Полька, якая трапіла ў беларускі "палон": Не разумею, за што мяне затрымалі


Сёння мелася развязацца справа грамадзянкі Польшчы Тэрэсы Стшэлец, якой улады Беларусі не дазваляюць выехаць з нашай краіны. Мытнікі патрабуюць сплаціць грошы за аўтамабіль, без ейнай згоды… імі ж прададзены! Жанчына трымае галадоўку. Да залагоджання канфлікту напоўніцу падключыліся прадстаўнікі польскага Міністэрства замежных справаў.

У беларускім “палоне” Тэрэса Стшэлец застаецца больш за месяц. Патрэбнага ёй рашэння ўладаў нашай краіны грамадзянка Польшчы сёння гэтак і не дачакалася. Таксама памыліліся і польскія дыпламаты, якія прадказвалі, што справа развяжацца якраз дзевятага красавіка.

{movie}Мытная пастка|right|10128{/movie}

МАРЦІН БАСАЦКІ, ПРЭСАВЫ САКРАТАР МЗС ПОЛЬШЧЫ:

“Наш амбасадар у Менску ўвесь час працуе з беларускім МЗС. Мы працуем і чакаем гуманітарнага падыходу да гэтай справы з боку ўладаў Беларусі. Спадзяемся, спадарыня Тэрэса перастане быць вязнем гэтай сітуацыі”.

Напярэдадні Тэрэса Стшэлец абвесціла галадоўку ў польскім консульстве ў Берасці. Хаця ў Варшаве ж і Менску заяўляюць, што справаю заняліся на самым высокім узроўні.

АЛЯКСЕЙ ЗЕЛЯНКО, АМБАСАДА БЕЛАРУСІ Ў ВАРШАВЕ:

“Магчыма, будзе прынятае рашэнне ў гэтай справе. Наколькі я ведаю, Тэрэса Стшэлец чарговы раз адмовілася плаціць мыта. Але мяркую, што, магчыма, будзе прынятае нейкае іншае рашэнне”.

Тэрэса Стшэлец летась пакінула ў Берасці свой аўтамабіль, які зламаўся па дарозе. А пазней сына механіка, які рамантаваў аўта, затрымалі за яго стырном міліцыянты. Машыну канфіскавалі ды перадалі яе мытнікам. Патрабуючы вяртання сваёй уласнасці, жанчына даведалася, што джып прадалі. Мытнікі пагадзіліся аддаць за яго грошы, але запатрабавалі сплаціць мыта памерам каля 20 тысяч еўраў. І хаця суд прызнаў гэта незаконным, на мяжы польцы анулявалі візу і забаранілі выезд з Беларусі. У пастцы, чакаючы магчымасці вярнуцца дадому, спадарыня Тэрэса ўжо больш за месяц.

ТЭРЭСА СТШЭЛЕЦ:

“Станоўчага адказу сёння няма, чакаю заўтра. Але я чакаю, галоўным чынам, магчымасці вярнуцца дадому. Не разумею, за што мяне затрымалі. Перакананая, што гэты інцыдэнт сведчыць пра невыкананне заканадаўства”.

Агучаная ў медыях справа Стшэлец выйшла ўжо і на міжнародны ўзровень. Сёння ў Бруселі пра сітуацыю гаварылі і на канферэнцыі “Дыялог мадэрнізацыі з беларускім грамадствам”.

ЕЖЫ ПАМЯНОЎСКІ, ВІЦЭ-МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ПОЛЬШЧЫ:

“Перадусім мы мусім абараніць грамадзянку нашай краіны. Цяпер яна мае прытулак і перабывае ў бяспечным месцы – пакуль гэта найважнейшае. Што да праходжання розных працэдураў у Беларусі, то гэта задача важная, але і цяжкая”.

Вельмі цяжкая. Як і вяртанне Тэрэсы Стшэлец да сваёй сям’і…

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў