Галоўнае за дзень: крызіс на мяжы, зварот Ціханоўскай і чарговы сыход Лукашэнкі


«Белсат» падводзіць вынікі 13 лістапада – 460-га дня супрацьстаяння беларускага народу і ўладаў пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.

Міграцыйны крызіс

Мігранты і польскія памежнікі.
Фота: MSWiA_GOV_PL / twitter

Польская паліцыя паведамляе, што 12 лістапада ў лесе непадалёк ад мяжы з Беларуссю знайшлі цела маладога грамадзяніна Сірыі. Труп знайшлі каля польскай вёскі Вулка Церахоўская.

Раней паведамлялася, што ад пачатку міграцыйнага крызісу толькі на польскай мяжы загінулі не менш за 9 мігрантаў. Таксама паведамлялася пра смерці на мяжы з Літвой. Часцей за ўсё прычынай смерці станавілася пераахалоджванне і праблемы з сэрцам. Ёсць інфармацыя пра выпадкі, калі цяжарныя жанчыны страчвалі дзяцей праз невыносныя ўмовы.

Тым часам у Памежнай ахове Польшчы сцвярджаюць, што беларускія сілавікі выдалі мігрантам слезацечны газ.

Як сцвярджаюць Памежная ахова Польшчы, ноччу ў раёне пасёлку Чарэмча беларускія вайскоўцы пачалі разбураць агароджу: вырывалі слупы і разрывалі калючы дрот. Польскіх памежнікаў пры гэтым сляпілі лазернымі праменямі і страбаскопам.

Hавiны
Польскія памежнікі кажуць, што беларускія сілавікі ноччу разбуралі агароджу, каб забяспечыць прарыў
2021.11.13 12:49

А ў Telegram-канале «SHOT» апублікаванае відэа з беларуска-польскай мяжы. На ім беларускія вайскоўцы, якія прывезлі ежу мігрантам, страляюць у паветра, каб супакоіць натоўп.

Польшча можа закрыць усе памежныя пераходы з Беларуссю і спыніць чыгуначны рух у адказ на інспіраваны рэжымам Лукашэнкі міграцыйны крызіс Пра гэта заявіў міністр унутраных справаў Польшчы Марыюш Камінскі ў эфіры радыё Rmf.fm.

Hавiны
Польшча можа спыніць чыгуначны рух з Беларуссю
2021.11.13 14:16

Лукашэнка анансаваў свой чарговы сыход, а яшчэ расейскія «Іскандэры» на польскім і ўкраінскім напрамках

Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрвʼю часопісу «Национальная оборона», што хоча размясціць некалькі дывізіёнаў расейскіх ракетных комплексаў «Іскандэр» на заходнім і паўднёвым напрамках (то бок супраць Польшчы і Украіны).

Як паведамляе БелТА, Лукашэнка адзначыў, што Беларусь разлічвае атрымаць расейскія аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр».

Скрыншот з відэа «Лукашэнка: ясна, што гэта нейкая трэніроўка або шантаж!». Крыніца: Информационное агентство БелТА / YouTube

Таксама Лукашэнка зноў загаварыў пра тое, што вось-вось сыйдзе. Гэтым разам яму даспадобы ўзначаліць Усебеларускі народны сход. Такім чынам ён чарговы раз загаварыў пра тое, што плануе пакінуць пасаду прэзідэнта для «новага пакалення», перадае БелТА.

Пад паўнамоцтвы УНС Лукашэнка хоча перадаць фармаванне Канстытуцыйнага суда, прызначэнне старшыні Вярхоўнага Суда, пытанні абвяшчэння вайны і міру, імпічменту, адпраўлення вайскоўцаў за межы Беларусі, фармаванне Цэнтральнай выбарчай камісіі. Мажліва, гэта не поўны спіс паўнамоцтваў.

Ціханоўская просіць падтрымаць студэнтаў

Палітычная дзяячка Святлана Ціханоўская змясціла ў сваім канале зварот з просьбай дасяжнымі спосабамі падтрымаць зняволеных студэнтаў:

«12 лістапада 2020 года стала чорным днём для беларускага студэнцтва. У гэты дзень былі затрыманыя 11 студэнтаў і іх выкладчыца: Ксенія Сырамалот, Анастасія Булыбенка, Глеб Фіцнер, Ягор Канецкі, Ілля Трахтэнберг, Вікторыя Гранкоўская, Марыя Каленік, Кася Будзько, Яна Арабейка, Таццяна Якельчык, Вольга Філатчанкава і мая прадстаўніца па справах моладзі Алана Гебрэмарыям.

Усе смелыя хлапцы і дзяўчаты, чые імёны я называю, правялі паўгады за кратамі ў чаканні суда, пасля якога атрымалі турэмныя тэрміны ад 2 да 2,5 гадоў, былі прызнаныя схільнымі да экстрэмізму, і цяпер знаходзяцца ў розных калоніях у спецыяльна створаных для «экстрэмістаў» цяжкіх умовах.

Падтрымайце Задзіночанне беларускіх студэнтаў. Падпішыцеся на тэлеграм-канал ЗБС, зайдзіце на іх сайт, падтрымайце іх ініцыятывы. Давайце падтрымаем нашу будучыню, якая змагаецца з мінулым. Я веру ў такую моладзь. Я веру ў такую Беларусь».

«Пагоня» ў Вільні

Ідэя ўзнікла ў пісьменніцы Анны Златкоўскай, якую яна выказала свайму сябру Рыцісу Крыценасу, які напалову беларус, таму адчувае сімпатыю да Беларусі. Яму ідэя спадабалася і ён вырашыў адчыніць бар, дзе беларусы маглі б сустракацца і ладзіць розныя імпрэзы.

На ўваходзе ў бар вас сустракае бчб-сцяг з Пагоняй, у аддаленні вісіць карціна Хаіма Суціна «Ева», меню па-літоўску і па-беларуску. Адкрыццё пачалося з песні прысвечанай ушанаванню памяці Рамана Бандарэнкі, якую выканаў гурт Naviband.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў