Паміж вялізнымі стратамі і новымі рэаліямі. Хто пралабіюе інтарэсы беларускага бізнесу за мяжой?


Беларускі Цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC разам з нямецкім фондам імя Конрада Адэнаўэра прэзентаваў 12 кастрычніка ў Вільні вынікі даследавання аб працы беларускага бізнесу за мяжой. Вось некаторыя высновы адмыслоўцаў.

Даследаванне праводзілася з кастрычніка 2021 года да жніўня 2022-га сярод беларускіх бізнесаў, якія пераехалі ў Літву, Польшчу і Украіну. Праўда, пачатак поўнамаштабнай вайны Расеі ва Украіне ўнёс свае карэктывы ў даследаванне, і пэўныя высновы адносна вядзення справаў ва Украіне ўжо неактуальныя.

Даведка
Адміністрацыйны дырэктар BEROC Павел Данэйка.
Фота: Белсат

Як распавёў адміністратыўны дырэктар BEROC Павел Данэйка, беларускі бізнес у замежжы можна падзяліць на тры вялікія групы адносна таго, як адбываецца іх пераезд. Гэтак, найпрасцей рэлакуецца ІТ-сектар, апроч стартапаў. На другім месцы – экспартна арыентаваныя кампаніі ад хайтэку да дрэваапрацавання, якія з’язджалі пасля пачатку вайны і ўвядзення жорсткіх санкцыяў. Яны сутыкаюцца з «гіганцкімі бар’ерамі» пры рэлакацыі абсталявання і вывазе капіталу. Самыя вялікія цяжкасці – у малога бізнесу, якому для рэлакацыі не хапае капіталу.

Павел Данэйка адзначыў, што рэлакаваны бізнес сутыкаецца з мноствам праблемаў пры пераездзе. Сярод іх – адаптацыя: ад псіхалагічнай да легалізацыі і ўваходжання ў бізнес. Паводле эксперта, для спрашчэння гэтага этапу неабходныя навучальныя праграмы і падтрыманне легалізацыі, у тым ліку праца з бізнесамі, якія толькі маюць намер рэлакавацца. Апроч таго, заявіў Данэйка, патрэбнае стварэнне бізнес-клубаў і іншых суб’ектаў, якія б вялі дыялог з дзяржорганамі краіны рэлакацыі. Як заявіў эксперт, ва ўмовах вайны існуе праблема са стаўленнем нацыянальных уладаў да беларускага пашпарта.

Акцыя салідарнасці каля Парку высокіх тэхналогіяў. Менск, 14 жніўня.
Фота: Святлана Фар / «Белсат»

Эксперт заявіў, што пры рэлакацыі бізнес сутыкаецца з разрывам сувязяў і разгубленасцю пры запуску новых праектаў за мяжой. Вялікай праблемай застаюцца і фінансы, бо страты ў выніку рэлакацыі вялізныя, асабліва ў тых, хто страціў свае бізнесы ў Беларусі. Часта кампаніі не могуць ні перавезці дарагое абсталяванне, ні прадаць яго ў Беларусі. Праблемы ёсць таксама з атрыманнем працоўных візаў для работнікаў. Для малога бізнесу рэлакацыя персаналу наагул робіцца нерэнтабельнай, а знайсці кваліфікаваныя мясцовыя кадры – цяжка.

Агулам, паводле Данэйкі, пры эміграцыі ўзнікае вельмі шмат дробных праблемаў, нават у стасунках з кансультантамі з краінаў, у якія пераязджаюць бізнесы, бо «мы выйшлі з асяроддзя, дзе адны і тыя ж словы маюць розныя значэнні».

На думку эксперта, стварэнне групаў і асацыяцыяў беларускага бізнесу за мяжой мае стаць найважнейшым элементам адаптацыі падчас рэлакацыі. Таксама, сказаў ён, вельмі актуальнае ўзнікненне інфраструктуры фінансавага падтрымання беларускага бізнесу.

Камфортна жыць у іерархічным грамадстве

Сузаснавальніца Беларускай супольнасці бізнесоўцаў Наталля Красько, якая таксама брала ўдзел у даследаванні, адну з праблемаў бачыць у тым, што беларускі бізнес прызвычаіўся дэклараваць у сваёй дзейнасці адно, а рабіць іншае ды інакш. Паводле яе, такі падыход трэба змяняць, «каб нашае грамадства змянілася, каб мы прыехалі ў Беларусь з новым стандартамі вядзення бізнесу, каб нас зразумеў заходні бізнес».

Красько адзначыла, што вельмі часта беларускія бізнес-асацыяцыі спыняюцца на ўзроўні ўсталявання сувязяў, пэўнай калабарацыі, партнёрства і ментарства, спрабуючы стварыць умовы, «каб беларускія бізнесы не згубіліся». Але, заявіла выступоўца, «у доўгатэрміновай перспектыве патрэбныя агульныя каштоўнасці, каб захаваць тое грамадства, якое з’ехала».

Ілюстрацыйны здымак. Кансультант Дзмітрый Данільчук (злева) выступае падчас адкрыцця Беларускага бізнес-цэнтру ў Варшаве, Польшча. 22 верасня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Паводле Красько, як у стварэнні бізнесаў за мяжой, гэтак і ў стварэнні бізнес-асацыяцыяў узнікае шэраг праблемаў, звязаных з мінулым досведам бізнесоўцаў. Яна адзначыла, што шмат каму з беларусаў «камфортна і спакойна» жыць у іерархічным грамадстве, калі «над намі ёсць начальнік», тады як у еўрапейскім грамадстве важнае значэнне маюць гарызантальныя сувязі і ініцыятыва знізу.

Паводле яе, таксама беларускія бізнесы маюць недавер да тых, хто стварае розныя асацыяцыі, падазраючы іх у імкненні падзяліць гранты ці выкарыстаць у сваіх мэтах іншыя ініцыятывы. Ёсць і недавер да экспертызы ў беларускім асяроддзі, тады як замежным экспертам гатовыя «плаціць вялізныя грошы за простыя паперы».

«Мы любім складаць стратэгіі. Часта гэта зацягваецца на некалькі месяцаў, хоць асяроддзе вельмі хутка мяняецца. Але ў бізнэс-абʼяднаннях усё ідзе ад дзеяння. Спачатку дзеянне, а потым ужо планы. Ёсць рызыка таго, што мы затрымаемся на першым этапе і ператворымся ў кліенцкую супольнасць», – падкрэсліла Красько.

Хто пралабіюе інтарэсы беларускага бізнесу?

У сваю чаргу бізнесовец Іван Рак у выступе з залы адзначыў, што бізнес-асацыяцыя «толькі тады выконвае сваю функцыю, калі яна ёсць лобі-структурай». Для гэтага яе стваральнікі павінны мець уваходы ў кабінеты ўлады. Пры гэтым, падкрэсліў бізнесовец, бізнес-асацыяцыі з палітычнай дамінантай наадварот адштурхваюць бізнесы ад сябе. Таксама, дадаў ён, такія аб’яданні павінны стварацца паводле галіновага прынцыпу.

«Усё астатняе бесперспектыўна», – падкрэсліў Іван Рак.

З пазапалітычным складнікам бізнес-асацыяцыяў пагадзіўся і Павел Данэйка, дадаўшы, што яны павінны рэпрэзентаваць нацыянальны бізнес незалежна ад палітычных поглядаў. Пры гэтым, паводле яго, у такіх аб’яднанняў можа быць некалькі пластоў, не толькі лабізм, а таксама і дапамога пры адаптацыі, лакальныя клубы для абмеркавання існых праблемаў.

Ілюстрацыйны здымак. Выступае Серж Наўродскі, прэзідэнт «CASE Belarus», удзельнік Каардынацыйнай рады на форуме «Бізнес-Беларусь: Teach. Assist. Protect». Сустрэча для прадпрымальнікаў з Беларусі, якія ўжо вывезлі свой бізнес з краіны або хутка зробяць гэта. Кіеў, Украіна. 27 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Аднак з такім падыходам не пагадзілася Наталля Красько, адзначыўшы, што каманда Святланы Ціханоўскай таксама можа лабіяваць інтарэсы беларускага бізнесу за мяжой. Паводле яе, пасля пачатку вайны ва Украіне беларускі бізнес усё больш разумее, што ён – частка беларускага грамадства.

Выступіла на прэзентацыі і Вольга Кузняцова з Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця, якая паабяцала ад імя ЕБРР падтрымліваць бізнес з беларускімі каранямі ў атрыманні кансалтынгавай экспертызы. Праўда, для гэтага яшчэ спатрэбіцца час, а  бізнесу дапамога патрэбная ўжо цяпер.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў