13 гадоў падполля. Узгадваем галоўныя падзеі з гісторыі Саюзу палякаў Беларусі


Журналісты Анджэй Пісальнік і Анджэй Пачобут трымаюць позвы ў міліцыю, 2005 г.

Саюз палякаў Беларусі неўзабаве адзначыць сваё 30-годдзе. Пра самыя значныя і нярэдка балючыя падзеі ў жыцці арганізацыі «Белсат» пагутарыў з кіраўнічкай арганізацыі Анджэлікай Борыс, а таксама галоўным рэдактарам нелегальнай у Беларусі газеты СПБ «Głos znad Niemna» Анджэем Пісальнікам.

Саюз палякаў у свой час быў самай вялікай грамадскай арганізацыяй у Беларусі. Улады не маглі дазволіць, каб арганізацыя, якая лічыла дзясяткі тысячаў асобаў, заставалася непадкантрольнаю. 2005 год адзначыўся для членаў СПБ пераследам, арыштамі і змаганнем за незалежнасць. З таго часу цягам 13 гадоў СПБ працягвае дзейнічаць падпольна і пашыраць польскую культуру і мову ў Беларусі. Аднак пачнем спачатку.

30 гадоў таму

Анджэй Пісальнік паказвае архіў газеты СПБ «Głos znad Niemna». Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Саюз палякаў у Беларусі паўстаў 30 гадоў таму на базе Таварыства імя Адама Міцкевіча, якое было ўтворана ў 1988 годзе. Гэта адбывалася на бурлівай хвалі перабудовы, калі народы Савецкага саюзу пачалі ўголас казаць пра сваю самастойнасць. Палякі Беларусі не былі выняткам. Па ўсёй краіне пачалі паўставаць асяродкі, дзе аб’ядноўваліся людзі, якія лічылі польскую мову і культуру роднай. Калі сябры Таварыства ім. Адама Міцкевіча на чале з Тадэвушам Гавіным заўважылі, што польскі рух адраджаецца ў многіх гарадах краіны, было прынята рашэнне аб’яднаць усе асяродкі ў адзіны Саюз палякаў Беларусі, які быў зарэгістраваны ў чэрвені 1990 году.

«Не магу сказаць, што я быў заснавальнікам Таварыства ім. Адама Міцкевіча, але я таксама быў яго сябрам. Тады мы яшчэ не мелі сваіх сцен, таму збіраліся ў Палацы культуры хімікаў. Сёння гэта будынак Філармоніі. Гэтак мы дзейнічалі некалькі гадоў. А калі паўстаў СПБ, арганізацыю заўважылі ў незалежнай Польшчы, якая ўжо тады імкнулася далучыцца да еўрапейскіх структур. Тады польскія ўлады пачалі праводзіць палітыку падтрымання польскіх асяродкаў за мяжою. Дзякуючы гэтаму з часам паўстаў Польскі дом у Горадні, які стаўся галоўнай сядзібаю СПБ. Пачалася барацьба за польскія школы, якая не была лёгкай. На шчасце ў той час да гарадзенскай улады належалі такія людзі, як Аляксандр Мілінкевіч і Сямён Домаш, якія мелі добрае стаўленне да палякаў. Дзякуючы іх падтрымцы ў атрыманні дазволу, удалося пабудаваць польскую школу ў Горадні ў 1996 годзе, а праз два гады ў Ваўкавыску. Цяжка сказаць, колькі было сяброў арганізацыі ў першыя гады, бо ўсе дакументы ў нас адабралі ў 2005 годзе, але мы можам упэўнена казаць пра 10 тысяч асобаў у розных гарадах Беларусі», – узгадвае галоўны рэдактар газеты «Głos znad Niemna» і шматгадовы актывіст СПБ Анджэй Пісальнік.

Скандальны кіраўнік і першыя спробы ціску на СПБ

Тадэвуш Кручкоўскі.

У ліпені 2000 г. першы кіраўнік арганізацыі Тадэвуш Гавін быў вымушаны адмовіцца ад пасады, і яго месца заняў Тадэвуш Кручкоўскі. Менавіта з постаццю гэтага чалавека чальцы арганізацыі звязваюць пачатак спробаў зрабіць арганізацыю падкантрольнай дзяржаве. На той час арганізацыя лічыла каля 30 тысяч сяброў і была самай вялікай грамадскай арганізацыяй у краіне.

