Анатоль Куляшоў: “Працаўнікоў міліцыі збівалі фота- і відэакамерамі”


Чыноўнік апавядае новыя падрабязнасці Плошчы.

Міністра ўнутраных справаў здзівілі заявы журналістаў аб перашкодах у працы. На ягонае меркаванне, на “Плошчы ўвогуле не было магчымасцяў для гэтага. А нават калі і былі, то міністр лічыць гэтыя дзеянні адказам на агрэсіўныя паводзіны журналістаў”. “А ці было гэта нармальна, калі майго працаўніка журналісты з дапамогай фотакамераў і відэакамераў пачалі збіваць? Працаўніка, што знаходзіўся ў форме. Ці гэта нармальна?!” -– абураецца міністр.

Словы Куляшова выклікалі смех у зале. У адказ чыноўнік заявіў, што многія “нібыта журналісты маюць падробленыя пасведчанні”. Такім чынам, усе затрыманні прадстаўнікоў СМІ праводзіліся выключна з мэтаю верыфікацыі іхніх дакументаў.

Міністр не даў простага адказу на пытанне, хто напаў увечары 19 снежня на калону Уладзіміра Някляева і прысутных там журналістаў, адзначыўшы толькі, што гэты інцыдэнт паклаў пачатак беспарадкам на Плошчы.

Анатоль Куляшоў упэўнены, то менавіта журналісты і арганізатары шэсця справакавалі канфлікт, разгойдваючы машыну ДАІ і не падпарадкоўваючыся патрабаванням працаўнікоў дарожнай міліцыі. “Ці магла міліцыя нанесці ўдар кандыдату на прэзідэнта такім чынам, каб журналісты гэта не зафіксавалі? Такога не было. Тады пытанне: хто яго ўдарыў? Адказ: не працаўнікі міліцыі”, – запэўнівае чыноўнік.

Журналісты зноўку выклікалі шчырае здзіўленне міністра. Куляшоў не браў у разлік таго, што ўсіх сведкаў нападу, у тым ліку і відэааператараў, невядомыя паклалі тварам у снег. “Пачакайце, ну не ўсё ж гэта адразу. Вось вас усіх паклалі, гэта ж не за секунду вас усіх паклалі. Ну дык што – вы хочаце сказаць, што вы ад гэтых шумавых гранатаў усе там пападалі? Міравая практыка паказвае, што журналісты заўсёды могуць аб’ектыўна фіксаваць падзеі”, – зазначыў Анатоль Куляшоў.

Як гэта атрымалася ў карэспандэнтаў “Белсату”, глядзіце ніжэй.

belsat.eu

Стужка навінаў