У Вільні прайшоў хакатон беларускіх культурніцкіх праектаў. Расказваем пра пераможцаў


Ва ўмовах рэпрэсіяў у Беларусі і масавай эміграцыі беларусаў у іншыя краіны востра паўстае пытанне: хто мы? Прасторныя светлыя памяшканні, за сталамі – актыўныя абмеркаванні, жывыя спрэчкі і засяроджванне ў ноўтбук. Беларусы з розных пунктаў свету аб’ядналіся на 48 гадзінаў онлайн і офлайн, каб разам прыдумаць і зрэалізаваць цікавыя ды амбітныя ідэі для развіцця беларускай культуры. Бо менавіта яна здольная адказаць на пастаўленае пытанне.

Першы хакатон лічбавых рашэнняў для беларускай культуры «Культурны код». Вільня, Літва. 10 верасня 2022 года.
Фота: Imaguru Startup HUB

У Вільні 10 і 11 верасня прайшоў першы хакатон праектаў для культуры Беларусі «Культурны код». Арганізатары – Беларуская рада культуры ды «Imaguru Startup HUB». У хакатоне ўзялі ўдзел больш за 90 асобаў: офлайн-марафон у прасторы «Imaguru» на два дні арганічна спалучыўся з онлайн-падлучэннем камандаў.

Арганізатары паставілі сабе за мэту зрэалізаваць важныя ідэі для беларускай культуры, мастацтва, спадчыны, якія патрабуюць тэхналагічнай абгорткі. Яны адзначаюць: гэты хакатон лічбавых рашэнняў стаўся бадай першым цалкам беларускамоўным з фокусам менавіта на беларускую культуру.

«Мы паспрабавалі навесці масты паміж IT, культурай і грамадствам. Толькі ў такой сінергіі можна рухацца наперад, ствараць новае. Калі такога руху не будзе, мы рызыкуем ператварыцца ў калонію, дзе нашую будучыню

будуць вызначаць чужыя людзі. Вядома, за 48 гадзінаў адбудаваць моцную інфраструктуру ў гэтым напрамку немагчыма, але хакатон стаўся першым крокам, каб запусціць працэс. Гэта выклік і эксперымент. Але Беларусь будзе жыць, пакуль будзе зыходзіць энергія ад усіх нас», – кажа кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.

Фота: Imaguru Startup HUB

Над праектамі на хакатоне працавалі 22 каманды, у якія ўваходзілі прадстаўнікі IT-сферы, культурніцкія менеджары, дызайнеры ды іншыя адмыслоўцы. Ім дапамагалі парадамі і кансультацыямі прафесійныя ментары. Напрыклад, стваральнік платформаў «Голас», «Digital Belarus», IT-прадпрымальнік Павел Лібер, IT-прадпрымальнік з экспертызай у блокчэйне і фінтэку Сяргей Казлоўскі, бізнес-аналітык і прадуктовы менеджар Ганна Хаменка ды іншыя.

Хтосьці працаваў над праектам онлайн-музею Вольнай Беларусі, хтосьці распрацоўваў праграму – гід цікавых месцаў Беларусі, якая стварае маршрут для карыстальніка і забяспечвае яго тэматычнымі падкастамі. Цікаваю падалася ідэя мабільнай праграмы – гульні для прыгатавання страваў і напояў беларускай кухні.

Дзевяць камандаў-пераможцаў працягнуць працу ў 3-месячным адукацыйным трэку, а на выхадзе маюць атрымацца паўнавартасныя жыццяздольныя праекты.

Фота: Imaguru Startup HUB

Якія ідэі перамаглі і якіх цікавінак нам чакаць?

«Varta» – партал у віртуальны свет беларускай культуры, які ўяўляе з сябе агрэгацыю на адной платформе 360-фотатураў з лакацыямі ў Беларусі і за мяжою, мэтасусветаў і 3D-выставаў. Дзякуючы платформе беларусы пазнаёмяцца з беларускім мастацтвам і здолеюць сачыць за культурніцкімі падзеямі з любога пункту свету. Прататып на прэзентацыі праекту сапраўды выглядаў вельмі цікава і годна.

З гэтым праектам вельмі пераклікаецца іншы – «Культурны слой Беларусі» (AR Metaverse), які ставіць на мэце зрабіць беларускую культуру дасяжнай у фізічнай прасторы Беларусі без дзяржаўнай цэнзуры. Памятаеце гульню «PokemonGo»? Каманда хоча стварыць праграму, якая, калі наводзіць тэлефон на той ці іншы аб’ект (помнік

архітэктуры, мурал і г. д.), будзе «ажыўляць» творы і дадаваць лічбавы змест. Арганізатары хакатону параілі камандам аб’яднаць высілкі і стварыць адзіны віртуальны свет беларускага мастацтва ды культуры. Выглядае і гучыць вельмі амбітна.

Адзначым вельмі прыгожы праект «Paparać». Гэта віртуальная прастора, дзе можна зрабіцца героем беларускіх традыцыяў. Праект будзе знаёміць карыстальнікаў з беларускімі абрадамі і міфалагічнымі істотамі. Створаны VR-сусвет будзе цалкам беларускамоўны з англійскімі субцітрамі – для прыцягнення замежнай аўдыторыі. «Нашая мэта – з дапамогаю сучасных тэхналогіяў паказаць глыбіню і багацце аўтэнтычнай беларускай гісторыі», – адзначыла каманда падчас прэзентацыі.

Фота: Imaguru Startup HUB

Праект «Belarusian Book Crossing» развязвае праблему абмену беларускімі кнігамі ва ўмовах эміграцыі ды закрыцця выдавецтваў. Праект прадугледжвае стварэнне сайту для кніжнага абмену з мапаю, дзе пазначана, у якіх гарадах і краінах якія кнігі ёсць, абменам паведамленнямі паміж удзельнікамі і г. д.

Праект «Нiшо» (жывая мова). Месца онлайн-збору і публікацыі новых беларускіх словаў і выразаў, дзе кожны носьбіт мовы можа дадаць слова ці выраз, яго тлумачэнне, а іншыя ўдзельнікі змогуць знайсці патрэбнае для сябе слова, ухваліць ці адхіліць прапанаванае вызначэнне ці дадаць сваё.

«Зубрык»: інтэрактыўная мабільная праграма для вывучэння беларускай мовы дзецьмі, найперш у эміграцыі. Дзякуючы дадатку можна будзе папаўняць слоўнікавы запас, карміць і гадаваць онлайн-зубраня.

Праект «Музычны бро» ставіць сабе за мэту архівізаваць і папулярызаваць беларускую музыку. Каманда плануе стварыць паўнавартасны тэлеграм-бот, які будзе раіць беларускую музыку (выканаўцаў і канкрэтныя песні) у залежнасці ад настрою ды густу карыстальніка.

Фота: Imaguru Startup HUB

«LegendMap» – мабільны дадатак-гід для ўдумлівых экскурсіяў па беларускіх гарадах. Галоўная ідэя – самаідэнтыфікацыя праз гісторыю, міфалогію і літаратуру, праз новы погляд на свой горад, яго гісторыю, падзеі.

Іншыя ідэі таксама не застануцца без увагі: на хакатоне склаліся каманды, гатовыя супрацоўнічаць. Удзельнікі перакананыя: супольнымі высілкамі беларусы самі могуць пабудаваць новую Беларусь. Пакуль толькі віртуальна, але калісьці гэта зробіцца рэальнасцю.

СП belsat.eu

Стужка навінаў