Што азначае лукашэнкаўская амністыя?


На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 12 кастрычніка апублікавалі праект Закону аб амністыі, якую Аляксандр Лукашэнка анансаваў яшчэ ў пачатку верасня. З тэксту вынікае, што амністыя амаль (а можа, і зусім) не закране палітычных вязняў. Belsat.eu разбіраўся, чаму ўлады падрыхтавалі законапраект у такой рэдакцыі і дзеля чаго падаграваўся інтарэс да гэтай ініцыятывы.

Акция солидарности с политзаключёнными в Варшаве
Беларускі дом і праваабарончы цэнтр «Вясна» зладзілі ў польскай сталіцы акцыю салідарнасці з палітычнымі вязнямі. Варшава, Польшча. 10 снежня 2021 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

З чаго ўсё пачалося, і што казалі ўлады

Пра амністыю да так званага Дня народнага адзінства ўпершыню заявілі на нарадзе 6 верасня. Лукашэнка тады казаў, што «ёсць людзі, якіх мы свабодна можам вызваліць датэрмінова», але «бандыты і экстрэмісты» не з гэтай серыі (нагадаем, слова «экстрэмізм» улады выкарыстоўваюць для абазначэння любой праявы пратэставых настрояў ды іншадумства).

Генеральны пракурор Андрэй Швед у сваю чаргу заявіў, што пад амністыю могуць трапіць 8 тысячаў чалавек. Генеральная пракуратура выступала супраць таго, каб акт амністыі распаўсюджваўся на асуджаных у палітычных справах, але Лукашэнка «даручыў узважана падысці да гэтага пытання, індывідуальна і ў першую чаргу праз інстытут памілавання». Швед патлумачыў, што асуджаныя за палітыку таксама могуць выйсці на свабоду, але яны павінны «раскаяцца» і звярнуцца з просьбай аб памілаванні.

23 верасня падчас наведвання Хатыні Лукашэнка зноў звярнуўся да тэмы вызвалення палітвязняў. Ён запэўніў сваіх прыхільнікаў, што не збіраецца адпускаць з турмаў усіх, «нават калі за гэтым будзе нейкая выгада для краіны». Паводле амністыі «выйдуць адзінкі» [палітычных].

Гэтак Лукашэнка адразу даў зразумець, што масавага вызвалення палітвязняў не будзе, і наагул палітзняволеным варта больш спадзявацца на памілаванне, чымся на амністыю. Але пры гэтым улады выразна намякалі, што палітычны складнік у амністыі прысутнічае, частка палітзняволеных можа выйсці на свабоду, а колькі канкрэтна – пытанне яшчэ не развязанае.

Гэта, у прыватнасці, прагаворвалася вуснамі неафіцыйных спікераў рэжыму. Напрыклад, Юрый Васкрасенскі казаў, што амністыя закране на 90 % «звычайных людзей». Але калі пад «незвычайнымі» 10 % меліся на ўвазе палітвязні, то ўсё роўна атрымлівалася даволі шмат пры агульнай лічбе 8 тысячаў. Ганна Канапацкая, якая, як высветліла «Наша ніва», мела сустрэчы наконт амністыі з заходнімі дыпламатамі, выказвала спадзеў на вызваленне «максімальнай колькасці» журналістаў, палітыкаў, актывістаў і ўдзельнікаў пратэстаў.

Выказванне Лукашэнкі таксама пакідалі прастору для манеўру. З аднаго боку, ён казаў пра вызваленне «адзінак» і запэўніваў, што «не гандлюе людзьмі». Але адначасова дадаваў, што «нельга быць дубаватымі», і «там, дзе можна пайсці на кампраміс нейкі, трэба ісці», бо ёсць людзі, «якія сапраўды заблудныя былі».

Што напісалі ў законапраекце

Законапраект аб амністыі – 2022 складзены так, каб вызваленне палітычных вязняў было амаль выключанае. У пункце 10 прапісаны спіс артыкулаў, на якія апрыёры не можа распаўсюджвацца амністыя. Туды ўключаны амаль поўны набор абвінавачанняў, паводле якіх судзілі палітвязняў:

  • тэрарыстычныя артыкулы (арт. 359, 289, 290-4, 290-5 ды інш.), паводле якіх, напрыклад, пераследуюць рэйкавых партызанаў, фігурантаў «справы Аўтуховіча», групы Аліневіча, ініцыятывы «Буслы ляцяць» і г. д.;
  • артыкулы, за якія найчасцей пераследуюць удзельнікаў вулічных пратэстаў: арт. 293 «Масавыя закалоты»; арт. 342 «Дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак»; арт. 363 «Супраціў супрацоўніку органаў унутраных справаў»; арт. 364 «Гвалт або пагроза яго ўжывання ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных органаў»;
  • артыкулы за пратэставыя графіці і любыя дзеянні адносна чырвона-зялёнага сцяга: арт. 341 «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці» і арт. 370 «Здзек з дзяржаўных сімвалаў»;
  • артыкулы, паводле якіх пераследуюць за публічныя выказванні, допісы ў інтэрнэце або прафесійную журналісцкую дзейнасць: арт. 130 «Распальванне варожасці»; арт. 356 «Здрада дзяржаве»; арт. 361-1 «Стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні»; арт. 361 «Заклікі да санкцыяў; арт. 367 «Паклёп у дачыненні Лукашэнкі»; арт. 368 «Абраза Лукашэнкі»; арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады»; арт. 389 «Пагроза ў дачыненні суддзі»; арт. 391 «Абраза суддзі».

Аўтары дакументу пастараліся закрыць амаль усе шчыліны адносна палітычных справаў. У спіс забароненых для амністыі артыкулаў трапілі нават такія абвінавачанні, якія масава ніколі не выкарыстоўваліся. Напрыклад, арт. 190 «Парушэнне раўнапра’я грамадзянаў» (паводле гэтага артыкулу 2 гады «хатняй хіміі» атрымала Вольга Сінепалава, якая здавала кватэру супрацоўніцы пракуратуры Аліне Касьянчык), арт. 191 «Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў» (за гэта судзілі тых, хто заклікаў сумленна лічыць галасы на рэферэндуме) і арт. 198 «Перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста» (гэта адно з абвінавачанняў супраць двух палітзняволеных работнікаў «Белтэлекаму»).

Нельга сказаць, што абсалютна ўсе артыкулы, паводле якіх судзілі за палітыку, уключаныя ў пункт 10 законапраекту аб амністыі. У прыватнасці, там няма арт. 188 («Паклёп») або арт. 339 («Зацятае хуліганства»). Але акрамя сіта ў выглядзе артыкулаў, ёсць яшчэ дадатковае палітычна матываванае абмежаванне: амністыя не распаўсюджваецца на людзей, каго ўлады ў адміністратыўным парадку ўключылі ў спісы «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў». А гэта агулам больш за 700 прозвішчаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Таксама пад амністыю не трапяць тыя, хто «зацята парушае ўсталяваны парадак падчас адбывання пакарання ці іншых мераў крымінальнай адказнасці». То бок маюць не менш за 3-4 нязнятыя спагнанні ў выглядзе вымовы ці карцару або былі пераведзеныя на іншы рэжым пакарання (з калоніі ў турму). Як вядома, адміністрацыі папраўчых установаў актыўна выкарыстоўваюць розныя віды спагнанняў у дачыненні палітвязняў, часта наўмысна робячы з іх «зацятых парушальнікаў».

Таму цяжка сказаць, ці трапіць хоць хтосьці з палітычных вязняў пад амністыю. Але калі ўсё ж трапяць, то іх, як і сказаў Лукашэнка, імаверна, будуць адзінкі.

Некаторыя медыі звярнулі ўвагу, што ў дакуменце ёсць пункт 21, паводле якога «рашэнне аб выкарыстанні або невыкарыстанні гэтага закону прымаецца ў дачыненні кожнай асобы індывідуальна». На думку юрыстаў, якіх апытала Zerkalo.io, гэта дапускае, што на практыцы закон можа выкарыстоўвацца больш шырока і пад яго дзеянне ўсё ж могуць трапіць некаторыя палітычныя вязні. Але варта таксама дадаць, што гэтая норма – не ноу-хау, а стандартны пункт для такіх законапраектаў. Абсалютна тую ж фармулёўку можна знайсці ў Законе аб амністыі за 2020 год.

Чаму рашэнне наконт амністыі зацягнулася

Застаецца адкрытым пытанне: улады з самога пачатку збіраліся рабіць амністыю менавіта ў такім фармаце ці падчас рыхтавання дакументу ідэю скарэктавалі? Адказу мы не маем. Юрысты і праваабаронцы адразу казалі, што маштабнага вызвалення палітычных вязняў не будзе, а галоўная мэта ўладаў не палітычная лібералізацыя, а разгружэнне турмаў, дзе ўжо проста не стае месцаў.

Каментар
Праваабаронца: Не дам і 1 %, што хтосьці з палітвязняў падпадзе пад лукашэнкаўскую амністыю
2022.09.06 14:39

Разам з тым варта прызнаць, што ўлады самі загаварылі аб праблеме палітвязняў у кантэксце амністыі ды потым час ад часу падагравалі да гэтай тэмы інтарэс.

Таксама кідаецца ў вочы тое, што рыхтаванне амністыі зацягнулася. Нараду на гэты конт Лукашэнка правёў 6 верасня, прычым тады падкрэслівалася, што амністыя рыхтуецца да Дня народнага адзінства. Але законапраект паступіў у Палату прадстаўнікоў толькі праз месяц, а апублікаваны быў наагул 12 кастрычніка. Калі яго ўхваляць дзве палаты Нацыянальнага сходу і падпіша Лукашэнка, невядома дасюль. Цяпер дакумент рыхтуецца толькі да першага чытання ў ніжняй палаце.

Імаверна, тэму амністыі рэжым Лукашэнкі на пэўным этапе хацеў выкарыстаць у палітычнай гульні з Захадам. Вядома, што, калі Лукашэнка разважаў пра магчымасць «кампрамісаў» у пытанні вызвалення палітзняволеных, кіраўнік МЗС Уладзімір Макей у Нью-Ёрку кулуарна сустракаўся з заходнімі дыпламатамі. Паводле Франака Вячоркі, падчас гэтых перамоваў Макей прапаноўваў Захаду «перагарнуць старонку», прасіў зняць санкцыі з калійнай галіны ды абяцаў павольна вызваляць палітычных вязняў пры ўмове, што не будзе ціску. У кантэксце гэтай гульні варта разглядаць і памілаванне трох палітзняволеных 21 і 24 верасня.

Аналітыка
Чаму завісла лукашэнкаўская амністыя і ці варта яе чакаць?
2022.09.29 13:49

Але потым адбыліся перамовы Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным у Сочы (26–28 верасня) і Санкт-Пецярбурзе (7 кастрычніка): афіцыйны Менск абвінаваціў Украіну ў рыхтаванні нападу на Беларусь (8 кастрычніка), абвесцілі пра фармаванне супольнай расейска-беларускай групоўкі войскаў (10 кастрычніка). Невядома дакладна, калі падрыхтавалі выніковы варыянт законапраекту аб амністыі: адбылося гэта да Сочы ці ўжо пасля. Але палітычныя гульні афіцыйнага Менску з Захадам у любым выпадку страцілі сэнс на гэтым этапе. Рэжым Лукашэнкі ўзяў курс на абвастрэнне і эскалацыю сітуацыі ў рэгіёне, таму вызваленне часткі палітвязняў у такіх умовах наўрад ці можа штосьці змяніць у стасунках Беларусі з ЕЗ і ЗША.

Аналітыка
Хроніка эскалацыі. Як рэжым Лукашэнкі рыхтуецца да магчымага ўступлення ў вайну
2022.10.13 08:30

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў