Пінскія ўлады залезлі ў кішэню настаўнікам, каб збудаваць царкву?


Ува ўсіх настаўнікаў пінскіх школаў, садкоў ды іншых навучальных установаў гвалтам адлічылі з заробкаў па Br 60 тыс., з малааплочвальных працаўнікоў – па Br 30 тыс. і па Br 100 тыс. – з кіраўнікоў.

Недахоп заробку аргументавалі гэтак званаю «дабрачыннаю дапамогаю». Гэтыя грошы, паводле рашэння Пінскага гарвыканкаму, накіруюць на заканчэнне будаўніцтва Царквы Раства Прасвятой Багародзіцы.

Работнікаў папярэдзілі пра тое за тыдзень да атрымання заробку.

Ніхто гучна не выказаўся супраць гэтага пабору. Але ж у прыватных размовах абураюцца, асабліва тыя, хто трымаецца не праваслаўнай веры ці атэіст.

«Я – праваслаўная, але мне гэта не падабаецца. У царквы дастаткова грошай, святары ездзяць на дарагіх машынах, а ў цэрквах існуе прэйскурант коштаў на хрышчэнне, адпяванне ды іншыя таінствы. А калі ў чалавека няма грошай, то святары адмаўляюцца выконваць свае абавязкі. А нам лезуць у кішэню!», – зазначае настаўніца пінскай школы.

У «квітучай» Беларусі стала сістэмаю на самыя розныя патрэбы дзяржавы, мясцовых ўладаў і нават незалежнай ад дзяржавы царквы збіраць грошы з працоўных. Збіраюць іх па-рознаму. Бывае, пад выглядам суботнікаў або паводле рашэння мясцовых уладаў.

Кіраўніцтва аддзелу адукацыі Пінскага гарвыканкаму адмовілася даваць каментары нашаму тэлеканалу наконт гэтай сітуацыі.

М.Л., belsat.eu

Стужка навінаў