Даследаванне BISSу: Беларусы – звышпрагматычныя, але прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй менее


Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) прэзентаваў у Менску сваё новае даследаванне геапалітычных прыярытэтаў беларусаў.

Беларускі прагматызм

Паводле аўтараў даследавання, прагматычны падыход да геапалітычных пытанняў, можа быць хутчэй перавагаю, чымся заганаю. Гэтак, ажно 70 % беларусаў гатовыя ахвяраваць незалежнасцю краіны ды ўвайсці ў склад Расеі, калі таго будзе патрабаваць эканамічная сітуацыя. Здавалася б, вялікая лічба, але гэта на 12 % менш, як у 2010 годзе.

Калі ж казаць пра магчымасць беларуска-расейскага саюзу пры звычайных умовах, то іх стала менш на 7 % у параўнанні з 2010 годам – амаль кожны чацвёрты, 23 %. Паводле экспертаў BISSу, альтэрнатыва саюзу з Расеяй сыходзіць разам са старэйшым пакаленнем і перастае быць цікаваю для беларускага грамадства.

Цікава, што амаль палова прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй хацелі б бачыць саюз толькі ў форме стварэння зоны свабоднага гандлю і толькі 6,3 % прагнуць уваходу Беларусі ў Расею на правах аўтаноміі.

Разам з тым, 49,3 % прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй найбольш прымальнаю формаю лічаць толькі стварэнне зоны свабоднага гандлю; 30,4 % выступаюць за адзіную эканамічную прастору без палітычнага аб’яднання і толькі 6,3 % (2,7 % ад агульнай колькасці апытаных) згодныя на ўваходжанне Беларусі ў Расею на правах аўтаноміі.

{movie}Алег Манаеў пра вынікі даследавання BISS|right|10024{/movie}

72 % рэспандэнтаў у сваіх адказах кіраваліся перадусім эканамічным матывамі, аднак, паводле сацыёлага Алега Манаева, беларусы страчваюць імпэт да ідэі саюзнай дзяржавы проста з цягам часу: “Мы незалежная краіна ўжо 21 год. Гэта нават паводле заходніх маштабах – паўналецце. Людзі выраслі, яны прызвычаіліся жыць у самастойнай краіне, і калі чуюць, як праз радыё-тэлебачанне хтосьці кажа, што ў нас там штосьці агульнае з Расеяй, то ў іх да гэтага зусім іншае стаўленне”.

Не такія ўжо і патрыёты

Разам з гэтым эксперты зазначаюць, што тыя, хто выступаюць за “трэці шлях”, то бок не далучэнне ні да Еўразвязу, ні да Расеі, зусім не абавязкова падтрымліваюць незалежнасць Беларусі.

{movie}Алег Манаеў пра вынікі даследавання BISS|right|10024{/movie}

Паводле эксперта BISSу Дзяніса Мельянцова – шмат хто з гэтых людзей выбралі б усходні шлях: “Гэта не каштоўнасныя незалежнікі, а, хутчэй, людзі, якія супраць любых інтэграцыйных праектаў. Яны іх баяцца або пра іх не ведаюць. Адпаведна, яны абіраюць тое, што ёсць цяпер”.



Пра еўрапейскі выбар проста не ведаюць

Беларусы вельмі мала ведаюць пра ЕЗ і ягоныя праграмы. Апроч пытанняў пра геапалітычныя прыхільнасці, BISS даведаўся, што 86,2 % беларусаў нічога не ведаюць аб праграме ЕЗ “Усходняе партнёрства”, у якой бярэ ўдзел і Беларусь. Цікава, што сёлета гэтая лічба на 8 % большая, чымся ў 2010 годзе. Пра іншую ініцыятыву – “Дыялог аб мадэрнізацыі Беларусі” нічога не чулі ажно 95,4 % беларусаў.

Паводле Дзяніса Мельянцова, таксама цікавыя звесткі пра стаўленне беларусаў да санкцый, якія ЕЗ увёў у дачыненні Беларусі. Палова апытаных прызналася, што не ведае пра санкцыі наогул нічога. З тых, хто ведае, 40 % лічаць, што санкцыі ўвялі за тое, што Беларусь праводзіць незалежную палітыку. 36,8 % мяркуюць, што прычынаю санкцыяў сталі парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. 14,3 % прычынаю ўвядзення санкцыяў назвалі фальсіфікацыю выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. А 13,4 % лічаць, што ЕЗ з дапамогаю такіх захадаў хоча змяніць уладу ў Беларусі.

Пры гэтым 58,9 % апытаных упэўненыя, што санкцыі ніяк не паўплываюць на палітыку ўладаў дзяржавы. 29,1 % мяркуюць, што санкцыі могуць паўплываць на ўлады Беларусі.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў