Тварам у кіно: што пра беларусаў паказаў Варшаўскі кінафестываль


Я была ў журы Варшаўскага кінафестывалю – фестывалі класу А без урачыстасці і помпы. Вывучала, як змяніліся прапорцыі паміж кіно і вечарынамі ў «постковід». Засвойвала, як гэта – глядзець фільмы, ушчэнт траўмаваным сваёй краінаю. Чакала, каб апусціцца ў паралельную рэальнасць, як гэта заўсёды бывае з кінафестывалямі, але апусцілася ў сваю, бязлітасную.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Глядач падчас Варшаўскага кінафестывалю.
Фота: wff.pl

Шторазу Варшаўскі фэст тыкаў мяне тварам у беларускія турботы ды смачна іх па твары размазваў. Ажно з адкрыцця, што не было ўрачыстым, усё ўсцяж абярнулася «трошку пра беларусаў». Хаця з сапраўды беларускага праграма мела толькі адзін фільм.

Самыя цікавыя гісторыі, якія ад мяне можна пачуць, – гісторыі з кіно, таму расказваю пра свае знаходкі: вы ўсё роўна іх наўрад ці паглядзіце. Уласна на адкрыцці давялося зазірнуць у будучыню беларускага кінематографу, якой бы мне хацелася яе ўрэшце ўбачыць: у фільм «Капітан Валканогаў уцёк». То бок у будучыню, што разбіраецца з феноменам дзяржаўных карніцкіх фармаванняў супраць ідэалагічна адрозных і, вядома, самымі карнікамі.

Даведка
Ірэна Кацяловіч.
Фота: ЮШ / Белсат

У «Капітане Валканогаве» гаворка пра сталінскі час, нашаму ж кіно давядзецца корпацца ў сілавікоўскім дзярме за часоў незалежнай Беларусі. Станавіцца на месца катаў, гвалтаўнікоў і забойцаў, глядзець на кантэкст іхнага з’яўлення, задавацца пытаннем аб прабачэнні.

Дык вось, капітан са сталінскіх праваахоўных органаў уцякае са службы, каб самому не трапіць у іх жорны. Вястун з таго свету паведамляе, што Валканогаву трэба атрымаць прабачэнне хаця б аднаго сваяка закатаванай і расстралянай ахвяры, тады ён трапіць у рай. Так пачынаецца гэты насамрэч прыгодніцкі фільм, дзе кожная сустрэча адкрывае новыя грані брыдкай выкручанай савецкай улады і татальным страхам свядомасці.

Напрыклад, дзяўчына Валканогава, да якой той прыходзіць па дапамогу, употай тэлефануе куды трэба: яна гатовая чакаць хлопца з турмы, але лічыць, што трэба быць чыстым перад святою савецкай уладаю. То бок здае каханага ў нявартыя савецкія органы. Альбо мужчына, да якога галоўны герой прыходзіць па прабачэнне: ён шарахае хлопца па галаве, звязвае яму рукі і выклікае начальства, якое ўва ўсю моц шукае капітана па горадзе. Як бы помсціць канкрэтна Валканогаву, але больш выслужваецца перад праваахоўнікамі. Якія забілі ягонага сына ні за што ні пра што. І так крок за крокам разумееш, што Валканогаў, вядома, мудак, але такія, як ён, сталі магчымыя не самі па сабе.

Самая каштоўная для мяне частка фільму – канец. (Увага, спойлер.) На даху аднаго з будынкаў Валканогава ўсё ж наганяе пераследнік з наганам у руцэ, але хлопец ужо мае прабачэнне, таму прыгожае жыццё пасля смерці яму забяспечанае. Начальнік глядзіць на капітана. Капітан глядзіць на начальніка. Начальнік прыцэльваецца. Валканогаў жа свядома скача з даху і здзяйсняе самагубства. Бо забітым куляй ён бы трапіў у рай, а рай яму як бы не належыць. Карацей, мараль казкі такая, што няма ніякага раю для карнікаў, у тым ліку на гэтым свеце.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кадр з фільму «Капітан Валканогаў». Крыніца: kinopoisk.ru

А потым у мяне здарыўся натхняльны вечар: я ўбачыла меланхалічнае і пяшчотнае кіно пра сябе, сваіх знаёмых, беларусаў, якія з’ехалі з краіны і сталі шукаць сябе ў іншым асяроддзі.

Нелітаральна, вядома: карціна «Міс Осака» капрадукцыі Нарвегіі, Даніі ды Японіі расказвае пра сумную і няўпэўненую ў сабе дзяўчыну Інэс. Аднойчы яна знаёміцца з прыгажуняю Марыяй з Японіі ды абсалютна ёю зачароўваецца. (Увага, спойлер.) А потым галоўная гераіня знаходзіць Марыю мёртвай і пастанаўляе паспытаць ейнага жыцця: надзявае ейную сукенку, забірае ейны пашпарт, ляціць у Осаку, селіцца ў кватэры Марыі, наймаецца ў клуб, дзе тая працавала хостэс, заводзіць сяброўства з найлепшаю сяброўкаю Марыі, зачароўвае мужчыну, які прыходзіў у клуб дзеля Марыі, і гэтак далей.

Дык вось, прагнучы зазнаць гэтае жыццё і перастаць сябе не любіць, Інэс дробязь за дробяззю засвойвае новую для сябе рэальнасць. І гэта чароўнае відовішча: нешта падобнае можна падзняць у кожнага з тысяч беларусаў, якія мусілі пакінуць краіну за апошні год. Усё набывае замілавальную нязграбнасць, калі чалавек сутыкаецца з незнаёмым, пакуль ён яшчэ не арганічная частка кантэксту, калі ягоныя рухі няўпэўненыя і асцярожныя, а вока гарыць на ўсё недаследаванае.

І вось на гэтым працэсе адаптацыі, калі Інэс паўтарае японскія слоўкі, спрабуе дзіўныя прылады незразумелага прызначэння ці набывае ў шапіку тэлефон з лямпачкай у кідкім японскім стылі, я была гатовая прыліпнуць да экрана і яго абняць. Я таксама! Я таксама хаджу па іншай краіне іншародным элементам, ні туды, ні сюды, пусці – павалюся.

Інэс сябе ўсё ж такі знайшла: перастала каштаваць чужое жыццё, нават такое прывабнае, і закрылася ў камфортным для сябе капсульным гатэлі. Ад сябе не ўцячэш, нават у Японію.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падчас Варшаўскага кінафестывалю.
Фота: wff.pl

А ў апошні «працоўны» дзень на фестывалі са мною здарыўся мой фаварыт – вольны і нязмушаны турэцкі фільм «Час нецярплівасці». Далёкая ад нас краіна і гісторыя, а ўсё яшчэ «трошку пра беларусаў», а канкрэтна – пра мінулы наш год.

Два браты з беднага раёну мараць нырнуць у басейн, што на іхным шляху ў школу. Гэта вялікі, круты, надзвычайны басейн на элітнай гарадской тэрыторыі: там купаюцца, загараюць і ядуць марозіва дзеці багатых бацькоў, а хлопцам уваход туды забаронены.

Штодзень браты назіраюць за тым, што там адбываецца, з-за агароджы. І выхоўваюць у сабе пратэст супраць класавай няроўнасці ў справе доступу да сапраўднага, а не пластыкавага з супермаркету басейну. Рэгулярна яны намагаюцца прабрацца да сваёй мары, але ахоўнік кожны раз перамагае ў гэтым супрацьстаянні і такім чынам падтрымлівае класавую дыскрымінацыю.

Градус напружанасці расце, канфрантацыя з ахоўнікам развіваецца, на гарадскіх сценах з’яўляюцца маніфесты супраць «белых» у басейне, хлопцы дасягаюць піку сваёй злосці, пачынаецца вайна з класавым прыгнётам. І вось нарэшце браты ўсё ж прабіраюцца за агароджу, аказваюцца за некалькі крокаў ад вады, ахоўнік стаіць па той бок і не можа іх спыніць. І яны крычаць, скідаюць свой танны абутак, бягуць да басейну, скачуць у такую жаданую ваду і нарэшце аднаўляюць справядлівасць.

У наступным кадры мы бачым нежывыя целы хлопцаў ды ахоўніка побач: аказалася, яны не ўмелі плаваць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Узнагароды 37-га Варшаўскага кінафестывалю.
Фота: wff.pl

Чакаю, калі нашае кіно паўстане з попелу і стане само бязлітасна тыкаць нас тварамі ў беларускія турботы, а мы без цэнзуры ды эзопавай мовы будзем асвойваць свой досвед, свае траўмы і сваю віну.

Ірэна Кацяловіч, belsat.eu

 

Стужка навінаў