Бандарэнка: Пакуль адныя былі ў турмах, другія прасілі ў Еўропы грошай для Лукашэнкі


Што больш дзейснае ў адносінах Еўразвязу з Беларуссю – пернік ці пуга, – гутарка ў «Гарачым каментары» з каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітром Бандарэнкам.

Аляксандр Мілінкевіч, Аляксей Янукевіч і Уладзімір Някляеў заклікалі: «больш Еўропы для Беларусі». Гэта мусіць выклікаць cтаноўчыя змены, якія маюць закрануць перадусім звычайных беларусаў: спрашчэнне візавага рэжыму, увядзенне малога прымежнага руху, палёгкі для малых і сярэдніх беларускіх фірмаў у ЕЗ ды пашырэнне адукацыйных праграмаў. Аднак ці не ёсць гэта наўпроставым прызнаннем рэжыму? Гэтак, Еўропа дае карты ў рукі дыктатару, піша з Лондану Андрэй Саннікаў. Паводле былога палітзняволенага, такія захады толькі пагоршаць становішча тых, хто застаецца ў турмах. Але выходзіць, што ў Бруселі пастанавілі чарговую спробу дыялогу з афіцыйным Менскам.

{movie}”Гарачы каментар”: Бандарэнка пра палітвязняў|right|10118{/movie}

Зміцер Бандарэнка падкрэсліў, што палітычная сцэна ў Беларусі практычна заўсёды была падзеленая, бо адныя з беларускіх апазіцыйных палітыкаў змагаліся ды сядзелі ў турмах, а другія ў гэты час ездзілі ў Еўропу і прасілі грошай для Лукашэнкі, называючы яго гарантам беларускай незалежнасці.

Мілінкевіч, Янукевіч і Някляеў, паводле палітыка, маскуюць сапраўдную мэту сваёй заявы, якая насамрэч – просьба да краінаў Захаду прызнаць дыктатуру Лукашэнкі.

Стаўленне да краінаў Азіі ў сусветнай палітыцы – зусім іншае, чымся да еўрапейскіх краінаў, адзначыў спадар Бандарэнка. Пэўнае кола людзей на Захадзе хоча гандляваць з Лукашэнкам і не рэагаваць на парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне, як Захад не заўважае палітвязняў, забойствы і гвалт у Кітаі, Чачэніі ды Сірыі. У Беларусі ж, падкрэсліў госць «Белсату», няма такіх ахвяраў, аднак змаганне вядзецца за кожнага палітвязня: «Лукашэнка ведае: калі ён пяройдзе пэўную мяжу, то будуць санкцыі ды жорсткая рэакцыя Захаду. У гэтым сэнсе вялікая заслуга беларускай апазіцыі – што мы дамагліся павагі да жыцця беларускага чалавека. Гэтыя пазіцыі не проста былі дасягнутыя, і за іх трэба змагацца ды не аддаваць проста так».

Зміцер Бандарэнка мяркуе, што вызваленне беларускіх палітвязняў мае адбыцца да восені, аднак для гэтага трэба ўзважаныя крокі з боку Захаду.

Падрабязнасці – у відэаматэрыяле.

М.Я., belsat.eu

Стужка навінаў