Змітру Дашкевічу пагражаюць новымі крымінальнымі справамі?


Адвакат Павал Сапелка выехаў у Жодзінскае СІЗА, каб даведацца пра акалічнасці справы.

Як распавяла “Белсату” прэс-сакратарка “Маладога фронту” Таццяна Шапуцька, учора яна атрымала ліст ад зняволенага Дашкевіча: “Сярод іншай інфармацыі там была цікавая фраза: “Я думаю, што мне прышыюць яшчэ 1–2 “крыміналкі” – і тэрмінова папрасіў адваката”.
Таксама ў лісце Дашкевіч паведамляе, што ў камеры, разлічанай на 10 чалавек, утрымліваюцца 12 сядзельцаў, што інфармацыі з волі практычна ніякай няма, а яго некалькі разоў выклікалі на допыт працаўнікі КДБ, якія цікавіліся дзейнасцю арганізацыі.

Таццяна Шапуцька адзначае, што апошнія дні ўвага да арганізацыі з боку спецслужбаў рэзка ўзрасла. Маладафронтавец Уладзімір Яроменак, які ўчора мусіў выйсці з ізалятару на Акрэсціна пасля адбыцця 7-дзённага арышту, знайшоўся ў СІЗА КДБ. Актывіст падазраецца ва ўдзеле ў масавых закалотах. Сёння ж прайшоў ператрус на кватэры ў Мікалая Дземідзенкі, дзе некаторы час жыў і Уладзімір Яроменак.

Міжтым актывістам арганізацыі пачаў тэлефанаваць невядомы правакатар. Прэсінг з ягонага боку зазналі ўжо не менш як сем сябраў арганізацыі з усёй Беларусі. Паводле Таццяны Шапуцькі, невядомы ўсім распавядае, што сядзеў у адной камеры са Змітром Дашкевічам, ад яго і даведаўся нумары тэлефонаў. “Гэтая заява нас адразу насцярожыла, бо Зміцер не можа ведаць усе нумары напамяць, да таго ж многія з тых, каму тэлефанаваў правакатар, зусім нядаўна памянялі SIM-карткі”, – тлумачыць Таццяна Шапуцька.

Тэлефонны тэрарыст імкнуўся выцягнуць актывістаў на сустрэчу, каб “разам ісці вешаць расцяжкі” з патрабаваннем свабоды Дашкевічу. Прычым тэлефанаваў ён маладафронтаўцам па ўсёй Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў