14 снежня агучаць прысуд у «справе Ціханоўскага – Статкевіча – Лосіка». Што вядома пра судовы працэс?


Прысуд Сяргею Ціханоўскаму, Міколу Статкевічу, Ігару Лосіку ды іншым абвінавачаным у гэтай справе могуць вынесці ўжо 14 снежня. «Белсат» прыгадвае, што вядома аб працэсе і фігурантах.

Прысуды Сяргею Ціханоўскаму, Мікалаю Статкевічу, Ігару Лосіку, Арцёму Сакаву і Дзмітрыю Папову будуць вынесеныя 14 снежня. Гэта адбудзецца а 14-й гадзіне на тэрыторыі гомельскага СІЗА, дзе яны сядзяць. Усе працэсы ў гэтай справе праходзяць у закрытым рэжыме.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЮШ / Белсат

У справе – ад 110 да 140 тамоў

Суд над шасцю актывістамі і блогерамі ў «справе Ціханоўскага» распачаўся 24 чэрвеня ў Гомельскім СІЗА ў закрытым рэжыме.

Гомельскі СІЗА быў ачэплены яшчэ да пачатку судовага паседжання. Усе ўваходы, акрамя аднаго, былі заблакаваныя. Свабодны ўваход кантраляваўся ДАІ і людзьмі ў цывільным. Сваякам абвінавачваных забаранілі здымаць каля СІЗА. Родным не дазволілі прысутнічаць на працэсе, аднак туды пусцілі прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ.

Гісторыі
«Уся мужчынская праца была на Міколу». Як Марына, сабака, трое катоў і сінічкі чакаюць Міколу Статкевіча
2021.01.28 07:50

Гомельскі абласны суд прыняў рашэнне закрыць працэс «у мэтах запэўнівання бяспекі ўдзельнікаў працэсу і абароны таямніцы, якая ахоўваецца законам». Аднак у чым складаецца небяспека, для каго менавіта і якая таямніца, не тлумачыцца. Грамадзяне звярталіся па тлумачэнні да старшыні Гомельскага абласнога суда Сяргея Шаўцова, але і ён не праясніў пытання, толькі заявіў, што рашэнні, звязаныя з прызначэннем і рыхтаваннем судовага разбору, прымаюцца суддзёй аднаасобна, і пастанова аб прызначэнні судовага разбору абскарджанню не падлягае.

З пачатку суда да 7 верасня справу разглядаў суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Бакуноў. 7 верасня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэнні Бакунова на пасаду старшыні суда Чыгуначнага раёну Гомля. Справу працягнуў разглядаць суддзя Мікалай Доля.

Вядома, што ў справе – ад 110 да 140 тамоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alexander Janetzko / Berlinale 2021

Фігурантаў «справы Ціханоўскага» абвінавачваюць у арганізацыі масавых закалотаў, перашкодзе ажыццяўлення выбарчых правоў, распальванні варожасці.

Генеральная пракуратура выставіла пазоў да абвінавачаных памерам Br 3 000 078 ($ 1 200 000).

Ціханоўскага пакінулі без адваката напярэдадні выраку

Што ж вядома пра кожнага з фігурантаў і ў чым іх абвінавачваюць?

Сяргей Ціханоўскі (42 гады) – аўтар YouTube-каналу «Краіна для жыцця» аб праблемах звычайных беларусаў і заснавальнік аднайменнага палітычнага руху. Спачатку выстаўляў сваю кандыдатуру на прэзідэнцтва самастойна, але пазней падтрымаў ідэю Міколы Статкевіча аб «кандыдатах пратэсту». Ціханоўскаму не далі зарэгістраваць уласнай ініцыятыўнай групы, пасадзіўшы пад арышт за «несанкцыянаванае мерапрыемства» падчас падачы дакументаў. Замест яго ў кандыдаты пайшла жонка – Святлана Ціханоўская. Ён жа зрабіўся даверанай асобаю жонкі і ўдзельнічаў у ейнай кампаніі.

Ціханоўскага затрымалі 29 траўня ў Горадні, зладзіўшы правакацыю на легальным пікеце. Пасля той правакацыі распачалі справу за «гвалт над міліцыянтам», аднак нікога з шасці фігурантаў справы пводле гэтага артыкулу не судзілі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Сяргею Ціханоўскаму выставілі абвінавачанне паводле чатырох крымінальных артыкулаў: «Арганізацыя масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 КК РБ), «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК РБ), «Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў» (ч. 2 арт. 191 КК РБ) і «Распальванне варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК РБ). Самая сур’ёзная санкцыя – паводле апошняга артыкулу: да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Адвакатку Ціханоўскага, Наталлю Мацкевіч, якая таксама абараняла Віктара Бабарыку і Міколу Дзядка, пазбавілі ліцэнзіі. Блогер быў вельмі абураны гэтым.

«Выдаленне адваката якраз перад судовымі спрэчкамі парушае маё права на абарону, нават пазбаўляе мяне абароны. Бо, апроч гэтага, яшчэ і суд закрыты, і я не магу ані сведак запрасіць, ані доказы далучыць да справы. Наталля абараняла мяне з самага пачатку, больш за 500 дзён, і цяпер нават у фінале ёй не далі выступіць. Я ў шоку ад такой несправядлівасці!» – напісаў у лісце Ціханоўскі.

У лістах з СІЗА Ціханоўскі распавядаў, што ў яго пахіснулася здароўе, падымаецца ціск, а праз гэта пагоршыўся зрок. Ціханоўскі цытуе радкі Байрана пра турму, свабоду і сыноў народу: «Гэтыя радкі як быццам я сам напісаў, яны пра нас». Піша, што бывае на шпацырах, але яны адбываюцца ў бетонным дворыку, і нават неба там не відаць.

Статкевічу не дазваляюць сустрэцца з жонкай

Арцём Сакаў (26 гадоў) – былы памежнік, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і адзін з відэааператараў YouTube-каналу «Краіна для жыцця». Палітычнай актыўнасці як такой не вёў – толькі здымаў відэаролікі для Ціханоўскага. Быў затрыманы 31 траўня ва ўласнай кватэры – пры тым, што быў на пікеце 29 траўня падчас правакацыі супраць Ціханоўскага, але тады яго не чапалі. Крымінальныя артыкулы – тыя самыя, што ў Ціханоўскага.

Мікола Статкевіч (64 гады) – лідар незарэгістраванай «Народнай грамады», былы старшыня партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада і былы старшыня Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Раней двойчы трапляў у няволю на працяглыя тэрміны з палітычных прычынаў: з 2004 да 2007 года – за пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў у Палату прадстаўнікоў, з 2010 да 2015 года – за пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў, на якіх быў кандыдатам. У 2020 годзе прапанаваў ідэю «кандыдатаў пратэсту»: стварыць як мага больш ініцыятыўных групаў і выкарыстоўваць выбары толькі дзеля легальнай магчымасці агітацыі супраць Лукашэнкі. Быў затрыманы 31 траўня 2020 года дарогаю на перадвыбарчы пікет на Камароўскім рынку ў Менску. Не ўдзельнічаў у гарадзенскім інцыдэнце. Яму выставілі адзін крымінальны артыкул: «Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых беспарадках» (ч. 1 арт. 293 КК РБ).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Марына Адамовіч, жонка палітыка Міколы Статкевіча, прамаўляе падчас мірнага пратэсту на праспекце Незалежнасці.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

На першае паседжанне Статкевіч увайшоў у судовую залу са словамі «Жыве Беларусь!». У верасні стала вядома, што палітык не наведвае паседжанняў: ён сам запатрабаваў гэтага, а потым быў выдалены да спрэчак бакоў.

Жонцы Міколы Статкевіча Марыне Адамовіч не дазваляюць сустрэцца з мужам. Чарговы раз у спатканні адмовіў суддзя Мікалай Доля 20 верасня.

Дзмітрый Папоў – у пікеце не ўдзельнічаў, абвінавачаны паводле тых жа артыкулаў

Дзмітрый Папоў (29 гадоў) – мадэратар (гэта значыць не аўтар, а толькі рэдактар каментароў) сацсетак «Краіны для жыцця», грамадзянін Расеі. З беларускімі пратэстамі раней звязаны не быў, у Расеі кіраваў ультрапатрыярхальным праектам «Мужское государство» і праектам дэананімізацыі сілавікоў «Сканер». Не ўдзельнічаў у гарадзенскім інцыдэнце. Як пазнаёміўся і пачаў супрацоўнічаць з Сяргеем Ціханоўскім, невядома. Знік увечары 4 чэрвеня, а да знікнення запісаў відэа, у якім сказаў, што яго шукаюць міліцыянты і хочуць прыцягнуць у крымінальнай справе «ці то за забойства, ці то за нашэнне зброі». Ды спачатку яго затрымалі ў межах адміністратыўнай справы і арыштавалі на 15 содняў, а толькі потым выставілі абвінавачванне ў «групавых дзеяннях». Цяпер у яго такі самы набор крымінальных артыкулаў, што ў Ціханоўскага.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Уладзімір Цыгановіч (40 гадоў) – прадпрымальнік, блогер і аўтар YouTube-каналу «MozgON». На сваім канале пераказваў спачатку эканамічныя і грамадскія, а потым і палітычныя навіны, стаў весці трансляцыі з розных акцыяў – не толькі з пікетаў Ціханоўскага. У 2019 годзе пачаў выказвацца супраць дарожнага падатку і росту цэнаў на бензін. Упершыню выказаўся пра Ціханоўскага восенню 2019 года – абурыўся ягоным затрыманнем і заклікаў прыйсці на суд над ім, пазней таксама падтрымліваў Ціханоўскага. 31 траўня 2020 года правёў трансляцыю пікету з Камароўкі, перад якім затрымалі Статкевіча. Самога Цыгановіча затрымалі 9 чэрвеня 2020-га і арыштавалі спачатку паводле адміністратыўнага артыкулу на 15 дзён за заклік сабрацца каля «Белнафтахіму», але затым абвінавацілі ў «групавых дзеяннях». Цяпер яго вінавацяць таксама і ў «масавых беспарадках».

