«Паганыя жонкі» і «няўдачнікі». Топ-5 цытатаў Ярмошынай


Былая старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адпрацавала на сваёй пасадзе 25 гадоў, зладзіўшы за гэты час пяць прэзідэнцкіх кампаніяў. Несумненна, за такі тэрмін Ярмошына запомнілася не толькі падвядзеннем вынікаў на выбарах, але і яркімі выказваннямі на розныя тэмы. «Белсат» зрабіў падборку пяці самых запамінальных цытатаў Лідзіі Ярмошынай.

Hавiны
Цэнтрвыбаркам Беларусі ўзначаліў Ігар Карпенка
2021.12.13 11:59

Пра кандыдатаў-мужчынаў

У сакавіку 2006 года ў Беларусі прайшлі трэція прэзідэнцкія выбары. У выбарчай кампаніі тады ўдзельнічалі чатыры палітыкі – усе мужчыны.

На этапе рэгістрацыі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына груба выказалася пра Аляксандра Казуліна, які прапанаваў адправіць Лукашэнку ў адпачынак на перыяд агітацыйнай кампаніі.

«Самае брыдкае ў мужчыну – гэта дробязнасць і звяглівасць. Кандыдат на прэзідэнцтва, калі ён мужчына, павінен быць спачатку мужчынам, а потым – усё астатняе».

Аляксандр Лукашэнка і Лідзія Ярмошына ўзгаднілі дату выбараў-2020. Скрыншот са старонкі president.gov.by

Пра жанчын на мітынгах

Рэзка выказвалася былая старшыня ЦВК і пра беларускіх жанчын. Лідзія Ярмошына апраўдала жорсткі разгон акцыі пратэсту ў Менску 19 снежня 2010 года.

«Я жудасна расчараваная жаночай часткай маладога пакалення – яны паскудныя маці, яны паганыя жонкі, яны нядобрыя, неміласэрныя людзі. Таму – трэба іх хутчэй заклікаць да баршчу, дзяцей, кніг і гэтак далей».

Паводле Лідзіі Ярмошынай, жанчына, калі робіцца маці, не мае права хадзіць на мітынгі.

«Ты не маеш права а 9-й гадзіне вечара ў нядзелю кінуць сваё дзіцё і сноўдацца дзесьці з мужыкамі. Ты жанчына і маці. Нельга даводзіць эмансіпацыю да абсурду. А яна даведзеная. Калі чалавецтва загіне, то – з віны жанчын. Бо яны забываюць сваё прызначэнне жанчыны і маці».

Пра байкот выбараў

У 2015 годзе адбыліся пятыя прэзідэнцкія выбары ў нашай краіне, якія не адзначыліся ні яркай кампаніяй, ні акцыямі пратэсту. Усё проста: за год да выбараў апазіцыя спрабавала дамовіцца пра адзінага кандыдата, але ў выніку заклікала байкатаваць кампанію.

На гэткі заклік адгукнулася Лідзія Ярмошына.

«Гэта забаронена заканадаўствам, але, тым не менш, у той ці іншай форме падобныя заклікі гучаць. Яны гучаць з боку няўдачнікаў».

Лідзія Ярмошына падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2016 годзе, архіўнае фота tut.by

Пра моладзь ва ўладзе

Акрамя сексісцкіх выказванняў у адносінах мужчынаў і жанчын адзначылася Лідзія Ярмошына і эйджызмам. На парламенцкіх выбарах у 2019 годзе ў якасці кандыдатаў паспрабавала зарэгістравацца вялікая колькасць моладзі. Лукашэнка падтрымаў з’яву, назваўшы добрай ідэяй. Аднак старшыня ЦВК мела іншае меркаванне:

«У мяне асабістая пазіцыя як выбарніцы і дзяржаўнай чыноўніцы, у дэпутаты павінныя ісці людзі спелыя… Сёлета павялічылася колькасць кандыдатаў да 30 гадоў – прынамсі, з шэрагу выстаўленых. Хаця вы ўсе ведаеце маю пазіцыю наконт гэтага. Я лічу, што чалавек павінен спачатку рэалізавацца прафесійна, а потым ужо ісці ў дэпутаты».

Пра скаргі кандыдатаў на прэзідэнцтва

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года ў былых кандыдатаў на прэзідэнцтва назапасілася вялікая колькасць падставаў для скаргаў у ЦВК. Цягам наступных двух содняў кандыдаты Святлана Ціханоўская, Андрэй Дзмітрыеў, Сяргей Чэрачэнь і Ганна Канапацкая падалі свае скаргі на правядзенне і вынікі выбараў, аднак усе яны былі адхіленыя Лідзіяй Ярмошынай.

«Усе адхіленыя. У нас жа выбару няма. Калі людзі думаюць, што мы перагледзім і прысудзім перамогу Ціханоўскай, так не бывае. Калі выяўленыя парушэнні, як яны лічаць, у гэтым выпадку выбары могуць быць прызнаныя несапраўднымі. Гэта значыць, што цягам трох месяцаў павінна зноў прайсці наступная выбарчая кампанія з новымі кандыдатамі. Я і сказала: «Мы можам проста згубіць краіну».

ВК, belsat.eu

Стужка навінаў