Дэпутаты «прапрацавалі», але закон не дзейнічае (Дакумент)


Берасцейскія актывісты кампаніі «Гавары праўду» накіравалі дэпутатам Нацыянальнага сходу тысячу подпісаў жыхароў абласнога цэнтру пад зваротам аб паскарэнні ажыццяўлення дамовы аб малым прымежным руху паміж Беларуссю і Польшчаю.

Зварот накіроўвалі шасці дэпутатам парламенту яшчэ ў студзені. І толькі цяпер, праз два месяцы, дэпутаты адказалі лістом, у якім паведамілі, што зварот «прапрацавалі разам з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, падпарадкаванымі Ураду».

Далей дэпутаты паведамілі, што цяпер паспяхова рэалізоўваецца гэткая дамова між Беларуссю і Латвіяй. І толькі пасля аналізу досведу ажыццяўлення гэтай дамовы прымуць рашэнне аб дзеянні дамовы з Польшчаю.

Актывіста кампаніі «Гавары праўду» Ігара Маслоўскага з Берасця гэткі адказ дэпутатаў не задаволіў. «У сваім звароце мы прасілі кожнага дэпутата скарыстацца сваім правам і зрабіць дэпутацкі запыт ва ўрад, папытаўшыся, чаму закон аб малым прымежным руху не працуе на практыцы. Аднак з адказу дэпутатаў зразумела, што яны гэтага не рабілі. Тым самым яны праігнаравалі меркаванне жыхароў гораду, адкуль яны абраныя ў парламент».

«Гавары праўду» ўжо цягам двух гадоў ажыццяўляе ў Берасці кампанію «Крок у Еўропу», у межах якой адбываліся інфармацыйныя акцыі, збіраліся подпісы мясцовым уладам. Зварот да дэпутатаў парламенту, як кажа спадар Маслоўскі, быў «спробаю праверыць, наколькі дэпутаты рупяцца пра інтарэсы берасцейцаў».

Дамову аб малым прымежным руху паміж Польшчаю і Беларуссю прынялі ў лютым 2010 года. Згодна з ёю, жыхары беларускага прымежжа могуць наведваць Польшчу ў спрошчаным рэжыме. Тое датычыцца і жыхароў прымежжа Польшчы, якія хочуць наведваць Беларусь. Паводле дамовы, для наведвання Польшчы нават не патрабуецца атрымання візаў. Ігар Маслоўскі лічыць, што пачатак дзеяння дамовы значна ажывіць эканамічныя, культурныя стасункі Берасцейшчыны, Гарадзеншчыны і Польшчы.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў