«Важкае такое падвышэнне». Міністарка працы распавяла пра рост пенсіяў, але не згадала пра інфляцыю


Міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч у эфіры беларускага дзяржаўнага тэлебачання распавяла пра рост пенсіяў. Паводле ейных ацэнак, у сярэднім ад снежня працоўныя пенсіі будуць складаць 670 рублёў. Атрымаецца, што за год (з снежня 2021-га да снежня 2022-га) яны вырастуць на 23%.

Жанчына сталага веку есць смятаннік, які яна толькі што набыла на Камороўскім рынку. Менск, Беларусь. 19 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Працоўныя пенсіі ад снежня павялічацца на 5% і складуць у сярэднім 670 рублёў, распавяла ў эфіры беларускага дзяржаўнага тэлебачання міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

«У параўнанні з снежнем летась гэта рост на 23%, альбо на 125 рублёў. Важкае такое падвышэнне для нашых беларускіх пенсіянераў», – мяркуе міністарка.

Яна адзначыла, што працоўныя пенсіі атрымліваюць большасць беларускіх пенсіянераў: болей, чым 80%.

Днямі Белстат абнародаваў звесткі пра інфляцыю ў краіне па стане на кастрычнік. У параўнанні з кастрычнікам летась грошы абясцэніліся на 15,2%. Затое ў параўнанні з мінулым месяцам, як падлічыў камітэт, у Беларусі зафіксавана дэфляцыя: цэны знізіліся на 1%.

Рэальныя даходы насельніцтва (то бок грошы, якія застаюцца на руках з улікам інфляцыі і пасля ўсіх неабходных плацяжоў) за студзень-жнівень сёлета знізіліся на 3,6% у параўнанні з гэтым жа перыядам летась.

Hавiны
Лукашэнка прызнаў, што беларускім пенсіянерам грошай хапае толькі на ежу і простую вопратку
2022.11.10 20:10

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў