Чые смерці ў 2021 годзе звязаныя з палітыкай дзяржаўнага тэрору ў Беларусі


Смерць не менш як 7 асобаў у 2021 годзе наўпрост або ўскосна была звязаная з палітыкай дзяржаўнага тэрору, якую праводзіць рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Смерць у калоніі

Вітольд Ашурак.
Фота: Рух «За свабоду» / Facebook

У студзені 2020 года актывіст і грамадскі дзеяч Вітольд Ашурак з Бярозаўкі быў пакараны 5 гадамі калоніі за ўдзел у мірных пратэстах. Яго этапавалі ў шклоўскую калонію, дзе менш чым праз месяц. 21 траўня, ён загінуў пры нявысветленых акалічнасцях. Спачатку родным сказалі, што ў мужчыны спынілася сэрца, а праз пяць дзён аддалі цела з перабінтаванай ад макаўкі да носу галавой.

У Следчым камітэце заявілі, што за месяц у папраўчай установе «асуджаны дапусціў дванаццаць парушэнняў устаноўленага парадку адбывання пакарання, за што быў пераведзены ў памяшканне камернага тыпу», а напярэдадні дня гібелі Ашурак «атрымаў цялесныя пашкоджанні ў вобласці твару». СК супярэчыў сам сабе: з аднаго боку, у прэс-рэлізе ведамства прызнавала, што самаадчуванне вязня потым пагоршылася, а з іншага боку, ён нібыта «скаргаў на стан здароўя не выказваў, адмовіўся ад дапамогі і шпіталізацыі». На наступны дзень пасля атрымання траўмы галавы 50-гадовага мужчыну знайшлі мёртвым.

Hавiны
«Атрымаў цялесныя пашкоджанні ў вобласці твару». СК апублікаваў шакавальнае відэа гібелі Вітольда Ашурка
2021.05.25 18:34

СК апублікаваў нарэзку з запісаў камераў відэаназірання ў памяшканні, дзе, як сцвярджаецца, трымалі Ашурка. Спачатку на кадрах відаць, як вязень хістаецца, падае і ўдараецца галавой аб сцяну. Потым паказваюць, як вязню аказваюць медычную дапамогу. Затым відаць, што вязень зноў падае ўжо з перавязанай галавой.

Шакавальнае відэа сведчыць пра тое, што чалавек дрэнна пачуваўся ўжо да першага падзення – ён проста не мог стаяць на нагах. Аднак у СК нават не спрабавалі гэта неяк патлумачыць.

Крымінальную справу паводле факту смерці Ашурка так і не распачалі. Сваякам дагэтуль не выдалі вынікаў судова-медычнай экспертызы. Дзённік палітвязня, які ён вёў за кратамі, таксама не аддалі. На звароты блізкіх СК проста перастаў адказваць.

Гісторыі
«Ён загінуў, каб Беларусь была свабоднай». Вітольду Ашурку сёння споўніўся б 51 год
2021.10.13 14:34

Давядзенне да самагубства

18-гадовы Дзмітрый Стахоўскі жыў у Менску, працаваў у фірме, якая распрацоўвае мабільныя гульні. Удзельнічаў у пратэстах, за што на яго распачалі крымінальную справу паводле артыкулу «масавыя беспарадкі».

25 траўня 2021 года хлопец скончыў жыццё самагубствам. У перадсмяротнай запісцы, якую ён пакінуў у «Вконтакте», хлопец напісаў, што быў вымушаны пайсці на такі крок, бо не вытрымлівае ціску з боку следчых:

«Віной таму стаў Следчы камітэт. Ужо не сакрэт, што ў мяне быў крымінальны артыкул 293 ч. 2. Калі сцісла, за мітынгі. Калі б на мяне не працягвалі маральна ціснуць, думаю, я б не наважыўся на такі жудасны ўчынак, як суіцыд. Але мае сілы заканчваліся. І як вы можаце бачыць, я не справіўся. Так, мне шмат хто казаў, не перажывай, усё будзе добра. Не думай пра дрэннае. Дрэнныя думкі прэч. Аднак лёгка гаварыць, пакуль сам не трапіш у такі стан», – напісаў Дзмітрый Стахоўскі.

Вядома, што Дзмітрый быў сіратой і жыў у інтэрнаце. Праваабаронцы паведамляюць, што менавіта супрацоўнікі гэтага інтэрнату паказалі на хлопца як на ўдзельніка акцыяў пратэсту, пасля чаго ён стаў фігурантам крымінальнай справы.

Hавiны
Скончыў курсы праграмавання, добра зарабляў. Што вядома пра хлопца, які выкінуўся з 16-га паверха праз пераслед СК
2021.05.26 18:55

Смерць пасля Акрэсціна

У верасні 2021 года рэдакцыі «Белсату» стала вядома пра смерць яшчэ аднаго пратэстоўцы. Нам вядомыя ягоныя імя і прозвішча, але праз нежаданне знаёмых і блізкіх мы не можам іх назваць.

Hавiны
Памёр яшчэ адзін вязень, які заразіўся каронавірусам на Акрэсціна
2021.09.29 12:49

Мужчына быў затрыманы на самым пачатку верасня за нацыянальны сцяг на балконе. Яго змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна, там ён заразіўся каронавірусам. Праз дзевяць дзён яго скіравалі ў лякарню, дзе мужчына і памёр.

Страляніна на Якубоўскага

Андрэй Зельцар.
Фота: andrewzeltser / Instagram

28 верасня 2021 года чарговая аблава сілавікоў на іншадумцаў скончылася трагедыяй. Згодна з афіцыйнай версіяй, 28 верасня супрацоўнік EPAM Андрэй Зельцар застрэліў з паляўнічай стрэльбы супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка пасля таго, як сілавікі ўварваліся да яго ў кватэру на вуліцы Якубоўскага. Зельцар быў забіты агнём у адказ.

Афіцыйная версія выклікае шмат пытанняў, некаторыя эксперты выказвалі думку, што Федасюк мог выпадкова трапіць пад агонь сваіх напарнікаў, і менавіта сілавікі нанеслі яму смяротныя раненні.

Hавiны
Тры важныя пытанні пра страляніну на Якубоўскага. Каментуе адвакат Сяргей Зікрацкі
2021.09.30 12:51

У КДБ сцвярджалі, што сілавікі прыйшлі да Зельцара «падчас правядзення спецыяльных мерапрыемстваў для адпрацоўвання адрасоў, на якіх маглі быць людзі, датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці». Пазней Андрэй Швед заявіў, што працэсуальныя дзеянні былі санкцыянаваныя Генпракуратурай. Пры гэтым ніхто так і не патлумачыў, што стала нагодай для такіх падазрэнняў супраць Зельцара. Але вядома, што цяпер спецслужбы рэгулярна выкарыстоўваюць абвінавачванні ў тэрарызме і экстрэмізме для пераследу іншадумцаў.

Аналітыка
Ад Аўтуховіча да Зельцара: каго рэжым Лукашэнкі лічыць «тэрарыстамі»
2021.09.29 19:09

Андрэю Зельцару быў 31 год, у яго засталіся жонка і 8-гадовы сын. Зельцар займаўся фехтаваннем і быў сябрам «Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў». Працаваў вядучым аналітыкам службы падтрымкі ў «EPAM Systems».

«У дзяржавы логіка цяпер такая: вы апрыёры ўсе тэрарысты, мы да ўсіх прыйдзем, а потым разбярэмся, – распавядаў belsat.eu сябра Зельцара. – Андрэй ніколі б не забіў, каб проста забіць. Але ён мог даць адпор, так. Тут да яго нахабна ламіліся незразумела хто, і Андрэй быў бы не Андрэй, калі б не зрабіў так, як зрабіў».

Жонка Зельцара Марыя Успенская, якая прысутнічала пры страляніне, была затрыманая паводле падазрэння ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ. Цяпер яна знаходзіцца ў менскім СІЗА № 1.

Меркаваны супрацоўнік КДБ.
Фота: BYPOL

Чэкісту Дзмітрыю Федасюку таксама быў 31 год, у яго засталося 4-гадовае дзіця. Ён служыў у спецпадраздзяленні «Альфа», а ягоная маці кіраўніца аднаго з падраздзяленняў цэнтральнага апарату КДБ. Дзмітрый займаўся боксам, на службе меў пазыўны «Нірвана».

Пасля гібелі Федасюка была распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 139 («Забойства асобы ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў»). А вось забойства Зельцара ўлады адмовіліся лічыць злачынствам і прызналі дзеянні чэкістаў законнымі.

Трагедыю на вуліцы Якубоўскага ў Менску спецслужбы выкарысталі для ўзмацнення рэпрэсіяў: падчас маштабнай «зачысткі» былі затрыманыя каля 200 чалавек ва ўсёй краіне. Большасць з іх затрымлівалі ў межах арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці») Крымінальнага кодэксу. Таксама ўлады арыштавалі журналіста «Комсомольской правды в Беларуси» Генадзя Мажэйку і дамагліся закрыцця выдання.

Наступствы ранення

Павел Сібілёў.
Фота: Наша Ніва

Павел Сібілёў працаваў кіроўцам аўтобуса, 10 жніўня 2020 года яго параніла гранатай каля станцыі метро «Пушкінская». У медычных дакументах было пазначана: мінна-выбуховае раненне ў вобласці паясніцы, агнястрэльны пералом хрыбетак, множныя раненні левага пляча, удар нырак. У завядзенні крымінальнай справы ў выніку ранення Сібілёву адмовілі.

Пасля тых падзеяў Павел страціў здароўе, у яго выявілі анкалогію. Ён памёр 10 кастрычніка ва ўзросце 49 гадоў.

У Паўла засталося трое дзяцей. Самы малодшы сын сёлета пайшоў у першы клас.

Яшчэ адна смерць пасля Акрэсціна

ІЧУ на Акрэсціна.
Фота: Белсат

Жыхарка Менску Алена Амеліна памерла ва ўзросце 53 гадоў ад наступстваў каронавіруснай інфекцыі. Заразілася яна ў ізалятары на Акрэсціна, дзе ў верасні адбывала адміністратыўны арышт. Жанчына апынулася ў адной камеры з журналісткай «Нашай Нівы» Кацярынай Карпіцкай.

«Сукамерніца Алена, самая энергічная і бойкая з нас, памерла ад кароны. На Акрэсціна мы ўсё на яе хварэлі. Алене за адзін дзень стала вельмі блага, яна амаль трупам ляжала пад нарамі, мы прымушалі яе хоць нешта з’есці. Лячылася ўсё гэта парацэтамолам і, калі зусім чалавеку блага, антыбіётыкам. З ЦІП Алена адправілася на ШВЛ, і так і не выкараскалася», – згадвае журналістка Кацярына Карпіцкая.

Абноўлена
Узгадваем тых, чые смерці звязваюць з пратэстамі 2020 года. Што сёння кажуць следчыя і сваякі?
2021.05.11 14:00
Hавiны
Не менш як 15. Чые смерці ў Беларусі звязаныя з задушэннем пратэстаў
2021.05.26 19:55

Фота вокладкі: TК / Белсат

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў