У Менску пачаў фармавацца "комікс-клуб"


Менск пачынае вымалёўвацца ў тэхніцы коміксу. Яшчэ нядаўна адкрылася першая ў Беларусі крама з кніжкамі ды часопісамі, выкананымі ў гэтым жанры, а ўжо ў сталічны ДК “La Mora” завіталі прасунутыя расейскія госці. Каб вучыць нас маляваць, выказваць праз коміксы свой пратэст і паказваць кожнаму, што ён можа быць Бэтмэнам, Робінам і Супержанчынаю.

Стваральнікі міжнароднага комікс-праекту “Респект” прывезлі з сабою выставу гатовых працаў, а таксама выпрабоўвалі нашых каміксістаў.

“Задачаю было намаляваць сябе, свой дом і свой край. То бок, Менск, Гомель, Оршу, – тлумачыць маскоўская госця, куратарка фестывалю «Комиссия» Ганна Варанкова. – А таксама сябе праз 5 гадоў – дзе будзеш жыць, чым займацца. Такім чынам мы ўбачылі, хто малюе: аказалася, што каміксістаў тут нашмат больш, як мы меркавалі. Прыйшлі каля 30 чалавек, прыкладна палова неяк звязаныя з коміксамі, ілюстрацыяй, мастацтвам. Іншыя – звязаныя з сацыяльнымі праблемамі. Мы вельмі задаволеныя”.

{movie}Агляд культуры|right|10218{/movie}

Праект “Респект” – гэткі антыфа-рух каміксістаў. Яго стварылі, каб у каляровай комікс-плашчыні аформіць ідэю павагі да людзей розных нацыяў, пазіцыяў і рэлігіяў. На сёння, як кажа актывіст праекту “Респект” Аляксей Ёрш, выдадзеныя колькі дзясяткаў кніжак коміксаў малым фарматам ды вялікім накладам – колькі соцень асобнікаў кожная.

На думку арганізатараў сустрэчы, у Менску пачаў фармавацца свой комікс-клуб.

Іншыя тэмы: выстава васкавых фігураў у Нацыянальным гістарычным музеі, гурт “Akute” з новаю праграмаю ў Менску, ню-эйджавы канцэрт легендарнага мультыінструменталіста Yanni.

Адэля Дубавец, belsat.eu

Стужка навінаў