Ад язды грузінаў валасы становяцца дыбам


Грузінскія каскадзёры-аматары спадзяюцца, што іхныя трукі на аўтамабілі заўважаць у Галівудзе.

Група кіроўцаў, якія называюць сябе «Need for drive team», рэгулярна шакуюць жыхароў Тбілісі звышхуткаю яздою, з’яўляннем на паласе сутрэчнага руху і небяспечнымі манеўрамі на запоўненых грамадскім транспартам вуліцах гораду.

Лідар групы аўтадрайвераў Г’ёргі Тэвзадзэ. Фота belsat.eu Лідар групы аўтадрайвераў Г’ёргі Тэвзадзэ. Фота belsat.eu Лідар гэтай групы Г’ёргі Тэвзадзэ (Giorgi Tevzadze) нядаўна выклаў у сервіс «YouTube’у» відэа экстрэмальнай язды на сваім аўтамабілі BMV M5 1995 года выпуску. Відэа, якое утрымлівае папярэджанне «Не спрабуйце паўтарыць гэта!» сабрала больш за 2 млн праглядаў цягам літаральна некалькіх тыдняў.

У сувязі з гэтым аўтадрайвер выказаў спадзеў, што відэа дапаможа яму ды ягонай камандзе ператварыць сваё хобі ў прафесію: «У нас ёсць больш практычныя планы – знайсці спонсараў сярод гледачоў гэтага відэа, каб паказаць, што мы можам рэкламаваць фірму або прадукт кампаніі з дапамогаю нашых відэа».

{movie}Ад язды грузінаў валасы становяцца дыбам|right|10095{/movie}

Спадар Тэвзадзэ распавёў, што ўпершыню зацікавіўся гонкамі яшчэ ў 13-гадовым узросце і з таго часу няспынна намагаецца ўдасканаліць свае навыкі экстрэмальнага кіравання аўтамабілямі, а для ўсіх цікаўных распачаў нават адмысловыя курсы, што дапамагаюць людзям шчасна пазбегнуць небяспечных сітуацый на дарозе.

Кіроўца марыць таксама, каб яго заўважылі ў Галівудзе і запрасілі здымацца ў кіно: «Калі нас заўважаць у Галівудзе, мы зможам прапанаваць розныя сцэнары, звязаныя з вулічнымі гонкамі ды экстрэмальнымі манеўрамі. Гэта можа быць пагоня на аўтамабілі, гонкі з двума або больш аўтамі. Нашая каманда можа выканаць любы сцэнар, звязаны з транспартавымі сродкамі пры руху на максімальнай хуткасці».

{movie}Грузінскія аўтадрайверы паказваюць цуды кіравання|right|10096{/movie}

«Галівуд – гэта нашая мара, гэта быў бы выдатны шанец, каб праславіцца, узяць удзел у вялікіх праектах і паказаць свой прафесіяналізм для шырокай публікі», – падкрэсліваюць іншыя аўтадрайверы.

Кіраўнік групы аўтакаскадзёраў дадаў, што за хуткую язду яго рэгулярна штрафуюць працаўнікі ДАІ, але правоў кіроўцы яго пакуль ніхто не пазбавіў. Адзін з удзельнікаў групы падкрэсліў, што хоць некаторыя спосабы іх кіравання аўтамабілем не могуць быць законнымі, то ўва ўсім астатнім аматары хуткага руху застаюцца цалкам законапаслухмянымі і адказнымі людзьмі.

М.Я., belsat.eu

Стужка навінаў