Паралелі з палітвязнямі. Як беларусам не перасварыцца, дапамагаючы мігрантам?


Мігранты, як і палітычныя зняволеныя, сталіся інструментам уладаў Беларусі для ціску на Захад. Ні першыя, ні другія такой долі не хацелі.

Мігранты і польскія памежнікі.
Фота: MSWiA_GOV_PL / twitter
Даведка
«Human Constanta» ўзнікла ў 2016 годзе. Адным з першых выклікаў камандзе стаў крызіс, калі ўцекачы з Паўночнага Каўказу спрабавалі праз Беларусь дабрацца ў Еўразвяз ды захраслі на мяжы. Каманда займаецца не толькі пытаннямі ўцекачоў, але і лічбавымі свабодамі, аналізуе заканадаўства, адсочвае дзеянні ўладаў. У 2021 годзе рэжым зліквідаваў практычна ўсе праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку і «Human Constanta».

Міграцыйны крызіс на межах Беларусі і краінаў Еўразвязу выклікаў спрэчкі сярод беларусаў. З аднаго боку, мігранты заплацілі немалыя грошы праваднікам і спрабуюць перайсці мяжу, парушаючы законы і даючы рэжыму Лукашэнкі выкарыстаць сябе як інструмент ціску на Еўразвяз. З другога боку, гэта жывыя людзі, якія ўцякаюць ад нядолі, паверыўшы абяцанню беспраблемнага транзіту да Нямеччыны, і яны апынуліся ў вялікай небяспецы. Ужо памерлі прынамсі 9 мігрантаў.

Што рабіць беларусам у гэтай сітуацыі? Расказвае чытачам «Белсату» праваабаронца каманды «Human Constanta» Наста Лойка.

Наста Лойка. Менск, Беларусь, 2 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Людзі зрабіліся закладнікамі ўладаў. Наста Лойка пачынае з таго, што мігрантаў прывезлі фактычна ўлады Беларусі, і цяпер мігранты не могуць нічога зрабіць. Сысці з-пад мяжы ім не даюць. На мяжы яны аказаліся ніяк не ад добрага жыцця.

Людзі не павінны там быць. Або Беларусь мусіць прыняць іх у сябе і прапанаваць дапамогу, або Польшча мусіць іх прапусціць. Ды пакуль людзі застаюцца на мяжы, да іх мелі б пусціць больш актараў: не толькі дзяржаўныя медыі, дэпутатаў, гарадзенскі Чырвоны Крыж і Міжнародную арганізацыю міграцыі, але і праваабаронцаў, валанцёраў, журналістаў.

Ёсць паралелі паміж сітуацыямі мігрантаў і беларускіх палітычных вязняў. У іх аднолькавая функцыя: ціснуць на Еўразвяз жывымі адзінкамі. Гісторыя пачалася з санкцыяў, і асноўным патрабаваннем для іх скасавання было вызваленне палітвязняў, а ў помсту за санкцыі пачаўся міграцыйны крызіс. Аднак, у адрозненне ад палітычных вязняў, мігранты нават мала што ведалі пра Беларусь: далёка не ўсе могуць назваць кіраўніка дзяржавы.

Дапамогі ўладаў недастаткова. Хоць на мяжу пачалі падвозіць ваду, ежу і дровы, на відэа выглядае, што ўсім гэтага не стае. Беларусы, дадае праваабаронца, не маюць абавязку салідарызавацца з мігрантамі і дапамагаць ім, але трэба даць магчымасць дапамагаць тым, хто хоча. Цяпер ахвочыя дапамагчы мала што могуць зрабіць для мігрантаў.

Негатыўнай рэакцыі на ўцекачоў шмат, але шмат і жадання дапамагчы. Наста Лойка прыводзіць прыклад каментароў пад запісам «Human Constanta» ў Instagram, дзе каманда паведаміла пра магчымасць перадаць дапамогу мігрантам праз Чырвоны Крыж. Некаторыя беларусы ставяцца негатыўна да мігрантаў, некаторыя – да Чырвонага Крыжа: даводзілася тлумачыць сітуацыю каментатарам. Аднак ёсць і пазітыўная рэакцыя: допіс стаў самым папулярным у гісторыі арганізацыі, ім шмат дзеляцца. Ужо падрыхтавалі аўтамабіль з коўдрамі, цёплымі рэчамі ды гігіенічнымі сродкамі, што паедзе ў Горадню.

Hавiны
З’явілася відэа, на якім беларускія вайскоўцы страляюць у паветра, каб супакоіць мігрантаў
2021.11.13 14:45

Ксенафобія – з’ява на фізіялагічным узроўні. Раней у беларусаў было мала нагодаў прадэманстраваць неталерантнасць, бо і замежнікаў у краіне было мала. Страх і непрыняцце непадобных людзей – фізіялагічны механізм са старадаўняга часу. Але людзі могуць працаваць з гэтаю рэакцыяй асэнсавана, шукаць факты і не падводзіць іх пад сваё меркаванне, хоць на гэта трэба высілкі. Не ўсе гатовыя нават выслухаць факты, супрацьлеглыя іхнаму меркаванню. Ды важна тлумачыць, адкуль бярэцца страх.

Мігранты не проста так «хуліганяць» на мяжы. У размовах пра мігрантаў важна таксама нагадваць статыстыку: сярод мігрантаў менш злачыннасці, бо людзі асабліва зацікаўленыя ў тым, каб застацца жыць у краіне, а не быць дэпартаваным. Ламанне платоў і кіданне бярвёнаў на калючы дрот адбываецца часам ад адчаю, часам ад прымусу ўзброеных людзей ва ўніформе без апазнавальных знакаў.

Аналітыка
Два дзясяткі артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі, якія ўлады праігнаравалі падчас міграцыйнага крызісу
2021.11.09 17:02

Медыі таксама не заўсёды паводзяць сябе годна. Наста Лойка наракае: у некаторых выданнях адзін матэрыял можа быць спачувальны мігрантам, другі – пра «колькі каштуе куртка гэтага мігранта» (гаворка пра мужчыну ў сіняй куртцы на фота з-пад мяжы: новая такая куртка каштуе каля $ 1000, але курды кажуць, што такія ўжываныя курткі з Еўропы каштуюць на кірмашах літаральна пару долараў).

Дзяржава раздражняе беларусаў прымусам здаваць грошы на мігрантаў. Нават калі дзяржаўныя медыі збольшага пазітыўна пішуць пра мігрантаў, дзяржаве ўдаецца раздражняць беларусаў тэмаю мігрантаў. Школьных настаўнікаў прымушаюць збіраць грошы на гуманітарную дапамогу. Пасля такога людзі могуць змяніць нейтральную пазіцыю на негатыўную.

Тэст
Хто лепш разумее міграцыйны крызіс: ты ці Лукашэнка? Тэст
2021.11.13 12:16

Пакуль ёсць хоць прывідная магчымасць трапіць у Еўразвяз, мігранты будуць спрабаваць. Некаторым усё ж удаецца дабрацца да Нямеччыны. Гэта бачаць іншыя, а нямала мігрантаў заплацілі вялізныя грошы за гарантыю транзіту ў Нямеччыну, хтосьці прадаў ці не ўсю маёмасць. Некаторыя бачаць гэта адзіным выйсцем.

Крызіс можа зацягнуцца. Можа, людзей здолеюць вывезці з мяжы ці прыняць у Еўразвязе. Можа, ім прапануюць статус уцекача ў Беларусі. Падобна, што над тым, каб яшчэ больш людзей не трапілі ў тую ж пастку, ужо актыўна працуюць: закрылі беларускія консульствы ў Іраку, пераканалі авіякампаніі не вазіць у Беларусь грамадзянаў Сірыі, Іраку ды Ірану. Але маштабы крызісу, як то колькасць выдадзеных візаў і градус палітычнага супрацьстаяння, сведчаць, што крызіс можа расцягнуцца на месяцы.

Аб’ектыў
У ААН асудзілі афіцыйны Менск
2021.11.12 21:33

АА belsat.eu

Стужка навінаў