КДБ шукае экстрэмістаў сярод фатографаў


Гарадзенскае абласное ўпраўленне КДБ звярнулася ў суд з патрабаваннем прызнаць экстрэмісцкім змест фотаальбомаў «Прэс-фота Беларусі–2011». Спасылаючыся на даведку ад экспертнай камісіі, КДБ паведамляе, што альбом утрымлівае «скажоныя, не адпавядаючыя рэчаіснасці домыслы пра жыццядзейнасць Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай ды іншых сферах».

Частку ліста ў справе фотаальбомаў змясціла на сваім профілі ў «Facebook’у» адна з арганізатарак конкурсу прэс-фатаграфіі Юлія Дарашкевіч. «У адным канверце мне прыйшла позва ў Ашмянскі суд і копія заявы КДБ, у якой яны просяць прызнаць змест фотаальбомаў экстрэмісцкім», – паведаміла фатограф «Белсату».

«Падборка матэрыялаў фотаальбому ў сукупнасці адлюстроўвае толькі негатыўныя аспекты жыццядзейнасці беларускага народу з уласнымі домысламі ды высновамі аўтара, што з пункту гледзішча сацыяльных нормаў, прынятых у грамадстве і маральнасці, зневажае нацыянальны гонар і годнасць Грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, прыніжае аўтарытэт дзяржаўнай улады, падрывае давер да органаў улады з боку замежных дзяржаваў, замежных ці міжнародных арганізацыяў», – напісана ў лісце КДБ.

У экспертную камісію, што ацэньвала фотаальбом, увайшлі загадчык кафедры крымінальнага права і крыміналогіі юрфаку ГрДзУ Вадзім Хілюта, загадчыца кафедры замежных моваў ГрДзУ Аксана Шульга і старэйшы выкладчык дызайну факультэта мастацтваў Аляксандр Бондар, а таксама начальнік упраўлення ідэалагічнай працы Гарадзенскага аблвыканкаму Павел Скрабко, які раней шукаў у тэкстах журналіста Анджэя Пачобута паклёп на прэзідэнта і дыскрэдытацыю Беларусі.

У лістападзе мінулага года мытні канфіскавалі 41 асобнік альбома «Прэс-фота Беларусі–2011». 17 красавіка ў Ашмянах мае адбыцца суд, які пастановіць далейшы лёс сканфіскаваных асобнікаў.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Фота Васіля Федасенкі, pressphoto.by

Стужка навінаў