Гаспадыня крамы нацыянальнай сімволікі ў Беластоку: Перакананая на 300 %, беларусы хочуць вярнуцца дадому


У пачатку лістапада ў Беластоку адчынілася «Крама беларускай сімволікі». Яе гаспадыня Людміла Жданко кажа, што гэта першая падобная крама ў Польшчы. «Белсат» даведаўся, чаму жанчына адкрыла такую краму, пра жыццё і чаканні.

«Тут, за мяжою, беларусам не стае нацыянальных патрыятычных тавараў, таму я пастанавіла адчыніць гэтую краму, – кажа ў размове з «Белсатам» спадарыня Людміла. – Ёсць патрэба паказаць, што ты беларус, выйсці на акцыі ды выказаць салідарнасць з тымі, хто застаўся ўдома».

Людміла адзначае, што не ставіць перад сабою мэты зарабіць шалёныя грошы:

«Нашая крама разлічаная найперш не на тое, каб ствараць вялікі аб’ем продажаў, а гэта своеасаблівая народная амбасада, каб кожны беларус мог прыйсці да нас выпіць кавы альбо гарбаты, паразмаўляць, у каго якія праблемы. Кожны, хто адкрыў свой бізнес у Польшчы, можа пакінуць сваю рэкламу і прапанаваць свае паслугі. Гэта маленькае месца ў цэнтры Беластоку, куды можна прыйсці».

Людміла Жданко ў краме.
Фота: Белсат

Краму наведваюць не толькі беларусы. Спадарыня Людміла адзначае, што часцяком заходзяць і палякі, якія вельмі салідарныя з беларусамі. Але паўстала крама ў першую чаргу дзякуючы салідарнасці беларусаў.

«Вядома, спачатку было страшна адкрываць такую краму, бо тут ніхто такога не рабіў, але мы адчулі неймаверную дапамогу. Раней я пра гэта не думала, але цяпер магу сказаць, што беларусы – вельмі моцная нацыя, прадстаўнікі якой заўжды дапамагаюць сваім», – прызнаецца суразмоўца.

У Польшчы Людміла Жданко працуе ўжо два гады, на радзіме яна не брала ўдзелу ў грамадскім жыцці, не хадзіла на акцыі. Усё змянілася ў жніўні 2020 года.

«У жніўні затрымалі і збілі майго сына. Ён таксама нідзе не браў удзелу, увечары, у ноч на 11 жніўня сядзеў у двары ў Баранавічах са сваймі сябрамі. І тут у двор прыбеглі 12 амапаўцаў, яны затрымалі і збілі іх, засунулі ў аўтазак. Збівалі іх, крычалі: «За каго галасавалі? Колькі вам заплацілі?».

Людміла Жданко з сынам Багданам. Фота з сямейнага архіву

Тады сыну было 16 гадоў, ён вучыўся ў Сувораўскай вучэльні.

«Ён казаў ім, што не мог праз узрост галасаваць і не браў удзелу ў акцыях, але ніхто іх не слухаў. У тую ноч у Баранавічах былі затрыманыя 23 хлопцы ад 15 да 17 гадоў, і ніхто з іхных бацькоў не ведаў, дзе яны. Нікому з бацькоў не паведамлялі, што яны ў СІЗА. І гэтыя дзеці спалі ў камерах на 2–4 асобы па 15–20 чалавек. Усіх іх катавалі: прапусцілі праз калідор з дручкамі, іх распраналі. Майго сына ў СІЗА знайшла мая суседка, а я ў гэты час сядзела на каранціне ў Польшчы і цэлы тыдзень не магла забраць сына. І 20 жніўня я забрала сына з Беларусі, з таго часу я не была на радзіме», – кажа спадарыня Людміла.

Гэты выпадак прымусіў жанчыну зацікавіцца палітыкаю, цяпер яна стараецца браць удзел у грамадскім жыцці беластоцкай дыяспары.

«Да Лукашэнкі я ніколі не ставілася нармальна, мы пры ім у Беларусі ніколі не жылі добра: працавалі, расцілі дзяцей і выжывалі. Было шмат незадаволеных, але гэта не выходзіла далей за кухонныя размовы, мы не выходзілі на пратэст на вуліцы, мы не хадзілі на выбары, бо разумелі, што нашыя галасы нічога не значаць. Цяпер сітуацыя ў краіне стала яшчэ горшая, яны скралі ўладу, я не магу назваць гэтых людзей уладай Беларусі і не магу да іх нармальна ставіцца. Гэта ворагі, якія скралі ў нас краіну», – абураецца Людміла.

«Крама беларускай сімволікі» у Беластоку.
Фота: Белсат

Жанчына лічыць, што сітуацыю ў краіне не змяніць без дапамогі нашых суседзяў і заходніх краінаў:

«Толькі змена ўлады зможа развязаць сітуацыю ў Беларусі, а гэта можа быць толькі праз новыя дэмакратычныя выбары. Я баюся, што цяпер сітуацыя ў Беларусі дасягнула такога стану, што без дапамогі ЗША і Еўразвязу яна не можа вярнуцца да нармальнасці. Толькі сапраўдныя моцныя санкцыі могуць выправіць сітуацыю. Пакуль Лукашэнку па-сапраўднаму не заціснуць у ціскі, нічога не зменіцца», – кажа спадарыня Людміла.

І калі гэта будзе зроблена, калі Беларуссю не будзе ўжо кіраваць дыктатар, беларусы з радасцю вернуцца дадому.

«Я думаю, што ўсе людзі, якія зʼехалі, пасля змены ўлады вернуцца ў новую Беларусь. Перакананая на 300 %, што ўсе людзі хочуць вярнуцца дадому: я гэта хачу, мае родныя і знаёмыя. Мы гатовыя вярнуцца і падымаць Беларусь», – адзначае спадарыня Жданко.

Людміла Жданко ў краме.
Фота: Белсат

За мяжою нашая гераіня робіць усё, што ад яе залежыць, каб прыспешыць гэты момант:

«У Беларусі я не хадзіла на акцыі, была апалітычным чалавекам. Цяпер я выходжу на акцыі, каб паказаць людзям, якія засталіся ў Беларусі, што мы пра іх не забылі. І думаю, гэта дае ім сілаў, а па-другое, нас бачаць улады Еўразвязу, Польшчы, яны салідарныя з намі, і гэта дае надзею, што ў Беларусі хутка ўсё зменіцца».

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў