Ідылія самага беларускага рэгіёну Польшчы


Капанне бульбы, гавяда, што пасецца на лузе, і самабытныя вясковыя цэркаўкі… Юнак з Падляшша з дапамогаю фатаграфіі стараецца перадаць чароўнасць свайго роднага кутка зямлі.

Адам Фалькоўскі нарадзіўся ў Бельску-Падляскім на мяжы з Беларуссю. Рэгіён, з якога паходзіць 23-гадовы маладзён, лічыцца ў Польшчы самым беларускім: з усіх 47 640 польскіх грамадзянаў, якія лічаць сябе беларусамі, 96,6 % жывуць менавіта ў Падляскім ваяводстве, цэнтр якога – Беласток. У самым Бельску-Падляскім з колькасцю жыхароў каля 27 тыс. беларусы складаюць 65 %. Паводле перапісу, беларускую мову ў штодзённых зносінах ужываюць у Польшчы толькі 40,6 тыс. чалавек.

У шэрагу школаў ды гімназіяў Бельску сотні дзяцей вывучаюць беларускую мову ў якасці факультатыву. Апроч таго, у горадзе дзее Беларускі ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча, дзе беларуская мова – абавязковы прадмет.

Бельск-Падляскі – адзiн з найбольш значных цэнтраў беларускай культуры ў Польшчы. Тут штогод адбываецца фэст беларускай аўтарскай песні «Бардаўская восень», фальклорныя фестывалі, дзеяць самадзейныя беларускія музычныя калектывы. Літаратары Бельску пішуць творы на беларускай і ўкраінскай мовах, а таксама на мясцовым падляшуцкім дыялекце. Зацікаўленне шматлікіх наведнікаў выклікае Музей малой айчыны ў Бельску-Падляскім, ініцыятарам стварэння якога стаў вядомы краязнаўца, галоўны рэдактар часопісу «Бельскі гостінэць» Дарафей Фёнік. Адтуль паходзіць таксама слынная беларуская паэтка ў Польшчы Надзея Артымовіч, а таксама Юрка Арсеннік – праваслаўны тэолаг і музыка, заснавальнік фальклорнага гурта «Падлешукі».

Адам Фалькоўскі жыве і вучыцца цяпер у Варшаве, але вельмі часта прыязджае на Падляшша, каб фатаграфаваць мясцовыя славутасці, зафіксаваць «магію» сваёй малой радзімы і перадаць памяць пра яе нашчадкам. Юнак зазначае, што ў сваіх здымках намагаецца паказаць Падляшша як «памежжа моваў, рэлігіяў ды культураў, якое рэальна і сімвалічна лучыць Усход з Захадам, а Поўнач з Поўднем».

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў