Звольнілі пасля публікацыі ў «СБ–Беларусь Сегодня»


Прозвішча навукоўца фігуравала ва “ўрадзе народнага выратавання”.

Канстанціна Лукашова пасля 18 гадоў працы звольнілі з Навукова-даследчага геолагаразведачнага інстытуту Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Навуковец гаворыць, што загад быў падпісаны пасля таго, як у “СБ–Беларусь Сегодня” надрукавалі спіс “ўраду народнага выратавання”, дзе фігуравала ягонае прозвішча. На выбарах прэзідэнта Канстанцін Лукашоў быў даверанай асобай Алеся Міхалевіча і сябрам ЦВК з правам дарадчага голасу.

Фармальна яго звольнілі ў звязку са скасаваннем аддзелу, дзе ён працаваў. Хоць напярэдадні навукоўца перавялі ў іншы. Канстанцін Лукашоў гаворыць, што ў яго падтрыманне вельмі актыўна выступаў прафсаюз, аднак намаганні вынікаў не далі.

Сёння таксама стала вядома пра звальненне дацэнта кафедры фізічнага выхавання БНТУ, заслужанага трэнера Беларусі Андрэя Вількіна, які адседзеў 15 дзён арышту за ўдзел у акцыі на плошчы Незалежнасці.

Група журналістаў пачала збіраць звесткі пра людзей, якія страцілі працу праз удзел у акцыі пратэсту 19 снежня. Гэта Паліна Кур’яновіч (працавала тэхнікам па сувязі на дзяржаўным прадпрыемстве), Ірына Панкавец (кухарка ў школьнай сталоўцы), Валянціна Бусько (адвакатка), Алесь Ляўчук, (журналіст), Юрась Шпак-Рыжкоў (камунальнае прадпрыемства “Менскгарсвятло”) і Вячаслаў Дашкевіч (ахоўнік менскага гандлёвага цэнтру “Карона”).

Спіс далёка не поўны, гаворыць сябра Рады Беларускай асацыяцыі журналістаў Таццяна Мельнічук: “Шмат хто не афішуе сваіх праблемаў, каб да іх не прыляпілі “апазіцыйнага” ярлыка. Бо з ім уладкавацца на працу, асабліва ў малых гарадках, практычна не магчыма”.

belsat.eu

Стужка навінаў