Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 13 верасня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 13 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Як паведамляе Генштаб ЗСУ, расейскія войскі працягваюць засяроджваць намаганні на спробах поўнай акупацыі Данецкай вобласці, утрымання часова захопленых тэрыторый і зрыву актыўных дзеянняў украінскіх войскаў на асобных участках. Расейцы працягваюць абстрэлы ўкраінскіх пазіцый на лініі судакранання, спрабуюць прыняць меры па перагрупоўцы войскаў на асобных кірунках, вядуць паветраную разведку. Захоўваецца пагроза варожых авіяцыйных і ракетных удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны.

За суткі агрэсар нанёс па абʼектах на тэрыторыі Украіны 2 ракетных, 8 авіяўдараў і 13 удараў з рэактыўных сістэм залпавага агню.

Паветраныя сілы Украіны заявілі, што за дзве гадзіны збілі два расійскія самалёты. З 14:00 да 16:00 па мясцовым часе, на поўдні і ўсходзе краіны ім удалося збіць адразу два расійскія ваенныя самалёты – бамбавік і штурмавік, а таксама адзін беспілотнік.

Украінская армія, таксама, паведаміла аб новых поспехах пад Херсонам – лінія фронту на поўдні прасунулася на 12 кіламетраў. ЗСУ абвясцілі аб вызваленні некалькіх населеных пунктаў, расейскае войска аб значных стратах на гэтым участку фронту не паведамляла і, наадварот, сцвярджае, што ўкраінскія сілы страцілі сотні чалавек забітымі і параненымі.

Працягваюцца баі ў Лімане – горадзе на мяжы Луганскай і Данецкай вобласці. Кіраўнік Луганскай вобласці Сяргей Гайдай чакае, што менавіта адтуль можа пачацца дэакупацыя Луганскай вобласці. Паводле яго слоў, у некаторых гарадах рэгіёну – у прыватнасці, Крамянной і Старабельску – ужо амаль няма расейскай прысутнасці.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў сцвярджае, што ў Крамлі не разглядаюць магчымасць масавай мабілізацыі Расеі. Заклікі абʼявіць яе гучаць у асяроддзі блогераў, якія падтрымліваюць уварванне ва Украіну, пасля няўдач расейскай арміі ў Харкаўскай вобласці.

У Кіеве падчас візіту 12-га генсека НАТА Андэрса Фог Расмусена прадставілі рэкамендацыі аб гарантыях бяспекі Украіны. Яны мяркуюць стварэнне Кіеўскага дагавора аб бяспецы, у рамках якога краіна атрымае падтрымку саюзнікаў-гарантаў – сярод іх могуць быць ЗША, краіны ЕЗ, Аўстралія, Турцыя і іншыя дзяржавы.

Стала вядома, што за час акупацыі Балакліі расейцы выкралі некалькі сотняў чалавек. Дзе яны, дасюль невядома. Пра гэта карэспандэнту «Вот Так», які пабываў у вызваленым горадзе, паведамілі мясцовыя жыхары. Яны распавялі і аб праблемах з харчамі ў час акупацыі. Расейцы толькі двойчы за месяц выдавалі гуманітарную дапамогу, а наяўныя грошы, каб схадзіць у краму, былі далёка не ўва ўсіх.

Па-ранейшаму незразумела, што ўсё ж такі адбылося з настаўнікамі, якія нібыта былі затрыманыя ў Харкаўскай вобласці пасля наступлення Украіны. Афіцыйнага пацверджання няма ні з украінскага, ні з расейскага бакоў. Расейскае Мінасветы ўвогуле заявіла, што такіх педагогаў у гэтым рэгіёне не было, а былі мясцовыя настаўнікі, якія пагадзіліся працаваць па расейскіх праграмах.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў