«Палёт Гагарына ў космас быў перформансам»


Пра беларусаў у космасе і космас у сённяшнім жыцці – «Размова Жбанкова» з паэтам Усеваладам Сцебуракам.

Чаму палёты ў космас сёння ўжо не мае таго значэння ў жыцці простых беларусаў, як калісьці? Паводле госця праграмы, прычына ў тым, што гэтая з’ява страціла характэрную для савецкіх часоў сакральнасць і ўжо не выклікае трымцення. Са сферы палітычнай яна перайшла ў прастору гульняў і кіно. «Раней касманаўты былі героямі. Цяпер касманаўт – гэта проста прафесія», – лічыць Усевалад Сцебурака.

Праўда, для некаторых краінаў «са старою сістэмаю гонкі» (напрыклад, для Кітаю) засваенне космасу застаецца справаю нацыянальнага прэстыжу і гонару. «Расейцы з амерыканцамі ўжо не саромеюцца лятаць разам, каб эканоміць грошы», – дадае суразмоўца.

Беларусы лічаць сваймі савецкіх касманаўтаў Пятра Клімука і Уладзіміра Кавалёнка. шмат хто ўважае за беларуса і нарадзінца Менскай вобласці Уладзіміра Навіцкага, які летась у кастрычніку стартаваў стартаваў з касмадрому «Байканур», каб правесці год на міжпланетнай касмічнай станцыі. Некаторыя згадваюць і пра карані Юрыя Гагарына ды Валянціны Церашковай. Паводле Усевалада Сцебуракі, кожная нацыя збірае пантэон сваіх герояў, але ён не ўпэўнены, што варта шукаць іх сярод касманаўтаў, якія праходзяць інтэрнацыянальную школу і «ў найменшай ступені ёсць носьбітамі канкрэтнай культуры».

Наступнае пытанне: калі б госць праграмы кіраваў дзяржаўнаю касмічнаю праграмай Беларусі, хто паляцеў бы першым? «Калі б умовы былі спрыяльныя, дык творцу, які ўсё збіраецца напісаць класную кніжку, але ўсё часу ў яго няма – творчая камандзіроўка. А калі неспрыяльныя ўмовы – ёсць у нас тыя, каго не шкада, і вы іх ведаеце», – адказаў суразмоўца. «Касмічная праграма для Беларусі – як пабудова «Тытаніка»: тое, без чаго можна абысціся», – дадаў ён.

{movie}Усевалад Сцебурака ў “Размове Жбанкова”|right|10200{/movie}

Госць і вядоўца праграмы прыходзяць да высновы, што палёт Юрыя Гагарына нічога не змяніў у штодзённасці «сярэднестатыстычнага планецяніна», а ўсю акцыю можна назваць перформансам, які на доўгі час адцягнуў увагу людзей ад рэальных праблемаў, а самога піянера зрабіў поп-зоркаю.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў