Быць геем – грэх ці сведчанне дэмакратычных поглядаў?


Пра творцаў і сексуальную арыентацыю разважаюць у праграме «Чорным па белым» каталік і філосаф Пётра Рудкоўскі ды журналіст Сяргей Падсасонны.

Пётра Рудкоўскі лічыць патрэбным адрозніваць гомасексуальныя схільнасці, якія – не грэх, і практыкаванне гомасексуальных полавых зносінаў, якія, паводле філосафа, – амаральныя. Спадар Рудкоўскі зазначыў, што рэдка цікавіцца, якую сексуальную арыентацыю мае пэўны выбітны творца. «Калі даведваюся, то важна ведаць, ці ён прапагандуе гомасексуалізм і ці прэзентуе гэта як вярхоўную каштоўнасць жыцця», – зазначыў філосаф-хрысціянін.

{movie}Фрагмент праграмы “Чорным па белым” пра гомасексуалізм|right|10135{/movie}

Паводле Пётры Рудкоўскага, каханне паміж асобамі аднаго полу можа быць дапушчальным, але ні ў якім разе нельга адабраць гомасексуальны акт.

Журналіст «Белсату» Сяргей Падсасонны падкрэслівае: грамадства прызвычаілася да стэрэатыпу, што гомасексуал – гэта пераважна прадстаўнік творчых прафесіяў. Насамрэч, заўважыў журналіст, гэта не заўсёды так, але, тым не менш, нельга ацэньваць чалавека паводле ягонай сексуальнай арыентацыі. «Варта ўспрымаць людзей паводле адукаванасці, інтэлігентнасці ці выхаванасці і гэтак далей, а ўжо потым глядзець на іхную сексуальнасць, якая – другасная рэч».

На прэзентацыі твораў гомасексуальных творцаў, паводле журналіста, трэба прыходзіць дзеля іхных твораў, а не дзеля іхных упадабанняў сексуальнага характару.

Сексуальнасць, паводле Сяргея Падсасоннага, – гэта дапаўненне адносінаў дзвюх асобаў, але нельга ўсё зводзіць толькі да гэтай сферы. «Са сваім партнёрам я ўжо тры гады, які перадусім мой сябар, з якім варта пайсці у тэатр, варта кудысьці паехаць і варта паразмаўляць. Часамі мы размаўляем гадзінамі ды не можам наразмаўляцца».

Сяргей адзначыў, што ў Беларусі яго шантажаваў КДБ, страшачы, што ўсім раскажа пра сексуальную арыентацыю журналіста. «Я гэтага ніколі не хаваў. Усе сябры, блізкія да мяне людзі застануцца са мною ў любым выпадку, а тыя, хто адыходзяць – туды ім і дарога», – зазначыў белсатавец.

У Беларусі, паводле журналіста, пераследуюць кожную меншасць – беларускамоўных людзей, гомасексуалаў і гэтак далей. Беларускамоўным гомасексуалам у нашай краіне ўдвая цяжэй, падтрымала гэтую думку адна з вядоўцаў – Валярына. Паводле яе, у цяперашняй Беларусі словы «я – гей» могуць быць пэўнаю метафараю, пазіцыянаваннем дэмакратычных поглядаў.

Больш – у праграме «Чорным па белым», якая выходзіць на «Белсаце» ў аўторкі а 20:30 раз на два тыдні. Выданні праграмы даступныя ў нашым архіве, а таксама на нашым канале You Tube.

М.Я., belsat.eu

Стужка навінаў