«Чарнобыльскі шлях» пойдзе на Бангалор


Дэмакратычныя арганізацыі абмеркавалі фармат мерапрыемстваў у межах «Чарнобыльскага шляху» – традыцыйнай штогадовай акцыі ў гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Як паведаміў адказны сакратар аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі, плануецца правядзенне шэсця і мітынгу. Арганізатары маюць намер абвесціць збор удзельнікаў акцыі 26 красавіка а 18:00 на пляцоўцы каля кінатэатру «Кастрычнік», затым прайсці па вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў, дзе правесці мітынг. Акцыя мае скончыцца ўскладаннем кветак да памятнага знаку ахвярам Чарнобыю.

Садоўскі паведаміў, што заяўку на правядзенне «Чарнобыльскага шляху» перададуць у Менгарвыканкам на наступным тыдні. Подпісы пад заяўкаю плануюць паставіць прадстаўнікі БХД, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, руху «За Свабоду» і грамадскага аб’яднання «Экадом».

Летась у акцыі ўзялі удзел каля 2 тыс. асобаў, шэсце адбывалася пад агульным лозунгам «Не» – Астравецкай АЭС».

М.Л., паводле БелаПАН

Стужка навінаў