Сігнал маўчаць ці культ беднасці? Што значаць затрыманні топ-супрацоўнікаў A1, «Hyundai» і EPAM


Ці трэба хвалявацца за свой бізнес кампаніям, супрацоўнікаў якіх затрымалі ў канцы мінулага тыдня? Спыталі ў Валера Цапкалы і Кірыла Валошына.

Кадры з «пакаяльных відэа» прэс-сакратара тэлекам-кампаніі A1 Мікалая Брэдзелева, дырэктара маркетынгу і продажу аўтамабіляў «Хёндэ Аўтаград» Сяргея Бабашкова і галоўнага бізнес-аналітыка IT-кампаніі EPAM Дзяніса Насура.
Фота: ГУБАЗіК

10 снежня сілавікі затрымалі прэс-сакратара тэлекам-кампаніі A1 Мікалая Брэдзелева (яго ўжо асудзілі на 15 дзён арышту), дырэктара маркетынгу і продажу аўтамабіляў «Хёндэ Аўтаград» (дылера «Hyundai» у Беларусі) Сяргея Бабашкова, 11 снежня – галоўнага бізнес-аналітыка IT-кампаніі EPAM Дзяніса Насуру. З усімі трыма публікавалі «пакаянныя відэа» – затрыманыя казалі пра падпіску на «экстрэмісцкія» Telegram-каналы, называлі свае заробкі, першыя два «каяліся» ў гомасексуальнасці. Звязаныя з сілавікамі праўладныя каналы заклікаюць «сканфіскаваць» і нацыяналізаваць A1.

Што значыць для кампаніяў гэтая серыя затрыманняў?

Былы кіраўнік «Парку высокіх тэхналогіяў», а цяпер палітык Валер Цапкала кажа «Белсату», што гэта можа быць сігналам камерцыйным кампаніям, каб яны «адмовіліся ад думкі фінансаваць нейкія грамадзянскія рухі», а таксама каб «вялі ідэалагічную працу» з працаўнікамі.

Валер Цапкала дае прэсавую канферэнцыю пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. 22 траўня 2020 года.
Фота: «Белсат»

Ён згадвае, што і ў ПВТ улады хацелі стварыць нізавыя арганізацыі БРСМ або абавязкова ўключыць усіх у прафсаюзы – калі Цапкала кіраваў ПВТ, ад гэтага адмовіліся. Гэта можа быць і сігналам адпаведным краінам, з якімі звязаныя кампаніі: Аўстрыі, Паўднёвай Карэі і Злучаным Штатам, мяркуе ён.

«Пакаваць рэчы» і выводзіць актывы кампаніям наўрад ці варта, мяркуе Цапкала. Ды і кампаніі, работнікаў якіх нядаўна затрымалі, вельмі розныя: для «Hyundai» беларускі рынак амаль незаўважны ў агульнай працы; у EPAM галоўны актыў – гэта дзясятак тысяч чалавек, якіх няпроста адразу вывезці (але і няпроста «нацыяналізаваць»); у A1 супрацоўнікаў значна менш, але шмат інфраструктуры, ды за нацыяналізацыю актываў кампанія можа падаць у міжнародны суд, перамагчы і дамагчыся арышту беларускіх актываў за мяжой.

Hавiны
«A1 Telekom Austria Group» не атрымлівала афіцыйных прэтэнзіяў ад уладаў Беларусі
2021.12.13 08:53

Сузаснавальнік TUT.bу і Hoster.bу Кірыл Валошын кажа «Белсату», што затрыманні менавіта высокапастаўленых супрацоўнікаў кампаніяў могуць быць супадзеннем, наўрад ці гэта спроба «аджаць» кампаніі. Але гэта можа быць спробай пагражаць і спробай распальваць варожасць.

Кірыл Валошын. Фота start.by

«Я не ўпэўнены, што кампаніі A1 трэба пачынаць хвалявацца за свае актывы на падставе таго, што забралі яе прэс-сакратара, – разважае Валошын. – Калі, не дай божа, пачнуцца нейкія масавыя пасадкі менеджменту, праверкі, фэйкавыя падатковыя справы, тады, напэўна, трэба хвалявацца за сваю маёмасць».

Валошын дадае: адгадаць, ці стануць адбіраць кампаніі, складана. Ён згадвае жарт аб тым, што шанцы сустрэць дыназаўра на вуліцы – «50 на 50, можаш не сустрэць, можаш сустрэць». Так і ў Беларусі: могуць закрыць кампанію, могуць не закрыць. Да разгрому TUT.bу, нагадвае Валошын, нікому ў галаву не магло прыйсці, што можна проста ўзяць і закрыць асноўныя медыі краіны, што можна пасадзіць людзей паводле надуманай справы і што дзяржаве за гэта нічога не будзе.

«Добра зарабляеш? Фу! Яшчэ і гей, напэўна»

На думку Валошына, на першым месцы ў гэтых затрыманнях і «пакаянных відэа» не пагроза кампаніям, а распальванне варожасці, бо гэткія відэа – «самы просты спосаб гэтую варожасць выклікаць у вачах ябацек».

Аўдыторыі паказваюць паспяховых, разумных, добра апранутых людзей з высокімі заробкамі, а аказваецца, што ў іх аж два «страшныя грахі»: «няправільная сексуальная арыентацыя» і падпіска на «экстрэмісцкія» каналы ці ўдзел у пратэстах. А для людзей, якія звыклі да турэмных кастаў і да таго, што гомасексуалы – «апушчаныя», гэта нейкая стыгматызацыя, адзначае Валошын.

Ён згадвае нядаўні допіс эканаміста Льва Львоўскага і разважае: гомасексуальнасць такімі тэмпамі стане ці не «прыкметай добрага тону» і годнасці чалавека. Маўляў, бел-чырвона-белы сцяг забараняюць – добры сцяг, трэба браць; беларускую мову забараняюць і знішчаюць – трэба адраджаць гэтую мову.

Цапкала таксама лічыць адной з прычынаў такіх «пакаянных відэа» спробу пасеяць у грамадстве нейкую сацыяльную варожасць, «падзяляць і ўладарыць»:

«Паказаць: вось, глядзіце, жыруюць, а яшчэ нечым незадаволеныя, а вы, рабочыя, мала зарабляеце, то вось ваш вораг, а не рэжым, з-за якога вы зарабляеце капейкі, – апісвае Цапкала магчымую хаду думкі. – Спроба пасеяць класавую нянавісць, нянавісць між рознымі пластамі насельніцтва. Пасварыць, выклікаць зайздрасць».

У гэтым, мяркуе Цапкала, асноўная подласць дзейнага рэжыму: не рабіць усіх беларусаў багатымі, а знаходзіць багатых, рабіць іх у чымсьці вінаватымі і проціпастаўляць тым, хто зарабляе менш.

ВІДЭА
Лукашэнка назваў беларускіх банкіраў «зборышчам тлустых катоў»
2017.11.16 12:48

За сказанае на «пакаянных відэа» нельга асуджаць

Чым бы гэта ні было, Цапкала падкрэслівае: затрыманых нельга асуджаць за сказанае ў «пакаянных відэа», як нельга асуджаць і зняволенага Рамана Пратасевіча.

Цапкала нагадвае, што відэа з палоннымі запісвалі яшчэ камуністы ў час в’етнамскай вайны – вядома, што людзі, каб пазбегчы катаванняў, скажуць што заўгодна. Ён нагадвае і легенду пра інструкцыі ізраільскім салдатам, якія трапілі ў палон (ці праўда палоннаму ізраільскаму салдату дазволена выдаваць сакрэты, невядома: у адкрытых загадах гэта забараняецца, але дырэктывы пра палон засакрэчаныя).

Прызнанні, атрыманыя праз гвалт ці пагрозу гвалту, не прызнаюцца доказам у міжнароднай практыцы і не прымаюцца судамі, дадае Цапкала. І наўрад ці ўплываюць на грамадскую думку.

Аб’ектыў
Як не сесці за публікацыі ў сацыяльных сетках
2021.10.08 22:32

АА belsat.eu

Стужка навінаў