Парк высокіх тэхналогіяў прыцягвае працаўнікоў жыллём


Мэр Менску загадаў пабудаваць у ім 9 дамоў.

Распрацоўваць праект забудоваў будзе Кіраўніцтва капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкаму. Апроч жылых дамоў, у раёне з’явяцца спартовыя аб’екты, дзіцячыя садкі ды гандлёвыя цэнтры. Усё гэта – на 47 гектарах зямлі.

Дырэктар адміністрацыі Парку высокіх тэхналогіяў Валер Цыпкала адзначыў, што новае жыллё пераважна будзе здавацца маладым спецыялістам “пад ключ”. “Праекты выканаюць за кошт бюджэтных сродкаў. Таму гэта будзе часовае жыллё, якое плануюць здаваць маладым людзям па ільготным тарыфе”, – дадаў спадар Цыпкала.

Аднак мэр Менску Мікалай Ладуцька паабяцаў, што адміністрацыя гораду дасць Парку высокіх тэхналогіяў магчымасць за кошт прыбытку пазычаць сваім працаўнікам сродкі на набыванне новага жылля.

Пасля таго, як зацвердзяць праект забудовы Парку высокіх тэхналогіяў, там маюць паўстаць іншыя аб’екты, у тым ліку адміністрацыйныя, вытворчыя і сацыяльныя. Праўда, дзеля гэтага ўсё адно давядзецца атрымаць згоду сталічных уладаў, адзначыў дырэктар кіравання капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкаму Андрэй Галь.

Праект будзе распрацаваны ўжо сакавіку. А канчатковы тэрмін забудовы парку прызначаны на 2014 год.

belsat.eu

Стужка навінаў