Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 13 верасня


«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу, за 13 верасня.

Сяргея Ціханоўскага ўтрымліваюць у СІЗА больш за тры тыдні, паведамляе тэлеграм-канал «Турма для жыцця». Ён з 19 жніўня бесперапынна знаходзіцца ў штрафным ізалятары жодзінскай турмы. Ціханоўскі фактычна пазбаўлены нармальнага сну, у камеры вельмі холадна і цёмна, палітвязню забаронена карыстацца асабістымі рэчамі, кнігамі, ён не атрымлівае лісты і газеты.

Артыкулы
Сяргея Ціханоўскага этапавалі ў жодзінскую турму і кінулі ў ШІЗА
2022.08.28 15:56

Праваабаронец з Мазыра Уладзімір Целяпун адседзеў 10 сутак арышту і выйшаў на волю, піша «Вясна» . Яго затрымалі пасля ператрусу 3 верасня ў сябе дома ў Мазыры і затым асудзілі. Супраць Уладзіміра склалі агулам тры пратаколы па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Усё гэта – за рэпосты ў сацсетках з рэгіянальнага праваабарончага сайта «Палеская Вясна».

Увечары 12 верасня ў Гомлі быў затрыманы журналіст-фрылансер Яўген Меркіс. Паводле інфармацыі «Флагшток», ён вяртаўся дадому з асвятлення акцыі пратэсту супраць несумленных выбараў. Міліцыя чакала яго на ўваходзе дадому. Як паведаміла сяброўка журналіста Марына Драбышэўская, фармальнай прычынай затрымання журналіста стаў артыкул адміністратыўнага кодэксу 23.34 (дробнае хуліганства). Суд мае адбыцца сёння ў судзе Савецкага раёнау ці па месцу затрымання ў РАУСе.

13 верасня быў затрыманы кандыдат гістарычных навук Яўген Гурынаў. Як паведамляе «Наша Ніва», на яго заведзена крымінальная справа за ўдзел у пратэстах.Апошнія гады Гурынаў працаваў каардынатарам праектаў фонду развіцця і падтрымкі арменазнаўчых даследаванняў «Анів». Сярод апошніх праектаў фонду ў Беларусі – кніга «Ваяры-армяне ў баях за Беларусь (1941-1944)». За ўдзел у праекце Яўгена і іншых удзельнікаў узнагародзілі медалём «Маршал Баграмян», адной з найбольш пачэсных узнагарод Арменіі.

У Полацку затрыманы Віктар Стукаў. Як стала вядома праваабаронцам, Віктара забралі адбываць не адбытыя 15 сутак. Па інфармацыі «Вясны», суд над ім адбыўся яшчэ ў красавіку мінулага году. Яго асудзілі па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за рэпост у Фэйсбуку роліка «Белсат TV». Па словах міліцыянтаў, на «суткі» Віктара забралі толькі сёння, бо раней не маглі яго знайсці – амаль год.

У Горадні ліквідуюць «Польску Мацеж Школьну» – адну з найстарэйшых польскіх арганізацый у Беларусі. Polska Macierz Szkolna займаецца адукацыяй, яе школа ў Горадні на вуліцы Гараднічанскай была адной з самых вялікіх польскіх грамадскіх школ у свеце. Пра ліквідацыю арганізацыі паведамляе тэлеграм-канал «Право имеют»Рашэнне пра ліквідацыю Вярхоўны суд можа прыняць з дня на дзень, нягледзячы на тое, што на гэтым тыдні пры «Польскай Мацежы школьнай» павінен быў пачацца новы навучальны год.

Блогер Аляксей Бондар, вядомы як LexMask, выйшаў на волю  – у сваім Instagram ён апублікаваў фота з рэстарацыі з подпісам «за добрыя паводзіны адпусцілі ў «МакДоналдс». Але воля ў дадзеным выпадку абмежаваная: Бондара адпусцілі пасля таго, як асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі» (абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). У чым яго прызналі вінаватым, невядома.

АТ belsat.eu

Стужка навінаў