Ігар Лосік: у СІЗА як у Асвенціме

Ігар Лосік (29 гадоў) – блогер, аўтар сеткі каналаў «Беларусь головного мозга» і кансультант беларускай службы радыё «Свабода». У 2011 годзе прыдумаў «маўклівыя пратэсты» (калі людзі проста збіраліся ў адным месцы без плакатаў і лозунгаў, бо «ўсе ўсё і так разумеюць»). У 2013 годзе завёў Twitter-акаўнт «РБ головного мозга», які неўзабаве зрабіўся адным з самых папулярных палітычных акаўнтаў у Беларусі. На сваіх каналах асвятляў усе палітычныя падзеі яшчэ да пачатку палітычнай актыўнасці Ціханоўскага, а ў 2020 годзе інфармаваў пра дзейнасць усіх патэнцыйных кандыдатаў. Быў затрыманы 25 чэрвеня ўдома ў Баранавічах. Спачатку яго абвінавацілі ў «групавых дзеяннях», а цяпер, як і Цыгановіча, і ў «масавых беспарадках». Аднак у чым дакладна вінавацяць Лосіка, дагэтуль невядома – ужо пасля затрымання сталі дадавацца іншыя «пратэставыя» артыкулы. Супраць Лосіка выставілі тры артыкулы: спачатку «Рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак», потым «Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых беспарадках», а ў сакавіку выставілі яшчэ адзін артыкул, які – дагэтуль невядома. Праз падпіску аб неразгалошванні адвакат не можа паведаміць пра абвінавачанні нават сваякам. Нягледзячы на тое, што пра справу вядома няшмат, Лосіка прызналі палітычным зняволеным.

Гісторыі
«Ехала ў Жодзіна ў паніцы, усю трэсла са страху». Жонка Ігара Лосіка – пра другое галадаванне палітвязня
2021.03.16 17:47

У зняволенні Ігар Лосік абвяшчаў галадоўкі – адмаўляўся прымаць ежу адзін раз цягам 42 дзён, потым яшчэ 4 дні. Падчас першай галадоўкі ў яго моцна пагоршыўся стан здароўя. Другую галадоўку Лосік абвяшчаў, калі яму выставілі новы артыкул абвінавачання. Тады ён на вачах у следчага пашкодзіў сабе руку на прыдалонні, каля жылаў. За другую галадоўку яго змясцілі ў карцар.

За 500 дзён Лосіку дазволілі пабачыць жонку толькі адзін раз, 27 траўня 2021 года: далі размаўляць па тэлефоне праз шкло.

На час арышту Паўліне, дачцэ Ігара і Дар’і Лосік, было паўтара года. Усе 500 дзён дачка не бачыла бацьку. Маці кажа дачцэ, што бацька ў камандзіраванні. Дар’я дзяжурыць пад сценамі СІЗА, калі ідуць судовыя паседжанні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дар’я i Паўліна Лосікі.
Фота: ТК / Белсат

З-за кратаў Ігар звяртаўся да Папы Рымскага, прасіў заступіцца не за яго асабіста, а за ўсіх беларусаў.

Распавядаў пра здзекі ў СІЗА: «Тут акрамя года незаконнага зняволення і закрытага «суда» вырашылі дабіць яшчэ знявагай чалавечай годнасці. Па-першае, бясконцыя раздзяванні, прысяданні ў голым выглядзе, суправаджэнне ў кайданках у позе «ластаўка», як быццам я нейкі асабліва небяспечны злачынец. Раз ці два на тыдзень у камеры ператрусы з трыбушэннем усіх рэчаў. <…> З гэтымі сталымі ператрусамі і раздзяваннем адчуваю сябе як вязень у Асвенціме, толькі што залатых каронак не выдзіраюць».

Каго яшчэ судзілі ў «справе Ціханоўскага»

Пасля правакацыі супраць Ціханоўскага ў траўні і на пачатку чэрвеня 2020 года затрымалі агулам 10 чалавек.

Аднак Яўген Разнічэнка, Зміцер Фурманаў, Уладзімір Навумік, Вяргілій Ушак, Аляксандр Арановіч, Сяргей Калмыкоў, Васіль Баброўскі і Уладзімір Кніга з невядомай прычыны не праходзяць у той жа справе, што Ціханоўскі і Сакаў, якія трапілі за краты праз тую правакацыю. Разнічэнку, Фурманава і Кнігу асудзілі 2 чэрвеня – прысудзілі адпаведна два, тры і чатыры гады калоніі. Арановіча 27 красавіка асудзілі на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Калмыкова адпусцілі з СІЗА 5 чэрвеня, але пакінулі ў статусе абвінавачанага. Баброўскі і Навумік былі вызваленыя пад падпіску аб нявыездзе 9 ліпеня 2020 года, Ушак – 30 ліпеня 2020-га.

Артыкулы
Два СІЗА, дзве турмы, калонія. Гісторыя Змітра Фурманава, які збіраў подпісы за Ціханоўскую
2021.10.28 12:46

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў