ААН аднавіла багны, улады зноў асушаць


Заказнік мясцовага значэння «Вецярэвіцкі» ў Пухавіцкім раёне Менскай вобласці аказаўся на мяжы знішчэння. Экалагічныя актывісты адправіліся ў заказнік, каб сабраць подпісы сярод мясцовых жыхароў для яго абароны.

{movie}Выратаваць Верацэвіцкія багны|right|10155{/movie}

Праграма развіцця ААН (ПРААН) выдаткавала больш за мільён долараў на аднаўленне асушаных тарфянікаў у нашай краіне. Між іншымі, выратавалі багны Дакудоўскае і Марочна, якія, хоць і ў межах заказніку, маюць быць асушаныя. Гэта прадугледжанае праграмаю «Торф» і пастановаю № 794 «Аб некаторых пытаннях здабычы торфу і аптымізацыі сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторыяў».

Мясцовыя жыхары ахвотна ставілі подпісы ў абарону заказніку. Для іх гэта адна з асноўных крыніцаў прыбытку – у заказніку яны збіраюць грыбы і журавіны.

Жыхарка вёскі Забалацце Аляксандра Віршыц распавяла актывістам-эколагам, што амаль усе беспрацоўныя навакольных вёсак кормяцца толькі за кошт сабраных у заказніку журавінаў.

Жыхар вёскі Хатляны Юрый Трухан падпісаў зварот, бо лічыць неабходным захаванне заказніку. «Каб нашым дзецям хоць штосьці засталося, каб захаваць хоць нейкія куткі прыроды. Цяпер усё загаджана, ураджаю поле практычна не дае, балотаў няма, лес далей адышоў на 15 кіламетраў. Хутка будзем хадзіць у лес, як у музей, паглядзець – там, аказваецца, дрэвы раслі», – зазначыў ён.

У сваю чаргу эколагі падкрэсліваюць, што менавіта дзякуючы багнам за паўсотню кіламетраў ад Менску захаваўся сасновы лес, якому прыкладна 170 гадоў. Тут растуць надзвычай рэдкія для цэнтральнага рэгіёну драбнаплодныя журавіны. На сямі гектарах заказніку растуць лапландская і чарнічная вербы. Апошняя, як і журавіны драбнаплодныя, – на мяжы знікнення і занесеная ў Чырвоную кнігу. Заказнік багаты на суніцы, чарніцы, рабіну, каліну, парэчкі. З лекавых траваў – на валяр’яну, зверабой, крываўнік, дуброўку ды іншыя.

Любое ўмяшанне ў глебы заказніку – торфараспрацоўкі, меліярацыя – недапушчальнае, лічаць эколагі, інакш заказнік загіне.

У.Ш., паводле БелаПАН, belsat.eu

Стужка навінаў