Мінздароўя Беларусі адмаўляе перапоўненасць больніцаў расейскімі вайскоўцамі


Міністэрства аховы здароўя Беларусі зняпраўдзіла інфармацыю Генштабу ЗСУ пра перапоўненасць больніцаў у Берасцейскай вобласці расейскімі вайскоўцамі. Ведамства ў сваім Telegram-канале апублікавала фотаздымкі вольных месцаў, як сцвярджаецца, у шпіталях рэгіёну.

Вольныя ложкі ў больніцы ў Берасцейскай вобласці. Сцвярджаецца, што здымак зроблены 13 лістапада 2022 года.
Фота: Мінздароўя Беларусі / Telegram

Міністэрства аховы здароўя Беларусі адмаўляе перапоўненасць больніцаў у Берасцейскай вобласці расейскімі вайскоўцамі. У ведамстве сцвярджаюць, што ў шпіталях рэгіёну проста зараз вольныя больш за 400 ложкаў. У якасці доказу ў Telegram-канале міністэрства з’явіліся фотаздымкі, як сцвярджаецца, з некалькіх больніцаў вобласці.

«Сістэма аховы здароўя – гэта брэнд Беларусі. Паважаныя пацыенты, нікога не слухайце і проста прыязджайце! Мы запрашаем пацыентаў з Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны дзеля любых медычных абследаванняў, працэдур і хірургічных умяшанняў», – гаворыцца ў паведамленні Мінздароўя.

Генштаб ЗСУ ў сваёй справаздачы за 13 лістапада адзначыў, што ў Берасцейскай вобласці Беларусі, асабліва ў тых раёнах, куды прыбываюць фармаванні расейскай арміі, расце сацыяльнае напружанне. Паведамлялася, што мясцовыя больніцы адмаўляюцца лячыць беларусаў, бо занятыя расейскімі вайскоўцамі. Тыя «масава хварэюць» праз неспрыяльныя ўмовы ў намётавых гарадках.

Hавiны
Генштаб ЗСУ: у шпіталях Берасцейскай вобласці замест беларусаў лечаць расейскіх вайскоўцаў
2022.11.13 12:45

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў