У Горадні ўсё ж такі дазволілі экскурсіі ў межах «Фэсту экскурсаводаў»


Маштабная краязнаўчая акцыя пройдзе 20–21 красавіка. Летась Горадня была адзіным горадам, дзе фэст не дазволілі.

Задоўга да даты фэсту «Беларускі камітэт ІКАМОС» напісаў у гарвыканкам ліст з просьбаю дазволіць правядзенне экскурсіяў і аказаць інфармацыйную дапамогу. Папярэдне арганізатары атрымалі згоду мясцовых уладаў.

«Мы даслалі афіцыйныя лісты ў адміністрацыі тых гарадоў, дзе плануецца больш за тры экскурсіі. Гэта – усе абласныя цэнтры», – паведаміў прадстаўнік беларускага ІКАМОСу Цімох Акудовіч.

Гарадзенскія гіды правядуць экскурсіі, якія не адбыліся летась: «З гісторыі гарадзенскай чыгункі», «Горадня маргінальная ў пачатку ХХ ст. », «Кінатэатральная Горадня».

«Апроч гэтага, мы прыдумалі новыя маршруты: «Вандроўка па занёманскім фарштаце», экскурсія па Уладзімірскай царкве і аніманаваная экскурсія для дзяцей», – распавяла гарадзенская краязнаўца Таццяна Касатая.

Поўны спіс экскурсіяў Горадні ды ў іншых гарадах даступны на сайце «Фэсту экскурсаводаў».

Летась напярэдадні экскурсіяў участковыя міліцыянты абышлі ўсіх вядоўцаў вандровак і папярэдзілі пра адміністратыўную адказнасць. Праваахоўнікі сцвярджалі, што неабходна было заранёў падаць заяву ў гарвыканкам на правядзенне масавага мерапрыемства.

Гэта быў прэцэдэнт, бо экскурсіі ў іншых гарадах у межах «Фэсту экскурсаводаў» увагі міліцыі не выклікалі. Гарадзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч напісаў заяву мясцовым уладам. Ён прасіў патлумачыць, ці ёсць экскурсія масавым мерапрыемствам і, калі так, ці значць гэта, што любая турыстычная вандроўка ў горадзе можа праводзіцца толькі пры наяўнасці пісьмовага дазволу старшыні гарвыканкаму. Адказ чыноўнікаў быў настолькі лаканічным, што для многіх выглядае нелагічна: «Гарадскі выканаўчы камітэт – установа, якая можа адказаць на Вашае пытанне».

Аліна Каранкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў