У Балакліі за час расейскай акупацыі сотні людзей зніклі без вестак


За час акупацыі Балакліі расейцы выкралі некалькі сотняў чалавек.Дзе яны, дасюль невядома. Пра гэта карэспандэнту «Вот Так», які пабываў у вызваленым горадзе, паведамілі мясцовыя жыхары. Яны распавялі і аб праблемах з харчамі ў час акупацыі. Расейцы толькі двойчы за месяц выдавалі гуманітарную дапамогу, а наяўныя грошы, каб схадзіць у краму, былі далёка не ўва ўсіх.

АД КАТАВАННЯЎ ДА КРАДЗЯЖУ ЎНІТАЗАЎ

Балаклійцы былі ў акупацыі з 2 сакавіка да 8 верасня. Прыход ЗСУ дачакалася толькі траціна з 27 тысячаў жыхароў гораду, падлічылі ўкраінскія ўлады. Шмат хто выехаў у Расею ці на падкантрольную Украіне тэрыторыю. Некаторых, як сцвярджаюць жыхары Балакліі, выкралі расейскія вайскоўцы:

«Груба кажучы, сотні 2-3 лёгка збярэцца, якія зніклі. Забітых шмат. У склепах трымалі, забівалі людзей, але целы не знойдзеныя. У мяне кум сядзеў у склепе. Яго катавалі, ён бачыў, як катавалі іншых. Яго білі па плячах, па нагах і па спіне друком. Іншага знаёмага білі электрашокам, як я разумею. Гэта ўсё рабілі расейцы», — расказаў для «Вот Так» Аляксандр.

У склепах, дзе катавалі людзей, на сценах засталіся плакаты з інфармацыяй пра «ўкраінскі нацызм». Сляды крыві, гумовыя пальчаткі, малаток, скотч і пластыкавыя хамуты, якія, імаверна, выкарыстоўваліся як кайданкі, паведаміў украінскі вайсковы карэспандэнт Андрэй Цапліенка. Праваахоўнікі пакуль не заяўлялі пра катаванні і выкраданні жыхароў Балакліі падчас акупацыі.

Жыхар Балакліі на фоне разбуранай расейскай вайсковай тэхнікі. Харкаўская вобласць, Украіна. 10 верасня 2022 года.
Фота: Juan Barreto / AFP

Акрамя рэпрэсіяў супраць балаклійцаў расейцы займаліся марадзёрствам, адзначае мясцовы жыхар Аляксандр. Адзін з такіх эпізодаў здарыўся ў сакавіку:

«Прыйшлі салдаты, адкруцілі, знялі ўнітаз і пайшлі. Усё. Людзі былі ў шоку і рагаталі. Адчынілі дом у суседзяў. Вынеслі цалкам усё. Аж да навалачак, майтак. Проста «КАМАЗ» пад’язджае – і ўсё ў машыну».

Чалавек у варонцы ад выбуху ракеты каля жылога дому ў Балакліі, Украіна. 10 верасня 2022 года.
Фота: «Вот Так»

ДЗВЕ БЛЯШАНКІ ТУШОНКІ НА ЧАЛАВЕКА

Жыхарам Балакліі, якія засталіся ў акупацыі, Расея прапаноўвала аднаразовую выплату – 10 тысячаў рублёў, а таксама пенсію. Пры гэтым атрымліваць украінскія сацыяльныя выплаты было немагчыма, сказала «Вот Так» пенсіянерка з Балакліі. Двойчы за месяц расейцы прывозілі ў горад гуманітарную дапамогу, а ўкраінскіх валанцёраў на акупаваную тэрыторыю не прапускалі:

«Два разы за месяц давалі на аднаго чалавека дзве бляшанкі тушонкі, дзве бляшанкі кансервы, часам дзве бляшанкі згушчонкі, рыс і грэчку. Шэсць месяцаў мы былі без грошай. Грошаў [выплатаў], якія былі на тэрыторыі Украіны, мы атрымаць не маглі. Я атрымлівала пенсію праз «Укрпошту», пошта не працавала. Ежа прадавалася і за грыўні, і за рублі, але грошай не было».

Днямі ў Балаклею прывезлі першыя гуманітарныя грузы з лекамі і прадуктамі. Сёння была адноўленая мабільная сувязь, але па-ранейшаму няма святла і вады, заявіла сакратарка Балаклійскага гарсвятла Аксана Бондар. На аднаўленне камунікацыяў можа спатрэбіцца ад аднаго да двух тыдняў.

КОНТРНАСТУП ЗСУ

Калі ў Балаклію вярнулася ўкраінская ўлада, Дзяржаўнае бюро расследаванняў пачало фільтрацыю: праваахоўнікі шукаюць памагатых расейцаў і дыверсантаў, якія маглі застацца ў горадзе. Ужо ўдалося затрымаць начальніка акупацыйнай паліцыі, які спрабаваў уцячы на тэрыторыю «ЛДНР».

Балаклія, Украіна. 10 верасня 2022 года.
Фота: «Вот Так»

У размове з карэспандэнтам «Вот Так» пенсіянерка з Балакліі пацвердзіла, што сярод мясцовых жыхароў хапала тых, хто супрацоўнічаў з расейцамі падчас акупацыі. Нават пасля вызвалення засталіся людзі настроеныя па-прарасейску. Жанчына тлумачыць гэта асаблівасцямі геаграфіі: Харкаўская вобласць мяжуе з РФ. Аднак пенсіянерка падкрэслівае, што мноства гараджанаў чакала вяртання Украіны.

ЗСУ вызвалілі Балаклію ды яшчэ некалькі дзясяткаў мясцовасцяў у хадзе контрнаступу, які пачаўся 6 верасня. Пад кантролем Расеі засталася невялікая частка Харкаўскай вобласці на ўсходнім беразе ракі Аскол, з найбуйнейшаю там мясцовасцю Баравая, дзе да вайны колькасць насельніцтва складала 5,5 тысячы жыхароў. Усе гарады Харкаўскай вобласці ЗСУ дэакупавалі.

Па рацэ Аскол, верагодна, будзе праходзіць новая лінія фронту. Дарадца Офісу прэзідэнта Аляксей Арэстовіч заявіў, што цяпер украінскія войскі засяродзяцца на замацаванні вынікаў контрнаступу і баях за заняцце больш выгадных рубяжоў.

Расейскае камандаванне адступленне з Харкаўскай вобласці назвала перагрупаваннем войскаў для нарошчвання намаганняў на данецкім кірунку. Шмат якія вайсковыя эксперты падкрэслівалі, што сыход з Харкаўскай вобласці, наадварот, ускладніць расейскай арміі наступ на паўночны Данбас.

Hавiны
Контрнаступ ударыў па маралі расейцаў. Што адбываецца ва Украіне 13 верасня
2022.09.13 11:00

Максім Шылін / АА «Вот Так»

Стужка навінаў