Паўстанне 1863 года як турыстычны брэнд


Да 150-х угодкаў паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага беларуская грамадскасць арганізоўвае шмат імпрэзаў. І калі афіцыйныя ўлады ўсяляк замоўчваюць юбілей, то некаторыя прыватныя фірмы нават ладзяць вандроўкі мясцінамі паўстання.

Турыстычнае агенцтва «Дэльфін Груп» адным з першых у Беларусі пачало на камерцыйнай аснове ладзіць вандроўкі шляхамі паўстанцаў. Дырэктар фірмы Аляксандр Дуко кажа, што гэтыя вандроўкі карыстаюцца попытам.

«Гэткі від вандровак проста мусіць быць папулярным. І мы займаемся яго папулярызацыяй. Мы палічылі адной з найбліжэйшых задачаў пашырыць гэтую тэму. Людзі адгукаюцца, мы зладзілі ўжо адну вандроўку, 13-га красавіка будзе другая. На кожную вандроўку звычайна значна большая колькасць ахвотных, чым вольных месцаў», – зазначае Аляксандр Дуко.



Дырэктар турыстычнага агенцтва паведаміў, што ўжо пракладзеныя два «паўстанцкія» маршруты – адзін па Свіслацкім і Пружанскім раёнах, звязаны з біяграфіяй Кастуся Каліноўскага. Другі – у Баранавіцкім, Івацэвіцкім і Пружанскім раёнах – вядзе мясцінамі бітваў, баявых дзеянняў. Распрацоўваюцца гэтаксама маршруты па мясцінах Рамуальда Траўгута ў Кобрынскім, Пінскім і Драгічынскім раёнах. Фірма мае намер запрапанаваць турыстам наведаць мясціны ў Вілейскім раёне і складае адмысловы маршрут па Усходняй Беларусі.

Апроч вельмі рэдкіх турфірмаў, вандроўкі мясцінамі паўстання Кастуся Каліноўскага ладзіць грамадскасць, неабыякавая моладзь. Як распавёў кіраўнік берасцейскай культурна-асветніцкай ініцыятывы “ГрунтВіктар Клімус, улетку моладзь збіраецца ладзіць не толькі вандроўку, але і летнік у гонар паўстанцаў.



Просмотреть Канстанцін Каліноўскі і паўстаньне 1863-1864 гадоў на карте большего размера

«Як пацяплее, мы збяромся ў гэтакю вандроўку, каб ушанаваць юбілей паўстання 1863 года. Праедзем мясцінамі, зладзім летнік, нейкія цікавыя конкурсы. Мы ў гэтым годзе праводзім кампанію да 150-годдзя паўстання, выдаем тэматычную газету, рыхтуем конкурс артыкулаў, збіраемся выдаць дыск песняў пра паўстанне. Мы лічым проста неабходным аддаць даніну памяці ды пашаны тым, хто змагаўся за волю Бацькаўшчыны».

Кіраўнік баранавіцкай арганізацыі «Таварыства беларускай мовы» Віктар Сырыца кажа, што не ведае турыстычных фірмаў, якія б вазілі турыстаў паўстанцкімі сцежкамі. У сваю чаргу, падкрэсліў дзеяч, улады не толькі ігнаруюць, але і перашкаджаюць ініцыятывам ва ўшанаванні паўстання.

«Вось у Мілавідах 20 гадоў таму сябры ТБМ дабіліся, каб мясцовая школа насіла імя кіраўніка паўстанцаў у Мілавідскай бітве – Аляксандра Ландэра… І гэткая прыгожая металічная шыльда на сцяне школы вісела… А цяпер тую шыльду знялі ды схавалі. Таму бачыце, як дзяржава робіць – не тое, што шануе, а наадварот замоўчвае тэму паўстання», падкрэсліў дзяяч.

Тым не меней, нягледзячы на адсутнасць спрыяння з боку ўладаў, баранавіцкія актывісты мяркуюць ушанаваць юбілей бітвы пад Мілавідамі – найбуйнейшай у часе паўстання 1863 года.

Вандроўнікі па мясцінах паўстання могуць выкарыстаць адмысловую інтэрактыўную мапу, створаную актывістамі «Беларускай нацыянальнай памяці», якая ўвесь час працягвае дапаўняцца.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў