Валер Сахашчык: Расейскае грамадзянства ніяк не паўплывае на мае абавязкі ў пераходным кабінеце


Валер Сахашчык пацвердзіў «Белсату» наяўнасць расейскага грамадзянства і адзначыў, што гэты факт ніяк не паўплывае на ягоны цяперашні статус і выкананне абавязкаў у складзе Аб’яднанага пераходнага кабінету.

Валерий Сахащик, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Валер Сахашчык, былы камандзір Берасцейскай дэсантна-штурмавой групы, на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

У тэлефоннай размове з карэспандэнтам «Белсату» Валер Сахашчык пацвердзіў, што атрымаў расейскае грамадзянства «аўтаматам» у 1992 годзе як вайсковец аднаго з падраздзяленняў у складзе Заходняй групы войскаў у Нямеччыне:

«Пасля распаду СССР усе вайскоўцы, хто там быў, аўтаматычна трапілі пад расейскую юрысдыкцыю, усім «аўтаматам» далі грамадзянства і выдалі пашпарты. Так атрымалася і са мною».

Што датычыць пытання «карыстаўся – не карыстаўся гэтым пашпартам», Сахашчык заўважыў, што гэта найперш ягоная асабістая справа. Але адзначыў, што некалькі разоў скарыстаў пашпарт для паездак у краіны Афрыкі, бо ў такім разе не патрэбныя былі візы:

«Хачу зазначыць, што не вельмі разумею, чаму гэта гісторыя «раздзімаецца» цяпер. Што з таго, што я маю пашпарт Расеі? Я адстойваю інтарэсы выключна Беларусі, толькі іх. Наяўнасць расейскага грамадзянства – чыстая фармальнасць, якая ніяк не паўплывае на выкананне ўзятых мною абавязкаў у складзе Абʼяднанага пераходнага кабінету. Пашпарт недзе ў Беларусі».

Пашпарт Сахашчыка захоўваўся ўдома ў Берасці. Магчыма, дакумент вынялі падчас ператрусу. Паводле фотаздымка, які атрымалі журналісты, у тым ліку рэдакцыя «Белсату», цяперашні пашпарт выдадзены ў 2012 годзе ў Калінінградзе. Там жа пазначаны адрас рэгістрацыі ўладальніка дакументу.

Валер Сахашчык стаўся першым вайсковым міністрам у пераходным кабінеце, пра які 9 жніўня абвясціла Святлана Ціханоўская. Ягоная афіцыйная пасада называецца «прадстаўнік кабінету ў справе абароны і нацыянальнай бяспекі».

АТ belsat.eu

Стужка навінаў