Папулярны амерыканскі тэлевядоўца стаў прадаваць плюшавых мядзведзікаў у падтрымку Беларусі


Грошы з акцыі, што адсылае да «плюшавага дэсанту» 2012 года, пойдуць арганізацыям, якія змагаюцца за свабоду прэсы і правы чалавека ў Беларусі.

На амерыканскім платным канале HBO расказалі пра сітуацыю ў Беларусі – ёй быў прысвечаны 20-хвілінны эпізод перадачы «Last Week Tonight» з вядоўцам Джонам Оліверам. Відэа апублікавалі на Youtube 13 верасня, паказалі амерыканскім гледачам вечарам 12-га.

Олівер расказаў пра вынікі выбараў 2020 года і Святлану Ціханоўскую, выказаў сумненні ў тым, што Аляксандр Лукашэнка мог не згубіць папулярнасць за амаль тры дзясяткі гадоў ва ўладзе, згадаў катаванні палітвязняў і знікненні апанентаў Лукашэнкі, захоп самалёта з апазіцыйным журналістам Раманам Пратасевічам і візіт у Беларусь амерыканскага актора Стывена Сігала, якога Лукашэнка ў 2016 годзе частаваў морквай.

Асабліва Олівера ўразіў «плюшавы дэсант» 2012 года – акцыя чатырох шведаў, якія з самалёта скідвалі на Менск і Івянец плюшавых мядзведзікаў з транспарантамі ў падтрымку свабоды слова. Олівер у жарт абурыўся, што чалавецтва не скідвае плюшавых мядзведзікаў з самалётаў проста так – каб зрабіць свет лепшым.

Ды Олівер не жартаваў, калі абвясціў, што будзе прадаваць плюшавых мядзведзікаў у падтрымку Беларусі. На сайце Belarusbearforce.com сапраўды можна замовіць за 20 долараў плюшавага мядзведзіка ў цішотцы з малюнкам, на якім дзве бульбіны і морква складаюцца ў штосьці, што, лічыць Олівер, могуць палічыць непрыстойным. Усе выручаныя грошы абяцаюць аддаць арганізацыям, якія змагаюцца за свабоду прэсы і правы чалавека ў Беларусі. Гэтую акцыю ладзяць у партнёрстве з дабрачыннай платформай «GlobalGiving». Партыя абмежаваная, мядзведзікаў толькі 10 тысяч.

«Калі ёсць адзіная рэч, пра якую мы ведаем, што ён яе ненавідзіць (акрамя геяў, габрэяў, ягонай лысай галавы і любога, хто з ім нязгодны), дык гэта плюшавыя мішкі, – казаў Олівер. – Бо чаму б не? Паглядзіце на іх, яны ж усё, чым ён не з’яўляецца: яны мілыя і пакрытыя тоўстым натуральным валоссем».

«Last Week Tonight» – сапраўды папулярнае шоў, кожны выпуск якога набірае мільёны праглядаў на HBO і ў дадатак мільёны на Youtube. Кажуць нават пра «эфект Джона Олівера» – яго перадачы часам уплываюць на падзеі ў рэальным свеце.

АА belsat.eu

Стужка навінаў