У Горадні зладзілі фотапаляванне на імгненне


Акцыя «Спыні імгненне ў Горадні!», зарганізаваная грамадскай ініцыятываю «Варштат ідэй» мела на мэце за адзін дзень увасобіць у фотаздымках усе 329 архітэктурных помнікаў Горадні, занесеных у Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Узяць удзел у акцыі мог любы ахвочы. Усяго тых, хто жадаў спыніць момант з гарадзенскай гісторыі ў аб’ектыве свайго фотаапарата, сабралася каля 25 асобаў. Удзельнікі атрымалі адмысловыя карткі з назвамі вуліц і пералікам каштоўнасцей.

Галоўнаю задачаю было сфатаграфаваць будынкі з усіх бакоў. «Помнік – ён з усіх бакоў помнік, а не толькі з фасаду», – зазначыў адзін з арганізатараў Зміцер Бандарчук.

А за фасадам, ва ўнутраных дварках, звычайна пачынаецца «самае цікавае», і менавіта адтуль лепш за ўсё назіраць за аховаю помнікаў, пазначаных шыльдачкамі «Ахоўваецца дзяржаваю».

«Я была ў жаху ад таго, што ўбачыла ва ўнутраных дварках, куды раней звычайна не заходзіла. Я паглядзела на Горадню іншымі вачамі, убачыла, што самыя струхнелыя нашыя будынкі – гэта і ёсць гісторыка-культурныя каштоўнасці», – гаворыць гарадзенка Марыся, удзельніца акцыі.

Другою часткаю акцыі была краязнаўчая віктарына, пераможца якой атрымаў падарунак. А напрыканцы ўсіх чакаў сюрпрыз – экскурсія на вежу фарнага касцёлу, дзе самы старажытны працоўны гадзіннік Еўропы адлічвае тыя моманты гарадзенскай гісторыі, што імкнуліся спыніць удзельнікі акцыі.

Гісторыя Горадні цікавіць не толькі гарадзенцаў. Спыняць імгненні гарадзенскай сучаснасці прыехалі госці з Менску, з Віцебшчыны. «Мне цікава ўсё, што звязанае з беларускай гісторыяй, тое, што можа дапамагчы захаваць помнікі. Таму я далучылася да гэтай акцыі, – распавяла Эля з Паставаў. – Я лічу, што мы зрабілі добрую справу. Нашыя нашчадкі змогуць убачыць, як у нашай маладосці выглядалі гарадзенскія вулачкі, будынкі».

Дзяўчына так захапілася акцыяй, што вырашыла зладзіць нешта гэткае ў сваіх родных Паставах. «Хачу знайсці людзей, якія б падтрымалі гэтую ідэю і захапіліся ёй. Бо чаму не? Калі мы хочам, каб спадчына захоўвалася, мы мусім рабіць нейкія крокі ў гэтым кірунку. Калі мы гэтага не зробім, то наўрад ці нехта іншы, нехта з чынавенства зоймецца гэтым».

Арганізатары: Мы імкнуліся далучыць людзей да спадчыны Горадні.

Па выніках акцыі сябры ініцыятывы «Варштат ідэй» збіраюцца стварыць каталог, а гэтаксама віртуальную інтэрактыўную мапу архітэктурных каштоўнасцей Горадні.

Фотакаталог помнікаў, на думку гарадзенскага гісторыка Таццяны Касатай, можа быць карысным і для ўратавання лёсу некаторых з іх. «Мы бачым, што сёння адбываецца з гарадзенскаю спадчынаю. Дзесьці выбіваюцца дзверы замест вокнаў, з’яўляюцца расколіны ў сценах будынкаў… Сталага сістэматычнага маніторынгу стану помнікаў няма. Нашыя здымкі пакажуць стан на сённяшні дзень, і калі нешта будзе з гэтым будынкам адбывацца, нам будзе на што абапірацца, калі давядзецца абараняць помнік».

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў