Бабёр забіў жыхара Берасця


Жывёліна напала на аднаго з трох рыбакоў ды пракусіла яму сцегнавую артэрыю. Мужчына памёр да прыезду хуткай дапамогі.

Пра трагічны выпадак, што адбыўся 10 красавіка, паведамляе газета “Берасцейскі кур’ер”. Па дарозе на рыбалку трое сяброў заўважылі на ўзбочыне вялікага бабра ды вырашылі з ім сфатаграфавацца.

Бабёр накінуўся на аднаго з мужчынаў і двойчы ўкусіў яго за сцягно. Укусы былі настолькі моцныя і дакладныя, што была пашкоджаная сцегнавая артэрыя, паведамляе выданне. Рыбакі на аўтамабілі давезлі свайго сябра да найбліжэйшага населенага пункту, але ён памёр ад вялікай страты крыві да таго, як прыехала “хуткая”.

Паводле медыкаў, калі б рыбакам удалося правільна накласці жгут і спыніць кроў, то смерці можна было б пазбегнуць.

М.Л., паводле “Берасцейскага кур’ера

Стужка навінаў