Анатоль Куляшоў: Плошча – спроба ўзброенага захопу ўлады


Максімальная кара за ваенны пераварот, паводле беларускага заканадаўства, – смяротная кара.

Падчас прэсавай канферэнцыі 26 студзеня міністр унутраных справаў Беларусі Анатоль Куляшоў неаднаразова кваліфікаваў дзеянні ўдзельнікаў Плошчы як спробу ўзброенага захопу ўлады, ваеннага перавароту. Гэта трапляе пад артыкул 357 Крымінальнага кодэксу (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтаю захопу дзяржаўнай улады). Яго максімальная санкцыя – смяротная кара.

Праўда, міністр заявіў, што пытанне аб перакваліфікацыі абвінавачання экс-кандыдатам на прэзідэнта ды іншым актыўным удзельнікам падзеяў 19 снежня не стаіць. Цяпер іх абвінавачваюць у арганізацыі або ўдзеле ў масавых закалотах. Максімальнае пакаранне, якое ім пагражае, – 15 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле Анатоля Куляшова, матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненні актыўных удзельнікаў акцыі пратэсту 19 снежня будуць накіраваныя ў суд у першыя дні лютага. Аднак экс-кандыдатаў на прэзідэнта гэта пакуль не датычыць.

Кіраўнік МУС паведаміў, што следства не валодае звесткамі аб тым, што існуе нейкая сувязь паміж падзеямі ў дзень прэзідэнцкіх выбараў, 19 снежня 2010 года, і выбухам у Менску 4 ліпеня 2008 года на святкаванні Дня Незалежнасці.

У сваю чаргу, старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Пётр Міклашэвіч на прэсавай каферэнцыі 26 студзеня выказаўся адносна скасавання смяротнай кары ў Беларусі. “У 2004 годзе Канстытуцыйны суд выказаў у сваім заключэнні пазіцыю па гэтай праблеме. На падставе гэтага рашэння былі ўдакладненыя адпаведныя нормы Крымінальнага кодэксу (КК), паколькі норма нашай Канстытуцыі прадугледжвае, што смяротная кара ў краіне носіць часовы характар. Адпаведна, гэта палажэнне падкрэслена ў дзейным КК. Акрамя таго, Канстытуцыйны суд у сваім рашэнні адзначыў, што ці прэзідэнт, ці парламент могуць прымаць рашэнне аб увядзенні мараторыя на смяротную кару. Што датычыць яе скасавання, там ёсць некаторыя канстытуцыйна-прававыя аспекты, якія я цяпер не маю права публічна агучваць без прыняцця рашэння КС”.

belsat.eu

Стужка навінаў