Нашумелы фільм «Жыве Беларусь» з’явіцца ў сеціве ўлетку


«Здымкі «Жыве Беларусь» – гэта свайго роду эксперымент, які рэалізаваўся нейкім цудам», – распавядае суаўтар сцэнара Франак Вячорка. – У нас амаль ніхто не верыў, многія махалі рукою, маўляў, нічога ў вас не атрымаецца».

Праблемаю быў пошук аўтэнтычнай атрыбутыкі для фільму. З Беларусі праўдамі ды няпраўдамі вывезлі 40 кг вайсковых і міліцэйскіх уніформаў, прапагандысцкія плакаты. Адмыслова зрабілі шчыты, падобныя да амапаўскіх. Сканструявалі міліцэйскія машыны.

{movie}Трэйлер да фільму “Жыве Беларусь”|right|10005{/movie}

Бадай, адною з найбольш складаных у кінематаграфічным плане была сцэна масавых пратэстаў. Масоўку, знятую ў Польшчы, на кампутары «прыклейвалі» да менскіх краявідаў. Выкарыстаць дакументальныя кадры не было магчымасці з меркавання якасці здымак.

Аднак усё атрымалася і першы мастацкі фільм пра палітычныя рэаліі сучаснай Беларусі трапіў на еўрапейскія кінафестывалі, адбыліся прэм’ерныя паказы ў Чэхіі. Дарэчы, журы чэшскага кінафэсту «Fabiofest», на якім стужка заняла 2-е месца, глядзела фільм са слязьмі на вачах.

Строгі беларускі глядач

Па-рознаму фільм сустрэлі ў Беларусі. Непазбежнасць крытыкі палягала ў падвойнасці мэтавай аўдыторыі. З аднаго боку, фільм мусіў паспрыяць актуалізацыі разгляду праблемаў Беларусі на еўрапейскім парадку дня. З іншага ж боку, беларусы чакалі ад фільму дакументацыі злачынстваў рэжыму.

У адказ на прэтэнзіі да перабольшанняў у стужцы Франак кажа, што немагчыма было абысціся без яскравых візуальных сімвалаў, якія адназначна б атаясамляліся ў замежніка з Беларуссю: «У фільме ёсць гіпербалы, але на тое ён і мастацкі фільм. Мы жывем тут і многае папросту не заўважаем – чырвона-зялёных сцягоў на кожным слупе, партрэтаў Лукашэнкі ў кожным кабінеце, ленінаў на пляцах, жорсткасці і гвалту ў побытавым жыцці. Мы скандэнсавалі гэтую рэальнасць лукашызму. Нашай мэтаю было паказаць гледачу, што гэта не Цюмень, не Масква і не Данецк, а менавіта Менск і Беларусь, краіна ў цэнтры Еўропы, дзе чыноўнікі ездзяць на “мэрсэдэсах”, а жыхары правінцыі жывуць, як жабракі».

Сцэны гвалту ўзятыя з рэальнай штодзённасці беларускага войска. У час перабывання Франка ў мазырскай вайсковай частцы сапраўды была эпідэмія каросты ды свінога грыпу, таму гэта не мастацкая выдумка. Сцэна знікнення аднаго з жаўнераў апелюе да факту шматлікіх самагубстваў падчас праходжання тэрміновай службы, абгрунтаванне якіх выклікае пытанні.

Частка беларускіх гледачоў не была задаволеная прысутнасцю ў фільме польскіх актораў, як і польскага акцэнту. Прычынаю таму ёсць мэта прыцягнуць увагу простых палякаў, якія ў сваю чаргу заангажоўваюцца ў беларускую праблематыку.

Прататып айчыннага змагара



«Чуў папрокі на свой адрас, быццам я зняў фільм пра сябе, − дзеліцца Франак. − Сапраўды, ідэя фільму з’явілася ў рэжысёра Кшыштафа Лукашэвіча пасля інтэрв’ю са мною ў польскай газеце. Аднак выкарыстаная толькі частка маіх «прыгодаў» у арміі. Наогул, многія, хто бачыў гэты фільм, казалі: «Ух ты, гэта ж фільм пра мяне!», − распавядае суаўтар сцэнара, маючы на ўвазе музыку Лявона Вольскага, Змітра Жалезнічэнку ды іншых палітжаўнераў, апазіцыянераў.

Зразумела эмоцыі герояў і Наста Дашкевіч: «Я ўсцешаная, што з’явіліся фільмы пра тую Беларусь, якая хаваецца за адсутнасцю закону, дэмакратычных каштоўнасцяў, павагі дзяржавы да народу. Так, троху замінала гіпербалізацыя вакол героя Мірона як сімвала народнага супраціву. Наўрад ці большасць беларусаў цэняць тых, якім бязвінна выносяць несправядлівыя зняволенні ці збіваюць на Плошчах, вечна кідаюць на содні ці выкідаюць з універаў. Мінімум людзей пра іх ведае, і той мінімум хутчэй шкадуе іх, чымся захапляецца».



«Няма прароку…»

Кінакрытык Андрэй Расінскі перакананы, што дэмакратычная супольнасць Беларусі звярне ўвагу на неадпаведнасці дэталяў у фільме сапраўднаму жыццю ў краіне: «Верагодна, праз 20 гадоў пасля знікнення рэжыму «Жыве Беларусь» будзе ацэнены паводле вартасці. Пакуль жа гледачы будуць зважаць на разбураны Мазыр, на лысых дзяцей, на паўсюдныя бігборды Лукашэнкі».



Эксперт адзначае, што фільм Лукашэвіча мае не толькі міжнародную місію зняцця энтрапіі адносна Беларусі. Для незаангажаванай часткі беларускага грамадства стужка паведаміць тое, што яны не бачылі або не хацелі бачыць: «Людзей, цалкам абыякавых да нашай палітычнай сітуацыі, гэтая карціна зачэпіць, яна дасць ім па вачах».

Прэм’ера ў Польшчы анансаваная на 17 красавіка. Пасля паказаў на ўсіх фестывалях «Жыве Беларусь» нарэшце трапіць у сеціва.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў