Прэм’ер Польшчы мяркуе, што Пуцін і Лукашэнка могуць ізноў кінуць мігрантаў на штурм польскай мяжы


Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі заявіў, што дагэтуль існуе пагроза штурму польска-беларускай мяжы мігрантамі. Пра гэта паведамляе PAP.

Польскія памежнікі і мігранты на пункце пропуску «Кузніца – Брузгі». 15 лістапада 2021 года.
Фота: podlaskaPolice / Twitter

«Калі мець на ўвазе яшчэ адну такую атаку штучна завезеных, шляхам спецаперацыяў беларускіх і расейскіх службаў, мігрантаў, якія будуць штурмаваць мяжу, то, найхутчэй, так. Такія атакі яшчэ магчымыя», – прызнаў прэмʼер.

Прэмʼер-міністр падкрэсліў, што «сёння трэба мець на ўвазе сцэнар, паводле якога Пуцін і Лукашэнка могуць адначасова пагражаць Украіне з паўночнай ці паўночна-заходняй мяжы, г. зн. на беларуска-ўкраінскай мяжы, і пры гэтым пачаць штурм мігрантамі, то бок задзейнічаць яшчэ дзясяткі тысяч асобаў з Блізкага Усходу, Афрыкі і Сярэдняй Азіі – толькі для дэстабілізацыі сітуацыі», – сказаў Маравецкі.

Тым не менш, паводле яго, «каб не стаць абʼектам правакацыяў з боку Менску і Масквы, Польшча пабудавала вельмі трывалую, напэўна, нават самую надзейную ў Еўропе фізічную перашкоду вышынёй больш як пяць метраў, з усімі сродкамі абароны і вельмі развітой электронікай».

Hавiны
Польская паліцыя лічыць, што ў нападзе на пераход «Кузніца» ўдзельнічалі беларускія сілавікі
2021.11.17 10:57

16 лістапада 2021 года група мігрантаў на пераходзе «Кузніца – Брузгі» атакавала польскіх памежнікаў, спрабуючы незаконна прарвацца на тэрыторыю Польшчы. На відэа, што апублікавала Міністэрства абароны Польшчы, відаць, што за спінамі мігрантаў стаялі сілавікі, якія не давалі ім адысці ад мяжы. А паводле польскай Памежнай аховы, беларускі бок забяспечыў мігрантаў спецсродкамі.

Спыніць мігрантаў на беларуска-польскай мяжы ўдалося пасля таго, як польскія службоўцы выкарысталі слезацечны газ і вадамёт.

Hавiны
Курдскі актывіст распавёў, як беларускія сілавікі арганізоўвалі мігрантаў на прарыў мяжы
2021.12.22 21:57

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў