых падзеяў гэткага кшталту, ладзіцца з 1897 года і прыцягвае дзясяткі тысячаў гледачоў. У сёлетнім марафоне бралі ўдзел больш за 25 тысячаў спартоўцаў з 97 краінаў свету.

Прэзідэнт Злучаных Штатаў Барак Оўбама выступіў з адмысловым зваротам да нацыі, падчас якога заявіў, што следства будзе дакладна высвятляць акалічнасці выбухаў, пры гэтым кіраўнік краіны ўстрымаўся ад выкарыстання слова «тэракт».

Пакуль ніхто не ўзяў на сябе адказнасці за выбухі.

Амерыканскія медыі паведамляюць, што на тэрыторыі Бостану знайшлі яшчэ выбуховыя прыстасаванні ды іх лік можа даходзіць да пяці, аднак афіцыйна гэтай версіі не пацвярджаюць.

Салідарнасць бостанцаў

Праз некалькі гадзінаў пасля выбуху ў сацыяльных сетках з’явіліся прапановы жыхароў Бостану аб дапамозе спартоўцам і гледачам, якія прыехалі на марафон. Неўзабаве ў інтэрнэце з’явіўся інтэрактыўны спіс, у якім жыхары Бостану прапаноўваюць начлег і нават харчаванне для тых, хто з прычыны тэракту вымушаны затрымацца ў горадзе, або для родных пацярпелых. Цяпер гэты спіс налічвае некалькі сотняў прапановаў дапамогі.

М.Л., belsat.eu

Стужка навінаў