Андрэй Паліканаў: Абвінавачанне ў экстрэмізме – за мяжою разумення


Чалец журы конкурсу «Belarus Press Photo» не разумее, як фотакартка можа абражаць нацыянальную годнасць і ўзгадаў, што з гэткім сутыкаўся толькі ва Узбекістане. Там гэткае абвінавачанне высунулі кінадакументалісту і фатографу Умідзе Ахмедавай.

Апроч Узбекістану, экстрэмізм у фотаздымках заўважылі ў леташнім фотаальбоме «Belarus Press Photo». Яшчэ ў лістападзе 41 асобнік сканфіскавалі на мяжы, і спачатку мытнікі, якія гэтаксама ўбачылі ў кнігах небяспеку, хацелі іх спаліць, але ўрэшце перадалі ў КДБ. Экспертыза паставіла вердыкт: «фотаздымкі экстрэмісцкія ды скажаюць беларускую рэчаіснасць, і прыніжаюць годнасць грамадзянаў Беларусі».



«Журы карысталася двума асноўнымі крытэрамі ў адборы фота: значнасць інфармацыйнай нагоды і графічнасць фотаздымку. Гэтым кіруюцца журы фотаконкурсаў ува ўсім свеце»,
– распавядае пра працу журы Андрэй Паліканаў.

Расейская фотасупольнасць падтрымлівае беларускіх калегаў у сітуацыі вакол ВРР. Калі стала вядома пра тое, што 41 асобнік з працамі фіналістаў конкурсу спалілі, журналісты выйшлі пад беларускую амбасаду ў Маскве з пікетам.

«Журналісцкая супольнасць цалкам падтрымлівае каманду «Belarus Press Photo». Гэта за мяжою разумення: спачатку арыштоўваюць, потым спальваюць, а ў выніку і абвінавачваюць у экстрэмізме», – зазначае Андрэй Паліканаў

Канчаткова разбірацца, ці матэрыялы, надрукаваныя ў альбомах з працамі пераможцаў «Belarus Press Photo-2011», – экстрэмісцкія, будзе Ашмянскі раённы суд 17 красавіка.

Андрэй Паліканаў – вядомы фатограф, дырэктар фотаслужбы часопісу «Русский репортёр», сталы чалец журы першага незалежнага фотаконкурсу «Belarus Press Photo», а таксама гэткіх фотаконкурсаў, як «Visa d’Or in Perpignan», «Press Photo Finland», «Interfoto Russia».

Аліна Радачынская, belsat.eu

Стужка навінаў