«Тадэвуш Кручкоўскі яшчэ на пачатку 2000-х пачаў псаваць атмасферу ў кіраўніцтве арганізацыі. Ён перастаў змагацца за адкрыццё чарговых польскіх школ, да прыкладу ў Воранаве. Згодна з перапісам насельніцтва, польская меншасць у Воранаўскім раёне складала каля 80 адсоткаў. Асабісты канфлікт у нас здарыўся ў 2002-м годзе, калі ў газеце «Głos znad Niemna» я працаваў у якасці журналіста. У той час адбываўся суд над незалежным журналістам Паўлам Мажэйкам і рэдактарам газеты «Пагоня» Міколам Маркевічам. Гэта была гучная справа за «паклёп» на Аляксандра Лукашэнку. Пікеты з пратэстам супраць гэтай справы адбываліся тады па ўсім горадзе. Мы вырашылі падтрымаць нашых калегаў і надрукаваць артыкул у іх падтрыманне. Кручкоўскі быў супраць. Каб вырашыць гэтую канфліктную сітуацыю, мы сабралі Галоўную Раду СПБ, рашэннем якой мы ўсё ж такі апублікавалі матэрыял. Гэта адзін з эпізодаў, які паказвае, як складваліся адносіны паміж кіраўніком і сябрамі СПБ», – распавядае Анджэй Пісальнік.

Як узгадвае Анджэліка Борыс, ціск з боку беларускіх уладаў пачаўся яшчэ напрыканцы 2004 г., калі будучая кіраўнічка СПБ адказвала за Аддзел адукацыі.

«Пачаліся няспынныя праслухоўванні, пераслед з боку службаў, якія чапляліся практычна да ўсяго. Недзе раз на тыдзень яны прыходзілі ў СПБ і пачыналі дапытваць, чаму мы высылаем дзяцей у летнія лагеры, якім чынам дапамагаем настаўнікам. Або перад Раством мы развозілі пачкі з падарункамі для дзяцей. Я вярталася службовым самаходам са Смаргоні і ў Горадні мяне спыняе міліцыя. І да другой гадзіны ночы я мушу даказваць, што гэтую машыну я не скрала. Гэта быў вельмі моцны псіхалагічны ціск», – кажа Анджэліка Борыс.

Менавіта яе сябры СПБ палічылі найлепшай кандыдатурай, каб заняць пасаду кіраўніка арганізацыі. На выбарах кіраўніка ў сакавіку 2005 г. у тайным галасаванні Анджэліка Борыс перамагае Тадэвуша Кручкоўскага. Апошняй кропкай стаўся скандал на сексуальнай глебе. У часе з’езду адна са студэнтак Кручкоўскага (на той час ён выкладаў на дзяржаўным універсітэце Горадні), абвінаваціла кіраўніка СПБ у сексуальным дамаганні. Паколькі большасць членаў СПБ практыкуючыя католікі, падобная заява сталася сапраўдным шокам.

Апошнія месяцы адзінства і перавыбары пад наглядам АМАПу

Кіраўнічка Саюза палякаў у Беларусі Анджэліка Борыс. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«У сакавіку 2005 году быў вельмі складаны час. Пасля з’езду, калі я выйграла гэтыя выбары, я азнаёмілася з дакументацыяй арганізацыі, якая знаходзілася проста ў жудасным стане. СПБ меў не сплачаныя даўгі памерам у 30 000$. На ўтрыманні арганізацыі было 16 дамоў і ў кожным былі не аплачаны камунальныя паслугі, арэндная плата. Нас душылі штрафамі ўвесь час. Да прыкладу трава каля Польскага дому ў Горадні вырасла больш на 5 см, адразу прыходзіць камунальная служба са штрафам. Да траўня месяца ўдалося неяк усё ўрэгуляваць», – узгадвае Анджэліка Борыс.

Аднак ужо ў траўні пасля даносу, напісанага Тадэвушам Кручкоўскім, Аддзел па справах нацыянальных меншасцяў і рэлігіі прызнае выбары з’езду не правамоцнымі і прыказвае сабраць новы з’езд, у якім возьмуць удзел патрэбныя беларускай уладзе асобы. Чальцоў СПБ, якія складалі апазіцыю Кручкоўскаму на з’езд не запросяць, многіх пачнуць палохаць звальненнямі.

27 ліпеня беларускія ўлады арганізавалі 6 З’езд у Ваўкавыску, на якім кіраўніком арганізацыі абралі Юзафа Лучніка. Да гэтага часу ў ліпені АМАПаўцы на чале з Тадэвушам Кручкоўскім сілком адабралі ў арганізацыі Польскі дом у Горадні, разам з усёй маёмасцю і дакументамі. Агулам арганізацыя страціла 16 дамоў і дзве школы, вынік працы многіх гадоў. Беларускія друкарні адмовілі рэдактару Анджэю Пісальніку друкаваць газету СПБ «Głos znad Niemna». У той самы час праўладны СПБ пачаў друкаваць свой варыянт «Głos znad Niemna», які палякі Беларусі назвалі «гадзінувкай» (так называліся польскія газеты, якія выходзілі ў Варшаве пад нямецкай акупацыяй).

Адабраная беларускімі ўладамі галоўная сядзіба СПБ у Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Тады мы з калегамі выйшлі з пратэстам на плошчу Леніна, пасля чаго нас арыштавала міліцыя. Нас пакаралі вялікімі штрафамі, але справу ўдалося агучыць у Польшчы і журналісты з польскіх рэдакцый сабралі грошы, каб выплаціць гэтыя штрафы. Пад Польскім домам таксама некалькі дзён трывалі пікеты, на які збіраліся каля 300 чалавек. Падтрымаць нас прыехаў тагачасны лідар партыі «Грамадзянская Платформа» Дональд Туск, аднак адразу пасля таго, як яго павезлі на сустрэчу ў консульства, пратэстоўцаў разагнаў АМАП. Найбольш актыўных арыштавалі, у тым ліку і мяне на 10 содняў», – распавядае Анджэй Пісальнік.

У той жа час па ўсіх беларускіх каналах транслюецца прапагандысцкі фільм, дзе Анджэліку Борыс, Анджэя Пачобута. Анджэя Пісальніка ды іншых дзеячаў СПБ абвінавачваюць у падрыхтоўцы каляровай рэвалюцыі і спробе зрабіць з Гарадзеншчыны другое Косава.

Адраджэнне арганізацыі і сыход у падполле

Май 2005 г., Анджэй Пісальнік збіраецца вылезці праз вакно кватэры Анджэлікі Борыс, каб пазбегнуўшы затрымання міліцыяй, паехаць на з’езд палякаў у Ваўкавыску, арганізаваны беларускімі ўладамі. Фота з архіва СПБ.

У сваю чаргу польскі ўрад не падтрымаў ініцыяваны беларускімі ўладамі з’езд і выбары СПБ у Ваўкавыску і дагэтуль працягвае падтрымліваць Анджэліку Борыс і Саюз палякаў, які дзейнічае падпольна.

«Фармальна разагнаная была толькі Галоўная рада, але асяроддзе палякаў Беларусі засталося. Доўгі час нашай сядзібаю была кватэра Анджэлікі Борыс, дзе мы сустракалісz, хоць нам пагражаў арышт. Мы мусілі прызвычаіцца працаваць у новых падпольных умовах. Гісторыя Польшчы паказвае, што для палякаў гэта не ў першыню. Так было і ў нас. Кожны пачаў дзейнічаць у той сферы, за якую быў адказны, нехта за адукацыю, нехта за культуру. Людзі ў рэгіёнах часам збіраліся ў лесе, каб паспяваць разам песні або проста пагутарыць. Пасля дамовы з калегамі ў Польшчы, мы пачалі выдаваць «Głos znad Niemna» са штампам «у бежанстве». Раней перавозіць наклады цераз мяжу нам дапамагалі звычайныя перавозчыкі тавару. Часам прыходзілася патаемна забіраць пачкі з газетамі па гаражах. Такім чынам мы друкуемся ўжо 13 гадоў. Такія былі пачаткі. З часам удалося выпрацаваць мадэль дзейнасці пад прыкрыццём бізнес-структураў. Так мы працуем і сёння», – тлумачыць Анджэй Пісальнік.

Першы нумар газеты «Głos znad Niemna» у бежанстве. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Некалькі гадоў таму каля адабранага Польскага дому ў Горадні стаяла таблічка з рэкламай масажу ног рыбкамі Гара Руфа. Сёння памяшканні таксама здаюцца ў арэнду. У адабраным доме СПБ у Івянцы сёння знаходзіцца пахавальнае бюро. Так сталася з большасцю дамоў, якія належалі Саюзу палякаў, якія былі аддадзены ў арэнду. Гэта выдатны паказнік дзейнасці штучнай арганізацыі, створанай уладамі, – лічыць Анджэліка Борыс.

Да гэтага часу ў Беларусі дзейнічае больш за 100 пляцовак непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў. Арганізацыя налічвае больш за 10 тыс. сяброў і па сённяшні дзень з’яўляецца самай вялікай незалежнай арганізацыяй Беларусі.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары