Слова як злачынства. Чаму рэжым так жорстка карае каментатараў у інтэрнэце


Абразы, паклёпы, распальванне варожасці. У Беларусі за слова з трох літараў у каментары на «Аднакласніках» – прыкладам, за «чмо», – могуць пазбавіць волі на некалькі гадоў. Такіх прысудаў – тысячы. Праваабаронцы кажуць пра шырачэзны маштаб з’явы і вылучаюць справы, заведзеныя за вербальныя злачынствы, у асобную катэгорыю – дыфамацыйных. Гэта яшчэ не орўэлаўскае «думзлачынства», але ўжо вельмі блізка. Разбіраемся, колькі людзей асудзілі ў Сінявокай за моцныя словы, якія тэрміны ім даюць і як будзем развязваць справы з абразамі ў вольнай Беларусі.

Кожная трэцяя справа – за словы

Са звестак праваабаронцы «Вясны» Паўла Сапелкі, на 3 снежня 2021 года было вядома пра 1235 асуджаных у крымінальных справах, распачатых за ўдзел у пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў і за рознага кшталту паслявыбарчую актыўнасць. Каля 450 з іх (36 %) – гэта прысуды за паклёпы і абразы службовых асобаў, суддзяў ці прэзідэнта. І гэта – не ўлічваючы выракаў за «распальванне варожасці» (арт. 130 КК), бо, паводле Сапелкі, гэтыя выпадкі «могуць выглядаць па-рознаму».

«Атрымліваецца, што больш чым кожная трэцяя крымінальная справа, якая разглядаецца ў сувязі з пратэстамі, – гэта справа, звязаныя са злачынствамі словам», – канстатуе праваабаронца.

Сапелка заўважае, што найбольш прысудаў у гэтай катэгорыі – за абразу прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК). Такіх каля 300.

Артыкулы
Праваабаронца Павел Сапелка: Статус палітвязня здымае з чалавека цэтлік злачынцы
2021.11.28 07:30

Пры гэтым праваабаронцы ведаюць не пра ўсе выпадкі асуджэння за вербальныя злачынствы, дык выніковая лічба можа быць большая. Пра апраўдальныя прысуды ў падобных справах – не чуваць.

Што такое дыфамацыя

Тэрмін «дыфамацыя» паходзіць з лацінскага diffamatio, што азначае ‘знеслаўленне, пазбаўленне гонару’. У сучаснай юрыдычнай практыцы – распаўсюд ганебных звестак (няважна, праўдзівых ці не).

У Крымінальным кодэксе Беларусі праваабаронцы адзначаюць 7 артыкулаў, якія замацоўваюць адказнасць за дыфамацыю:

  • «Паклёп» (арт. 188) – абмежаванне волі да трох гадоў;
  • «Абраза» (арт. 189) – абмежаванне волі да трох гадоў;
  • «Паклёп у дачыненні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (арт. 367) – пазбаўленне волі да пяці гадоў;
  • «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (арт. 368) – пазбаўленне волі да трох гадоў;
  • «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369) – абмежаванне волі да трох гадоў;
  • «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» (арт. 369.1) – пазбаўленне волі да двух гадоў;
  • «Абраза суддзі ці засядальніка» (арт. 391) – абмежаванне волі да трох гадоў.

У гэты спіс можна дадаць і арт. 130 КК («Распальванне нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці»), бо, на думку Паўла Сапелкі, у ім вядзецца пра тыя ж дыфамацыйныя дзеянні – толькі без канкрэтнага адрасата.

«Калі чалавек абражае канкрэтнага міліцыянта, то яму, найхутчэй, выставяць арт. 369, а калі ўсіх службовых асобаў агулам, то цалкам магчыма, што яго будуць пераследаваць па 130-м артыкуле», – тлумачыць праваабаронца.

Чаму беларусы не выбіраюць словаў

Як сцвярджае Павел Сапелка, асноўная крыніца справаў за дыфамацыю ў Беларусі – інфармацыйная прастора: чаты і сацсеткі ў інтэрнэце, СМІ. Суды за вусную абразу ці паклёп – рэдкі выпадак.

Анджэй Пачобут пасля вызвалення ў 2011 годзе. Горадня, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Прэцэдэнты асуджэнняў за дыфамацыю ў Беларусі былі і раней. Але часцей пад пераслед за словы падпадалі якраз «прафесіяналы слова» – журналісты. Згадаем справы Віктара Івашкевіча (2001, паклёп і абраза прэзідэнта), Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі (2002, паклёп і абраза прэзідэнта), Анджэя Пачобута (2011, паклёп на прэзідэнта). Сёлета Пачобут ізноў апынуўся за кратамі – і другі раз за дыфамацыйны артыкул: за распальванні варожасці (арт. 130 КК).

Аднак да 2020 года такіх справаў было няшмат. Сапраўдны вал судоў за каментары ўсчаўся пасля 9 жніўня.

«Насамрэч людзі чынілі гэта не таму, што раптам сталі настолькі нястрыманымі і нявыхаванымі. Проста многія, пабачыўшы беззаконне, распаўсюдзілі свае ацэнкі на ўсіх, хто носіць форму ці хто наагул знаходзіцца на дзяржаўнай службе. Гэта, хутчэй за ўсё, няправільна. Але гэта тлумачыцца паводзінамі самой дзяржавы і яе прадстаўнікоў. Я думаю, што паток абразаў, які пачаў вылівацца на прадстаўнікоў сілавых структур, быў бы не такі імклівы, шырокі і абʼёмны, калі б дзяржава паказала хаця б мінімальныя высілкі для расследавання актаў катавання і для пакарання вінаватых», – лічыць праваабаронца Павел Сапелка.

Суддзі хаваюць знявагі

Канкрэтныя словы, з нагоды якіх заводзілі крымінальныя справы за знявагу ці паклёп, не заўсёды вядомыя. Павел Сапелка звяртае ўвагу на характэрны момант: у тэкстах выракаў суддзі, як правіла, замоўчваюць, якім канкрэтна выказваннем асуджаны зняважыў ці абылгаў пацярпелага.

«Чаму? Як мне падаецца, гэтыя прысуды захоўваюцца нашмат даўжэй, чым матэрыялы крымінальнай справы. І з часам чалавеку будзе складана нават патлумачыць іншым, што ж насамрэч ён учыніў і што сказаў», – мяркуе праваабаронца.

Гісторыі
«Амаль месяц ад брата няма звестак, невядома, дзе ён». Размова з сястрою затрыманага ў «справе Зельцара»
2021.11.07 01:40

Самы ганебны выпадак

Павел Сапелка кажа, што было шмат выпадкаў, калі зняважлівы сэнс выказвання быў спрэчны ці калі абразы накіроўваліся, хутчэй, на сітуацыю, чым на асобу. У якасці аднаго з самых абсурдных і ганебных выпадкаў прыводзіць асуджэнне чалавека, які сам стаўся ахвярай міліцэйскага гвалту: супрацоўнікі МУС збівалі яго нагамі – і ў момант, калі яго білі, мужчына выкрыкнуў нецэнзурнае слова.

«Ці то на адрас кагосьці, ці то ў цэлым як ацэнку іх дзеянняў. Слова напаўцэнзурнае нават. І вось, замест таго, каб расследаваць жорсткае абыходжанне ў дачыненні гэтага чалавека, СК завёў крымінальную справу за абразу службовых асобаў», – дзеліцца Сапелка.

Пералічваць праз коску ўсе такія выпадкі праваабаронца лічыць за лішняе, бо «калі нават выключыць самыя ганебныя выпадкі практыкі, то праз гэта агульная практыка не перастане быць няправільнай».

Але пералічым колькі прыкладаў

  • «Адольф Григорьевич Лукашенко»: 2,5 года калоніі (ч. 1 арт. 368 КК).
  • «Мра*ь кончаная»: 3 гады «хіміі» (арт. 369 КК).
  • «Г*ўно, а не людзі»: 2,5 года «хіміі» (арт. 369 КК).
  • «Сволочь»: 2 гады «хіміі»
  • «Ну і рожа»: 3 гады хатняй «хіміі» (арт. 369 КК).
  • «Узурпатар»: 2 гады «хатняй хіміі» (арт. 368 КК).
  • «Сядзіць тут нейкі хлышч малады»: 1,5 года «хатняй хіміі» (арт. 391 КК – абраза суддзі).
  • «Чмо»: 2 гады «хатняй хіміі» (арт. 369 КК).
Вольга Насыр за каментар «вусаты таракан» атрымала год хіміі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Жанчына мае непаўналетняе дзіця, віну прызнала цалкам. Суддзя Трусевіч Максім. Менск, Беларусь. 23 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Лёгкі хлеб для следчых?

Ёсць меркаванне, што для следчых падобныя справы – лёгкі хлеб, і акурат гэтым, маўляў, тлумачыцца вялікая колькасць справаў за каментары ў сеціве. Але Павел Сапелка кажа, што прычына не ў лёгкасці: з цяперашнім павярхоўным падыходам і з поўным занядбаннем правоў і свабодаў у працэсах, аднолькава лёгка даказваецца віна ў злачынствах паводле любога артыкулу. Прыкладам, арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»): бяры фота любога чалавека, які стаіць на праезнай частцы падчас пратэстаў, – і гэта ўжо патэнцыйны падазраваны, потым – абвінавачаны, потым – асуджаны.

«Дакладна так і з дыфамацыяй. Адкрыць любыя сацсеткі, дзе абмяркоўваюць сацыяльна-палітычныя тэмы, – і выбірай тыя з іх, якія былі адпраўленыя з Беларусі беларускімі грамадзянамі. Хаця практыка паказвае, што не абавязкова нават з тэрыторыі РБ.

Быў выпадак, калі асудзілі чалавека, які адправіў каментар са стаянкі цяжкавікоў у Італіі. Па вяртанні яго асудзілі. І нікога не бянтэжыла, што, магчыма, паводле італьянскіх законаў гэта не злачынства. Ніхто не пераймаўся: судзілі паводле беларускіх – і ўсё на гэтым», – расказвае праваабаронца.

Аляксей Ліпень, якога за каментары ў Тэлеграме абвінавацілі па двух артыкулах крымінальнага кодэкса (арт. 369 – публічная абраза прадстаўніка ўлады, і арт. 364 – пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка МУС), атрымаў 5 гадоў «хіміі». Менск, Беларусь. 13 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Закон працуе ў адзін бок

Сапелка ўпэўнены, што парадак дзеянняў вызначаюць не следчыя і нават не Следчы камітэт.

«Я думаю, што гэта такая агульная палітыка, якая дзейнічае па ўсіх франтах. Гэта проста нагнятанне страху, усеагульнага ціску. Гэта дэманстрацыя таго, што кожны, хто адважыўся выказацца пра існую ўладу, – будзе знойдзены і прыцягнуты да адказнасці. Яны гэтага і не хаваюць, так прыкладна і фармулююць гэты падыход, – кажа Павел Сапелка. – Але тут самае крыўднае і абуральнае, што закон у гэтай сітуацыі працуе толькі ў адзін бок. Таму што службовыя асобы розных узроўняў, прапагандысты, зусім не абмяжоўваць сябе ў выказваннях у дачыненні палітычных апанентаў. Гэта мы чуем па тэлебачанні, у афіцыйных прамовах. І такі селектыўны падыход да крымінальнага пераследу стварае ўсеагульную атмасферу страху і суцэльных забаронаў».

Затрыманне мужчыны за майку, у сувязі з якім быў пост, на каментар пад якім пакрыўдзіўся начальнік Маладзечанскага РАУС. Маладзечна, Беларусь. 3 ліпеня 2020 года.
Фота: Настасся Уткіна / Rh.by

Як мае быць

Праваабаронца Павел Сапелка кажа, што арыентавацца трэба на меркаванні міжнародных экспертаў у галіне свабоды слова, і фармулюе прынамсі тры патрабаванні.

  1. Справы аб дыфамацыі мусяць разглядацца без уліку службовай пасады той ці іншай асобы, бо ўсе людзі маюць права на роўную абарону законам.
  2. Дзяржава не мусіць пазбаўляць волі за дыфамацыйныя злачынствы (з пункту гледжання праваабаронцаў, абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ разглядаецца як пазбаўленне волі). А наагул – дэкрыміналізаваць іх. Гэта стандарт. І канчатковая мэта.
  3. Цывілізаваны спосаб развязвання такіх канфліктаў – грамадзянскі суд. У кожнага чалавека ёсць права звярнуцца туды, каб абараніць гонар і годнасць ці спагнаць маральную шкоду ў сувязі з абразай ці паклёпам, зняпраўдзіць звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці.

Як будзе ў вольнай Беларусі

«Пачынаць трэба будзе, канечне, з заканадаўства. І выключыць з Крымінальнага кодэксу такія артыкулы, як «Паклёп на прэзідэнта» і «Абраза прэзідэнта», па якіх цяпер яшчэ і ўзмацнілі пакаранне. Таксама – артыкул «Абраза прадстаўніка ўлады». У пераходны перыяд яны, можа быць, і могуць заставацца ў Крымінальным кодэксе, але пакаранні па іх не павінны быць звязаныя з пазбаўленнем волі. Хай будуць фінансавыя пакаранні, можа, грамадскія працы», – мяркуе Павел Сапелка.

Ён таксама кажа, што важна будзе змяніць практыку ўжывання законаў у гэтай вобласці. Грунтаваць яе на практыцы дамоўных органаў Еўрапейскага суда правоў чалавека і сыходзіць з тых прынцыпаў і тых каштоўнасцяў, якія яны бароняць.

«Найперш – з прынцыпу свабоды выказвання меркаванняў, які дапускае, што гэтая свабода можа быць абмежаваная, але кажа пра тое, што любое абмежаванне гэтай свабоды мае быць прапарцыянальным і не павінна адмяняць сутнасці гэтай самай свабоды», – падсумоўвае Павел Сапелка.

Артыкулы
Да шасці гадоў турмы за каментар. Размова з жонкаю жыхара Наваградку, затрыманага за «спрыянне экстрэмізму»
2021.10.22 08:30

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў