ПАРЕ прызнала ў Расеі «тэрарыстычны рэжым»


Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю аб Украіне. Дэпутаты прагаласавалі ў тым ліку за тое, каб абвясціць Расейскую Федэрацыю тэрарыстычным рэжымам. 

Тэкст рэзалюцыі выклалі на сайце ПАРЕ.

Пасяджэнне Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Страсбур, Брусель. 14 сакавіка 2022 года. Фото: Arnd Wiegmann / Reuters / Forum

Рэзалюцыю аб Украіне прынялі на восеньскай сесіі ПАРЕ. Дакумент падтрымалі 99 дэлегатаў, адзін устрымаўся. Супраць не прагаласаваў ніхто, напісаў у сваім Twitter дэпутат Вярхоўнай Рады Аляксей Ганчарэнка. Ён назваў такі вынік гістарычным.

Рэзалюцыю прынялі пасля прамовы прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і дыскусіі, прысвечанай далейшай эскалацыі вайны Расеі супраць Украіны.

У дакуменце Расейская Федэрацыя названая тэрарыстычным рэжымам. У рэзалюцыі ёсць заклік да хуткага стварэння спецыяльнага міжнароднага трыбуналу для расследавання і судовага пераследу датычных да агрэсіі, якую палітычнае і вайсковае кіраўніцтва Расеі здзейсніла супраць Украіны.

Апроч таго, расейскія палітычныя партыі, якія галасавалі за незаконныя рашэнні, што парушаюць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ды іншых краінаў, прызнаюцца суўдзельнікамі тэрарызму.

ПАРЕ заклікала забяспечыць Украіну неабходнай зброяй і вайсковай тэхнікай, у тым ліку сістэмамі супрацьпаветранай абароны. Удзел Расеі ў Радзе Бяспекі ААН названы неправамерным, бо краіна проста заняла месца Савецкага Саюзу «без аніякай юрыдычнай працэдуры».

Парламенцкая асамблея Рады Еўропы таксама заклікала Крэмль спыніць пагрозы ядравага ўдару і ўзяць на сябе абавязак гэтую зброю не ўжываць.

Hавiны
Сейм Літвы прызнаў Расею тэрарыстычнай дзяржавай
2022.05.10 13:43

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў